Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Фактычна рымлянін пазбаўлены права голасу. Ён не прыйшоў на форум, а апафеоз Цэзара ўсё адно адбыўся. Рымлянін пакінуты самому сабе. Яму застаецца толькі барацьба за існаванне, напружаная і ўтрапёная.Яны ўмелі жыць і будаваць. Іхнімі мастамі людзі карыстаюцца і зараз, іхнія акведукі і дагэтуль даюць ваду. I ў гэтых умовах ідэальнай рэгламентацыі жыцця кожнага чалавека рымлянін быў цалкам адзін. Да бога яго вёў толькі рытуал. Ды і што гэта былі за багі: бог удачы, бог шчаслівага выпадку. Фактычна яны былі атэісты.I нават у сваіх камедыях яны адвучыліся ўздымаць вялікія праблемы. Дробныя пачуццейкі. Дробязнае, вартае жалю, абывацельскае. На тварах статуй, калі яны не афіцыйныя, – самота, разгубленая ўзрушанасць, неўраўнаважанасць.I поруч з гэтым – аркі, пад якімі не праходзіць войска, якія існуюць толькі для прапаганды. I поруч з гэтым будынкі, якія ўражаюць не высакароднасцю прапорцый, а памерамі. А. поруч з гэтым ваўчыха, Этрурыя, адлітая з бронзы ваўчыха, якая стала сімвалам Рыма, жорсткага, ненасытнага і прагнага.– Волчица, ты их вскормила, – не вытрымаў Андрэй.– Так, – сказала яна, – ваша праўда.Волчица, ты их вскормила, Ты помнишь ли их, когда, Рыча от бранного пыла,Сжигали они города.У гэтую хвіліну зазвінеў званок. Успыхнула святло, прымусіўшы Грынкевіча на хвіліну заплюшчыць вочы.Калі ён глянуў, жанчына стаяла ля стала з дыяпазітывамі, перабірала іх.Андрэй па голасу ўяўляў яе зусім не такой. Невялічкага росту, яна была вельмі худзенькая, але так падабраная, што нагадвала яму балерыну.Можа, гэтаму ўражанню дапамагала і клятчастая спадніца званочкам, і шэрая кофтачка з нейкага там нейлону.Вельмі худзенькая, як дзіцятка. Але вось пераступіла з нагі на нагу, адкінула непакорлівыя валасы няўлоўным рухам, і гэты жэст выявіўся споўненым такой прыгажосцю кожнага руху, што лёгка і весела стала глядзець на яе.Звычайны твар. Мяккія шэрыя вочы пад зламанымі бровамі, густыя вейкі. Валасы попельна-залацістыя, сабраныя на патыліцы ў вялізны вузел. I растрапаныя злёгку, аніяк не хочуць ляжаць у прычосцы.Такая растрэпка!Велікаваты, усмешлівы рот. Вось глянула на Андрэя, усміхнулася. Зубы не вельмі добрыя, але ўсмешка ўсё адно такая, што аж святлей стала.Вельмі прыгожыя ногі, вельмі прыгожыя рухі. I ўсё гарманічна – хоць малюй. Андрэй не заўважыў, што вочы, нягледзячы на ўсмешку, насцярожаныя. Проста яму стала весела: вось і яшчэ адзін добры і разумны, відаць, гарманічны чалавек стаў на шляху.Пушыстая, як галінка вярбы з коцікамі.I ён шырока ўсміхнуўся. Яна ўсміхнулася ў адказ.– Што ж гэта наш такі добры знаўца паэзіі не ходзіць на лекцыі па мастацтву? Грынкевіч пашкроб патыліцу:– Ды я думаў, што вы зусім не такая.– А якая?– Ды я думаў, што вы чытаеце аб уплыве рускага флоту на рост грыбоў, – шчыра прызнаўся ён. Яна засмяялася. Грудным, цёплым кантральта.– Ну і як цяпер?– Цяпер буду хадзіць. Абавязкова.– Спадабалася хоць трошкі? – Лекцыя з думкай. І з пачуццём.– Ну, і то добра. Калі ласка. Рада буду вас бачыць.Андрэй выйшаў у калідор. Закурыў. Вось, здаецца, і нічога не адбылося, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі. Добра стала жыць.Марыя стаяла ля акна і нервова курыла. Калі ён падышоў бліжэй, – скамечыла муштук папяросы, ружовы ад губ, і кінула ў попельніцу.– Ты прабач, – сказала яна, не ўздымаючы павек, – я пагарачылася. Вядома, ні з кім ты не быў. Проста я дурное, раўнівае дзяўчо. Не злуйся. Проста я вельмі-вельмі цябе кахаю.