Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

I аднойчы выбухнуў мільёнамі салатных пупышак Цвярскі бульвар. Нават тут, у гэтай цёмнай аўдыторыі, Андрэй адчуваў, як за парцьерамі, што завесілі вокны, сваволіць і бяжыць між дрэў, уздымаючы лёгкі зялёны пылок, гарэзлівы вецер.Вельмі хацелася кудысьці ў пушчу, дзе лазорава сінеюць беларускія пралескі, дзе ў нетрах такуюць цецерукі. Сядзенне ў аўдыторыі было б зусім нясцерпным, каб не Яніс, які соп поруч, з некаторым здзіўленнем разглядаючы “Данаю” Рэмбранта, ды не мяккі грудны голас, які гучаў у цемры.Пасля таго, аб чым ён даведаўся ў маці, Андрэю было неяк асабліва добра слухаць гэты голас. I зусім не хацелася ні аб чым пытаць Гораву – а раптам яна нічога не ведае, а раптам гэта толькі супадзенне. Няхай сабе нічога не ведае.Яна зусім не падабалася яму як жанчына. Але аднойчы ён на хвіліну даў сабе волю і спытаў, а што б ён, Андрэй, адчуў, каб яна знікла. I шчыра адказаў сам сабе, што гэта было б дрэнна. Непрыкметна ён проста прызвычаіўся, што кожны тыдзень будзе бачыць яе, чуць яе голас, сачыць за ходам яе думкі, смяяцца з яе жартаў.Ён разумеў, што яе лекцыі не проста лекцыі, што гэта яшчэ і нейкі новы, пакуль мала зразумелы для яго, погляд на жыццё, на яго колеры і гукі, на чалавечыя пачуцці, на мастака і мастацтва.I яму зусім не хацелася згубіць гэтую крыніцу. Ён ведаў, што кожнага чалавека, які сустрэўся з табою па дарозе і ідзе ў той самы бок, што і ты, – трэба вельмі-вельмі берагчы і не губляць з вачэй.– Ты аб чым задумаўся, – шгурхнуў яго Яніс і пажартаваў, – слухай, пра генія размова ідзе. Пра цябе.– Ціпун табе на язык, – шапнуў Андрэй, – я пакуль мошчамі быць не збіраюся. Голас у цемры стаў іранічным:– Зноў магутна прадстаўленая Беларусь размовы вядзе?– Прабачце, – сказаў Андрэй, – Яніс кажа, што “Цыганка” Хальса вельмі падобная на яго жонку. Адчувальны штуршок пад рэбры:– Свіння.– Зайздрошчу ,– сказала яна, – вы, Вайвадс, з самага пачатку лекцыі думаеце пра гэта?– Ён хлусіць, – забурчаў Яніс, – ён проста сказаў, што не хоча быць геніем.– Супакойцеся, – сказала яна, – гэта небяспека, здаецца, нікому з вас не пагражае.– З’еў? – спытаў шэптам Вайвадс. А голас гучаў зноў. I Андрэй паступова зноў забываў аб вясне, паглыбляючыся ў яго мяккія хвалі.– Саскія штурхнула Рэмбранта на той шлях, па якім ён пайшоў пасля яе смерці. Да гэтага пералому яго любілі ўсе, ён ледзь спраўляўся з заказамі, у яго было трыццаць вучняў... Але толькі ў апошнія гады жыцця з ёю, а асабліва пасля яе смерці ён зразумеў, што бюргеры хочуць золата і мармуровых калон, хочуць карцін, якія прыемна казычуць нервы, а перад ім другі шлях – выяўленне ўнутранага жыцця чалавека. I на гэтым шляху ён адзін... Прымірэння не было.Андрэй раптам убачыў, што яна ўзяла нешта з сумачкі, паднесла да вуснаў і глытнула. Потым, пасля паўзы, казала далей голасам, які стаў трохі больш глухім:– Спыніцца на шляху ён не мог. I з гэтай хвіліны карцінам яго было суджана заставацца з ім да смерці... I гэта пасля славы.Яніс, які ўсё яшчэ не мог забыць крыўды, нахіліўся да вуха Андрэя:– Гэта пра цябе, – з’едліва сказаў ён.– Вершы застануцца з табой.– Сціхні, бандыт, – сказаў Андрэй.– I першай з гэтых новых карцін стаў “Начны дазор”. Ні сучаснікі, ні мы не здолелі зразумець, што малюе на ёй мастак.Проста на Андрэя рухаўся знаёмы з дзяцінства натоўп. I сярод гэтага натоўпу схілялася светлая фігура дзяўчынкі з пеўнем у руках.