Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Шаленства пераднавальнічнага ветру не скончылася на гэтым. Ён вырашыў, відаць, наведацца ў госці да людзей у хаце. Раптоўна грукнулі. дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы, дзьмухнула ў чалеснікі, задзёрла па дарозе абрус, ледзь не сарвала яго са стала разам з наедкам і вылецела ў комін, сказаўшы выразным фальцэтам:– Аоў.Гораў убачыў у акно, як гэты парыў проймы выкінуў з напаўразбуранага коміна галчынае гняздо і пагнаў яго, як кола, па пыльнай траве.– Сымон, чортаў сын, – крыкнуў Гораў, – каглу забыў зачыніць.

I сам кінуўся да печы, зачыніў каглу, падторкнуў яе анучай.Сымон скочыў у хату як апантаны, паправіў абрус, зачыніў дзверы, шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай.Гораў убачыў, што Леановіч сядзіць, успёршыся скронню на кулак, вельмі бледны, з заплюшчанымі вачыма. Вусны яго варухнуліся: Стаіць певень над кручаю, – Заторкнута с... анучаю.I растлумачыў:– Разгадка гэтай загадкі – “кагла”. Катэхізіс народнай мудрасці ўвесь складаецца з такіх выслоўяў. Гораў убачыў, што Сымон задаволена хмыкнуў.– Ідзіце, Сымон, – сказаў ён, гледзячы ў акно. Сымон выйшаў. Гораў павярнуўся да субяседніка і з дакорам сказаў:– Як вам не сорамна. Пры салдаце паказалі сябе дурнейшым за яго. Аблаялі народ. Вы ж беларус. Старога роду.Па шчоках Леановіча папаўзлі чырвоныя плямы. I раптам ён зацікаўлена спытаў у Горава:– Што мне, есці гэта? I што такое, наогул, беларус? Каго тут не было? Немцы былі, палякі былі, літва была. I раптам... бе-ла-рус. Сеў сабе з дурной мордай і – сікась-накась – пальцам у носе калупае...

Пры апошніх словах зрэнкі Леановіча папаўзлі да пераносся. Твар стаў такі дурны, што Гораў са сваім легкаважным і вясёлым характарам не вытрымаў, засмяяўся. – Няма нічога смешнага, – вызверыўся Леановіч. – I ў вас і ў нас адна хвароба. Усю сваю гісторыю мы задніцай думалі. I наконт будучага ў гэтым сэнсе я аптымістам быць не магу... Чаго ад нас чакаць? Святаслаў забі Яраслава, Яраслаў забі Ізяслава, Ізяслаў забі Святаполка, а Святаполк коцнуў Барыса ды яшчэ і Глеба... туды ж яго матары. А тыя да пакутніцкай канчыны ўходалі двух братоў і трох сватоў і за гэта хрысталюбівай праваслаўнай царквою прылічаны да хеўры святых...Вераб’іная ноч за акном ужо ўступіла ў свае правы. Неяк вельмі хутка. Дождж сцябаў так, што, здавалася, паветра было менш, чым вады. Маланкі крэслілі неба. Так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім непатрэбным. У сінім агні бліскавіц Гораў бачыў мярцвяны твар, пакрыты кропелькамі поту.– I заўсёды на наш вялікі народ палка знойдзецца, часцей за ўсё чужая. Цар, псар – гэта нам усё адно, абы кумпякі магутныя былі, ды барада венікам, ды вусы пажахлівей. I ўжо тут мы ў вернападданасці сваёй усяго яго абліжам, аж да цяжкага гузна. Іх вялікасць у ложы сядзяць, гімн, створаны вялікім паэтам, яму спяваюць, а бараны ў лікаванні да яго ўсім натоўпам кідаюцца... А блакітныя мундзіры іх – па мордзе, па мордзе: “Сядзіце на нумарных месцах. Чорт вас ведае, а раптам у вас гармата ў каго ў кішэні...” А ў тых па мордах і юшка цячэ, і слёзы замілавання. I не разбярэш, чаго яны галосяць – ці ад болю, ці ад захаплення... А назаўтра – “За цара, за веру, з намі бог! Бязбожныя французішкі караля свайго да смерці забілі. Бі іх, пакуль смяротнай ікаўкай не загікаюць”. Патрыятызм.Юрыю і шкада было гэтага чалавека, і абурэнне разбірала. I ўсё ж згадзіцца з ім было нельга. Гэта азначала, што ўвесь ягоны свет: універсітэт, дзе прафесары чыталі пра мікракосм, Nadine, якая захапляецца Тургеневым, чынны, велічны, дзяржаўны спакой Неўскай набярэжнай, маці, якая просіць аб веры для сына і хрысціцца з любоўю на крыж Міколы на Курыных ножках, – усё мана, усё міраж.