Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Голас лектара, яе спагада, яе словы аб Рэмбранце, нарэшце, тое, што, магчыма, яе продак быў там, на пароме, патрабавалі неадкладнага адказу. Гэтай дарэмшчыны нельга было вытрымаць, нават калі б гэта сказала маці.– Слухай, такімі словамі не кідаюцца. Гэта ўсё адно як гноем кідаць.– Я кахаю, таму і кідаю, – плечы яе затрэсліся.Андрэй, як заўжды, не вытрымаў. Шкадаванне да гэтай жанчыны рабіла яго вельмі слабым, і яна гэта ведала.– Марыя, – сказаў ён, – гэтак жа ж нельга. Нельга так крыўдзіць людзей. Мяне і яе. Я вельмі яе паважаю. Але гэта ўсё.– Няпраўда, – строга сказала яна, – ты закахаўся, ты, магчыма, нават недзе сустракаешся з ёю. Іначай адкуль такі тон у сённяшняй вашай размове?– Табе мала майго слова гонару?– Мала. Калі чалавек закахаецца, ён губляе гонар.– Калі з чалавекам здараецца такое, ён набывае гонар, – сказаў Андрэй, – проста ты вельмі дрэнна думаеш аб каханні, Маша. А я думаю аб ім высока. I таму слова табе даю, што я ні разу і не думаў ні аб чым іншым. Ані...– Важнасць, – тарганула яна плячом.– Слухай, – сказаў ён, – я слова даў. I прыбавіў глуха: – Бадай, і не варта было.– Не варта? – разгублена спытала яна.– Не варта. Таму што, калі я даю слова, я яго даю. Але яна ўжо зноў не слухала:– I яна. Яна на цябе якімі вачыма глядзіць? Андрэй збялеў.– Не руш, – глуха сказаў ён, – не руш чалавека. Пра мяне можаш казаць, што хочаш. Іншых – не чапай. Колькі ж гэта вас развялося – майстроў чапаць чалавека за жывое?– Бачыце вы, які рыцар.Андрэй маўчаў, адвярнуўшыся ад яе і гледзячы ў акно, бо ў горле хадзіў нейкі камяк. Потым ён глынуў яго і сціснутым голасам сказаў:– Я, здаецца, пачну цябе ненавідзець. Каб я так псаваў камусьці жыццё, я не спадзяваўся б ні на што, акрамя гэтага.Адразу ўстрывожаная, яна пасунулася была да яго, але ён адступіў на крок.– Не падыходзь. Не падыходзь, пакуль я не звыкну да цябе – новай. Я думаў, тут толькі рэўнасць, толькі злосць да мяне. А тут з’явілася незычлівасць і да другіх людзей... Мне раптам стала брыдка з табою.Ён рэзка павярнуўся і пайшоў ад яе прэч. Размовы, здаецца, ніхто не чуў. Бог ты мой, як брыдка. Не, з гэтым, мабыць, трэба канчаць.Яніс усё яшчэ стаяў на ранейшым месцы і нервова паглядваў туды, адкуль павінен быў з’явіцца друг. Убачыў. Усміхнуўся.– Яніс, – сказаў Грынкевіч, – за што?– А за тое, – змрочна сказаў Яніс, – за тое, што істэрычка. Як што не па іх, дык адразу сімпаты-ычны такі скандальчык... Кінь, Андрэйка, што зробіш, калі ў іх мухі ў носе.Памаўчаў.– Ах выдра. Я ж памятаю, як яна да цябе першыя два месяцы ставілася. Проста анёл, з блакітнымі крыльцамі. Я яшчэ, грэшны чалавек, зайздросціў. Не, брат, горшыя за іх толькі дактары.Грынкевіч закурыў, адчуў, як дымок пякуча пацягнуўся ў лёгкія, і раптам сказаў:– Продкі ў такіх выпадках дапіваліся да божай плешы.– Нельга дапівацца, – сур’ёзна сказаў Яніс, – Галіна Іванаўна толькі што аб’яву давала, што заўтра нас павязуць маляваных угоднікаў глядзець.– Куды?– Ну, быццам па розных там Уладзімірах ды Суздалях. У мэтах набліжэння да жыцця.– Гэта добра, – сказаў Андрэй, – я ўсё адно заўтра ў гэты калідор не змог бы прыйсці. Агідна... Хто хаця павязе?– Кажуць, быццам Горава.– Што ж, і тое добра. Будзем аптымістамі.Р а з д з е л VIIIАўтобус імпэтна вырваўся з гарадскіх муроў, пакінуў за сабою прадмесці і рынуў у мора блакітнага святла. I яно, разам з зелянеючымі палямі, паглынула яго, зрабіла маленькай кропкай на бязмежным улонні зямлі.