Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

– Зброю, міл-свет Юрый Аляксандравіч, трэба даглядаць толькі самому. Гэта адзіная машына, годная двараніна. Масла для зброі – арыстакрат сярод маслаў для ўсіх машын... Толькі самому. Мой сябра аднойчы загінуў з-за таго, што крэмень у дуэльным пісталеце быў тлусты... Нават не брудны, проста тлусты, ад пальцаў.Гораў глядзеў, як пальцы Пора-Леановіча з незвычайнай пяшчотай мацалі сталь, і здзіўляўся, чаму нешматслоўны, заўсёды іранічны калега сягоння такі гаваркі, быццам баіцца пакінуць язык хоць на хвіліну без працы.А Леановіч ужо скончыў з пісталетамі, паклаў іх у футляр і сеў да засланага стала.– Сёння я нап’юся, – вельмі сур’ёзна сказаў ён.Юрый сеў за стол з другога боку. Ён толькі прыгубіў першую чарку: піць не хацелася.Спякота за акном стала, відаць, зусім нясцерпнай. Грозны Дняпро ледзь рухаў у разамлелых берагах цяжкія, як расплаўленае волава, плыні. Пярун бурчаў ужо зусім блізка, замрэяна, амаль без перапынку.Гэта чаканне жахлівага, разлітае ў знемагаючай прыродзе, гняло нервы. Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць. Яна цякла павольна, нараджаючы панура-злосныя, амаль ліхаманкавыя думкі. I Леановіч да таго ж ляскаў чарку за чаркай, як быццам жадаў што б там ні было выканаць свой добры намер: напіцца да моцы божай.Уважаючы на сённяшні настрой Леановіча, ад гэтай “моцы божай” можна было чакаць чагось цікавага. I таму Гораў бадай не здзівіўся, калі Пора-Леановіч раптам адсунуў чарку.– Вайна называецца, – з лютай весялосцю сказаў ён. – Сумна, Юрачка. Мне б тады ваяваць, калі рабавалі, за косы валілі пад сябе дзяўчат. А тут замест усяго гэтага – капеечны віст і бацькоўскае пасячэнне пейзанаў. Абас... мы з расійскай гісторыяй.Проста перад сабою, на фоне акна, Гораў бачыў яго сілуэт, рэзкі, прыгожы профіль з прамым носам і ссунутымі бровамі.– Ты кажаш “людзі”, – сказаў Леановіч, хоць Гораў нічога не казаў. – Вось калі не ўходаюць цябе мае суайчыннікі і ты дажывеш да нейкага там часу, – ты ўбачыш дажджы Леанід. Гэта зорны дождж. Зямля пападае ў яго кожныя трыццаць тры гады. I тады лятуць Леаніды. Зялёныя. Фасфарычныя. Быццам пан-бог, здзяцінеўшы, шморгае тысячамі западак і глядзіць, ці ўсё яшчэ людзі льюць кроў... Так яны лятуць тысячагоддзі. I кожны раз, як прылятаюць, бачаць на зямлі тое самае: п’юць кроў, гвалцяць, круцяць хвастом добрыя людзі.За акном – Юрый з трывогай сачыў за гэтым – хмары пачалі наплываць аднекуль і зацягваць неба. Яны накіпалі з амаль неверагоднай хуткасцю, грувасціліся адна на адну, пасоўваючыся туды, да Дняпра, у бок горада, дзе вісела яшчэ бялёсая смуга на невялічкім лапіку блакітнага неба.Задуха стала нясцерпнай. I нясцерпным стала чаканне.Толькі Леановіч, здавалася, не адчуваў нічога. Яго нахабныя і страшныя вочы гарэлі вясёлым шаленствам. I Гораў, успомніўшы яго сённяшнюю забаўку, зразумеў, што чалавек, які сядзіць насупраць яго, – страшны чалавек, вельмі небяспечны чалавек, драпежнік, у якога, пэўна, зусім няма ў душы месца для так званых пакут сумлення.Леановіч торкнуў пальцам у адзін з лубкоў.– Мы вось... як гэтыя тры татарыны. Адзін татарын – Філька (так ён зваў генерала Фікельмонта), другі татарын – я, а трэці – вы, вельмі шаноўны Юрый Аляксандравіч... Дзелім цноту прыдняпроўскай зямлі. Занятак з сэнсам. Таму што яна пад каго толькі не клалася. I выяўляецца, што ўсё гэта па меншай меры непатрэбна-с.I тут пачалося. За акном раптам сцямнела. Шалёная віхура праляцела дваром, задзёрла шынель на галаву вартавому, схіліла на страху стайні чорную вольху, і тая затрапятала, сагнуўшыся ў дугу.