Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

– Дзякуй вам, Ірына Сяргееўна, – чамусьці ціха сказаў ён.– Вам спадабалася? Я рада гэтаму. Вельмі.– “Спадабалася” не тое слова. Разумееце, у кожнага бываюць свае сполахі. I часам прыходзіць хвіліна, калі здаецца, што ты нічога больш не можаш, што хоць пяро з’еш, атрымаецца лухта... I гэта, сапраўды, пасля вялікіх страт.Ён бачыў яе апушчаныя павекі з цёмнымі веямі. Яна сказала:– Не шкадуйце аб гэтым. Пакуль вы не давядзеце адваротнага, усе людзі будуць ведаць, што вы на пераломе, і будуць чакаць. Старое не вяртаецца. Пэўна, вы сапраўды на парозе чагосьці новага... I не пакутуйце: часам гэта цягнецца вельмі доўга і надта балюча. А ў сапраўдных паэтаў – праз вялікую тугу, праз абавязковую страту чагосьці вельмі дарагога.Эпідыяскоп падзяляў іх: маленькая чорная гармата, накіраваная ў сцяну.– Такое са мною было.– Ведаю, – проста сказала яна, – я чытала вашу “Смерць на світанні”. Але вы пакуль не знайшлі сябе. Значыцца, гэта ўсё яшчэ прыйдзе.– Я адшукаю гэту дарогу, – сказаў Андрэй, – магчыма, дзякуючы вашаму Рэмбранту.– Ну, гэта занадта, – сказала яна, – вы з тых, што знаходзяць дарогу самі.Яна прыўзняла жоўтую сумачку і дадала:– Толькі не бойцеся, калі на вас будуць шыпець. Ва ўсіх вас ёсць толькі адзін жорсткі суд – суд над сабою.– Ну, яшчэ раз дзякуй, – сказаў Андрэй, – вы добры чалавек, вас радасна слухаць.Ён выйшаў на калідор. Вясна глядзелася ў вокны празрыста-зялёнымі шатамі дрэў. Ля акна стаяў бялявы Яніс і глядзеў уніз, на кветнік.– Ты чаго там затрымаўся, падонак? – спытаў ён. – Унь з Марыйкай Крат ледзь з-за цябе радзімчык не стаўся.– А чаго ёй злавацца? – неўразумела спытаў Андрэй. – Што, я забіў кагосьці на яе вачах?.. Дзе яна?– Там за рогам стаіць.Грынкевіч паціснуў плячыма і накіраваўся за рог. Марыя стаяла там, успёршыся на падваконне, і твар яе здаваўся зеленаватым і зменлівым ад празрыстага ценю весніх дрэў і зараз, пакуль яна не бачыла яго, нават добрым. Ва ўсіх астатніх выпадках Андрэй ведаў толькі тры выразы на яе твары: раздражнення, насцярожанага чакання і яшчэ – млявай пяшчоты. Ён падышоў да яе і стаў поруч.– Вясна, родная. Добра жыць, праўда? Яна не адказала. Твар адразу стаў напружаным, абцягнуліся скурай і пачырванелі скулы.– Што з табой? – спытаў Андрэй. – Сарока пярсцёнак украла?– Ты ведаеш, што са мной.– Дальбог, не. Я ж не чараўнік. Зноў нейкае глупства.– На гэты раз не глупства. Ты хутка пакінеш мяне.– Вядома. Паеду на канікулы. Калі толькі ты не запросіш мяне да сябе.– Не запрашу.– Што ж, тваё права. Тады паедзем да мяне.– Шлюха да цябе паедзе, вось хто. Іх запрашай. Андрэй усміхнуўся. Яму ні на каго не хацелася злавацца:– Ты, аднак, і лаяцца можаш. Гэта я ад цябе ўпершыню чую.– I не тое пачуеш.Грынкевіч узяў Марыю за руку.– Слухай, – сур’ёзна сказаў ён, – што, уласна, сталася?– Ты закахаўся ў гэтую... там, на лекцыі, – тон Марыі быў невымоўна гідлівы.Андрэя як быццам хтосьці ўдарыў па галаве. Ён стаяў аслупянелы ад гэтай дзікай думкі, не верыў сваім вушам.– У Гораву? – спытаў ён нарэшце голасам, што прарваўся аднекуль знутры.– Не вымаўляй яе імя пры мне. Тэатральная фраза вярнула Андрэю раўнавагу і здольнасць жартаваць:– I якія ж гэта прыкметы, што я такі закаханы? Ты растлумач, а то я нешта не бачу.– Ты пачаў хадзіць на ўсе яе лекцыі.– Што ж, гэта святы абавязак слухача, – сказаў ён.– Глядзіш на яе сабачымі вачыма, гатовы мастом перад ёю расцягнуцца.