Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

– То, пэўна, я сядзеў у Вайвадса.– Ну як жа... у Ванвадса. Нягоднік твой Вайвадс. Збівае цябе з панталыку.Грынкевіч упершыню выйшаў з сябе. Узяў Марыю за запясце і сціснуў руку:– Ты не руш Яніса. Ён добры друг. Не руш яго, калі хочаш быць мне другам.– Балюча, – сказала яна. – Ты што, забыў? Андрэй адпусціў яе.– Ты меў сустрэчу з кімсьці, з нейкай жанчынай. На цябе глядзяць усе жанчыны. Мне брыдка.– Марыя, – умольна сказаў Андрэй, – ты не горш за мяне ведаеш, што я не свіння. Я. быў з табою. Толькі з табою. Сорам табе казаць такое. Я не кахаю, але я вельмі добра стаўлюся да цябе. I я не хацеў бы гэтым засмучаць цябе.Жанчына прыкусіла губу:– У мяне неўроз сэрца ад кахання. А ты... Божа мой. Я ўпершыню адчуваю сілу кахання і рэўнасці. Мне жыцця не хопіць для кахання. Я баюся, што цябе ў мяне адбяруць. Я ўсё аддала табе. Я да цябе стаўлюся вельмі сумленна.Яна казала гэта, напэўна, амаль шчыра, але манера вымаўляць словы была вельмі тэатральнай. Бываюць людзі, у шчырасць якіх менавіта з-за гэтага нельга паверыць.Грынкевіч узяў яе пад бараду і павярнуў да сябе.– Ты толькі дарэмна мучыш сябе, Маша. Нічога такога няма. I не будзе. Табе проста падабалася спачатку, што я так смешна апраўдваюся. А цяпер ты прывыкла. Ты проста катуеш мяне гэтымі вечнымі падазрэннямі. Я цяпер нават думаю, што, калі я ажанюся, ты ператворыш маё жыццё ў пекла. А я хачу жыць. У жыцці і без кахання досыць многа добрага.Яна раптам ударыла кулачком па камлі маладзенькай бярозкі. Воблачка снегу асыпалася з галін, укрыла ім плечы, іскрамі заззяла ў яе валасах.Але яшчэ больш заззялі яе вочы:– Ну вядома, цяпер яшчэ і гэта. Шукаеш прычыны, каб пазбавіцца ад мяне? О, вядома! Я гэта даўно заўважыла!– Марыя, – пакутліва прамычаў Андрэй, – ну нашто ты так. Дарэмна ж гэта ўсё. Хто на мяне паглядзіць?– Маўчы, – амаль віскнула яна. – Хлусня ўсё. Грынкевіч уздыхнуў.– Як мне ўсё гэта абрыдла, – сказаў ён. – Ведаеш, яшчэ дзве такія сцэны, і я сапраўды завяду сабе другую. Каб хоць недарэмна падазравалі..– Добра, – сказала яна, – я, здаецца, зраблю такі самы ўчынак.Знерваваны да апошняга, Андрэй рэзка павярнуўся і накіраваўся прэч ад яе, да маленькага будынка курсаў, які стаяў у глыбіні двара, непадалёк ад ампірнага дома інстытута.Завярнуўшы за рог будыніны, ён злосна плюнуў і ўпершыню падумаў, што, бадай, сапраўды думка аб шлюбе – лухта і што, калі Марыя будзе і далей катаваць яго рэўнасцю, – трэба канчаць.З гэтай думкай ён таргануў дзверы, падняўся па сходах на другі паверх і на хвіліну спыніўся перад уваходам, адчуваючы, што спазніўся.Верх вялізнага акна на пляцоўцы быў вітражны: нейкія дэкадэнцкія лілеі, сітнягі, яблыкі, качкі ў палёце. Каляровыя плямы святла ляжалі на фігуры Андрэя.Бадай, не варта было заходзіць. Але ў скверыку перад інстытутам была Марыя, а бачыць яе зараз было горш за смерць.I ён ірвануў дзверы.У вялікім пакоі для адпачынку стаяў пах тытунёвага дыму. Прыбіральшчыца выкідвала з попельніц недакуркі ў вядро.Грынкевіч павесіў паліто на вешалку і толькі пачаў прычэсвацца, як з канцылярыі выглянула Галіна Іванаўна, завуч. З камічным непакоем пляснула далонямі:– Андрэйка, ты што ж гэта сабе думаеш? Лекцыя пяць хвілін як пачалася. Якая нядобрасумленнасць. Сорам, і яшчэ раз сорам.Яна была толькі трошкі старэйшая за яго, надта зграбная, цёмнавалосая і цемнавокая, з вельмі добрым і здаровым румянцам на шчоках.