Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна – ён і сам адчуў гэта і пачырванеў – сказаў яму:– Вы дваранін, капітан Леановіч, вы павінны паважаць традыцыі... Леановіч ускіпеў:– А адкуль маё дваранства ідзе, вы ведаеце? Чаму ў мяне да прозвішча прыдомак “Пора”, ці, па-простаму, “Пара”?– Не, не ведаю,– Таму што ад бандзюкоў паходзім, міл-свет Юрый Аляксандравіч... У цараванне, здаецца, цара-цяляці горад Магілёў аддаўся ва ўладу баганоснага маскоўскага воінства. Заўважце, сам. Ну, на знак удзячнасці жыхароў уганорылі трымаць гарнізон коштам самога ж вялікага града. I сталі тут нашы лабідуды думу думаці. “Гэта каб яшчэ батагамі, дык згода была б – усё жыццё з-пад батагоў не вылазім. А грошыкі – тут ужо не. Дудкі”. Стук у дзверы прымусіў Леановіча змоўкнуць. I Гораў сказаў холадна:– Заходзь.Увайшоў Іван, той самы, з якім Гораў размаўляў на пароме. Грубы, чырвоны твар Івана, твар сапраўднага салдафона, быў мокры. З-пад салдацкай бесказыркі спадала пасма рэдкіх сівеючых валасоў. I нягледзячы на тое, што ён быў мокры, хоць выціскай, што з шыняля капала, – кожны пазнаў бы ў ім старога, бывалага салдата. Выраз твару казаў сам за сябе, выраз афіцыйнай адданасці і пачцівасці, праз які відавочна праглядала лёгкая пагарда і свая, незамаскаваная, думка аб усім.– Чаго табе? – спытаў Леановіч.– Ваша высакароддзе, вада прыбывае. Рака пайшла старыкам.Гораў мог бы пабажыцца, што на твары Леановіча мільганула радасць.– Брашы больш, – з недапушчальнай фамільярнасцю сказаў капітан. – Што ж, за гадзіну залівені магло так раку наліць?– Пэўна, у вярхоўях некалькі гадзін ліло, ваша высакароддзе. Вадамерная рэйка пад вадой.– Ну і добра. Дні два можам не чакаць мяцежнікаў... Ідзі да д’ябла.I, пабачыўшы, што салдат усё яшчэ стаіць, спытаў:– Ну, чаго табе яшчэ?– Прахожыя могуць сунуцца ў ваду на звычайным пераездзе цераз старык... Дазвольце мне каравул паставіць... Могуць патопнуць.– Твая якая справа? – спытаў капітан. – Няхай не соваюцца ў ваду, няхай вяртаюцца ў Збароў і там начуюць... Ніякіх каравулаў.– Слухаюся – ніякіх каравулаў, – сказаў Іван і выйшаў.Леановіч яшчэ хвіліну маўчаў, гледзячы за акно, дзе ў сінім святле маланак буйна скакалі па зямлі густыя вадзяныя бізуны. Потым казаў далей:– I вырашылі рззаць кроўных братоў. Калі ваш продак сярод іх быў, дык я яму не пазайздрошчу. Таму што некалькі тысяч іх было, і ніхто не ўцёк... Пачалося з таго, што нехта са стральцоў на кірмашы пірог у бабы ўхапіў. I тут мой продак, як хрысціянін, не вытрымаў, выбег з ратушы з крыкам “Пара!..”....Увесь Мікалаеўскі спуск касцямі закідалі – адсюль і пайшла новая назва: Касцярня... Колькі стральчыхі па іх пагаласілі, колькі дзеці! Нічога не зробіш, любоў да брата... А з-за чаго? З-за пірага ўсё, родненькі, з-за пірага......З пірага і дваранства наша пачалося. Кароль польскі – бац, прывілей: даць Леановічам прыдомак “пара”, а як на іхняй мове гэта дрэнна гучыць, то перарабіць яго на “пора”. Весяліся, Марцэля! А потым у горад польскае войска, ды кожнага дваццатага – на слуп: няма чаго зламысныя змовы з Масквою заводзіць. Э-ех, павесяліліся.– У вас ёсць народ, – ціха сказаў Гораў. – Ёсць павага да чалавека, любоў да яго. Хіба гэтага мала? Я ведаю, многа дрэннага рабілі і робяць улады, але ж людзі не вінны.