Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

– Мы вельмі любім народ, – сказаў Леановіч, усміхаючыся кутком прыгожых губ. – Каб зручней залазіць яму ў кішэнь... Не-е, вы, Юрый Аляксандравіч, з вашай слінявай вераю ў чалавека ідзіце – ведаеце куды? Гэта быдла па галаве трэба біць. I ваша, і наша, і польскае, і ўсякае. Іншага яны не варты... Шкадаваць? Каго? За што? За тое, што яны мэкаюць і бобам сыплюць? За тое, што ў іх спіна прыстасавана для сядла? За тое, што іхнія зады самі пэндаляў просяць?.. Не-е, Юрый Аляксандравіч, будзем шчырымі... Ёсць мой мозг і мая рука, што кожнага здолее ўзяць за глотку. Я іду! Хіліся?.. I нікога не шкадуй для сваёй мэты... Пакуль у сілачку не ўваб’ешся, – маўчы, падпарадкоўвайся і паступова прывучай усіх баяцца цябе... А там – не шкадуй. Ні жанчын, ні дзяцей. Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя. Здрада, атрута, данос, а пасля нож, бізун, турма... I не трэба саромецца. Я не саромлюся. На прыгожыя словы – пляваць. Я такіх брыдот нараблю, што ўсіх ванітаваць будзе. Вас будзе ванітаваць, а я тым часам на кожнага пятлю накіну. I зацягну...Дзіўны чалавек сядзеў перад Горавым. Страшны, як шалёная рысь. I Гораў няшчыра пазяхнуў і спытаў:– Вы французскай хваробай ніколі не хварэлі, капітан? Бо нешта мне здаецца, што такія словы сведчаць аб размякчэнні спіннога мозгу.– Нават слоў маіх баіцёся, – жорстка засмяяўся Пора-Леановіч. –Не, капітан, я не хварэў французскай хваробай. Ніколі. I продкі мае не хварэлі. Зберагалі для мяне сваю сілу.– Ішлі б вы лепей спаць, капітан.– А вы што?– Я не хачу вас слухаць. Я афіцэр. Што б я ні думаў, я звязаны прысягай і законам гонару.– Псу пад хвост, – сказаў Леановіч. Ён устаў і шырока пацягнуўся, распраўляючы мускулы. Засмяяўся:– Прашчур – малайчына. Галоўнае – стаць на той бок, які выйграе.Гораў адышоў ад стала, успёрся локцямі на падваконне і прыціснуў лоб да халоднага шкла.Дождж ліў так, што ўся зямля ў сляпучым святле бліскавіц укрывалася сінімі ўспышкамі падаючых кропель. Быццам поле нізкіх, ля самай зямлі, кветак вырастала паўсюль і зноў згасала ў цемры. Білі грымоты.Нехта люта сваволіў, ломячы ў хмарах тоўстыя дрэвы.Праз шум дажджу пачуўся шолах колаў па хліпкай зямлі. Глухія галасы.Гораў угледзеўся ў цемру:– Нехта прыехаў.Ён накінуў плашч і выйшаў.Сярод двара стаяла парная прыпрэжка. Дымелі спіны замораных коней. А за імі ледзь вымалёўваўся цёмны сілуэт лёгкай брычкі з узнятым верхам. Фурман, сівавусы чалавек, падобны ў плашчы на натапыраную птушку, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нехлямяжы, кідаўся ва ўсе бакі.Завеска брычкі адшморгнулася: з’явілася і ступіла на прыступку невялічкая нага. Жанчына, высокая і зграбная, у цёмным плашчы, стала проста ў ваду, якая плыла па ўсім двары, і азірнулася.– Сюды, пані, – спяшаючыся з ганка ёй насустрач, голасна сказаў Гораў.Ён адчыніў перад жанчынаю дзверы. Тая пераступіла парог і адкінула капюшон, мружачы вочы ад сляпучага – пасля цемры – агеньчыка свечкі.Здзіўлены Леановіч глядзеў на жанчыну вялізнымі вачыма.Глядзець было на што. Ніколі яшчэ Гораў не бачыў такога аблічча.Густыя цёмныя бровы, якія здаваліся амаль мужчынскімі, каб не агромністыя, як чорныя азёры, бліскучыя вочы і прыпухлы маленькі рот. Прамы, невялічкі нос, мяккі авал трохі асіметрычнага аблічча, якому самая гэтая асіметрычнасць надавала дзіўны выраз мяккай і жаночай пакорлівасці ў спалучэнні з уладнасцю, мала таго, з прывычкай уладарыць.