Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

“Адкуль гэта, – падумаў Гораў, – ад арыстакратызму? Наўрад ці. Яна, відаць, такі самы арыстакрат, як я. Праста чалавек духу і думкі. А ўладнасць – як гэта я не здагадаўся? – проста таму, што мужчыны не могуць не быць рабамі перад такой жанчынай.I ён адчуў, што каб не мундзір, каб не вайна, – ён, можа, і сам стаў бы яе рабом. I нёс бы гэтае рабства нават з прыемнасцю. На цёмна-русых валасах жанчыны, над лобам, вясёлкава блішчалі малюсенькія кроплі вады. I быў гэта твар, у якім было нешта дзіцячае і безабароннае пры ўсёй даросласці.Леановіч уздыхнуў і апусціў твар у далоні. Гораву здалося, што плечы капітана калоцяцца ад прытоенага смеху. Але, калі Леановіч узняў вочы, твар яго быў сур’ёзны.– На той бераг, калі ласка, – сказала жанчына. Леановіч глянуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін ночы.– Сядайце, піце чай, – спакойна сказаў Пора-Леановіч. – Сымон, фурману шклянку гарэлкі. Коней – выцерці.– Дзякуй вам на добрым слове, але я не магу, – сказала яна.– Падпарадкуйцеся, калі ласка, – ветліва, але цвёрда сказаў Леановіч.Жанчына прыўзняла на яго вочы, быццам здзіўленая гэтай нечаканай цвёрдасцю, Але ўсё ж падпарадкавалася, селаГораў паспешліва згроб разам з абрусам рэшткі вячэры і выпіўкі. Адной рукой. Правая вісела на перавязі. Яна зусім загаілася, але не магла доўгі час вісець усцяж цела, зацякала.Увесь гэты час жанчына безуважліва глядзела ў акно. I нават потым, калі пілі чай, не дакранулася да ежы, нягледзячы на ўсе ўгаворы Леановіча. Толькі пагрэла рукі аб шклянку і адпіла некалькі глыткоў. Леановіч павольна і з відавочнай насалодаю хлябтаў бурую ад заваркі вадкасць.Калі Сымон прыбраў са стала, капітан зручна сеў, прыхіліўшыся спіною да сцяны, і, спытаўшы дазволу, закурыў.– Дык у чым справа, пані?– На той бераг. Я вельмі спяшаюся, – усхвалявана сказала яна. – За ўсю дарогу я толькі тут на цэлую гадзіну затрымалася.– Давядзецца чакаць да раніцы, – спакойна сказаў Леановіч.– Чаму?– Вось загад генерала Фікельмонта ўначы абараняць паром, не падпушчаць чужых людзей. Тым больш цывільных... Пераначуйце тут. Пакой мы аддамо вам.– Мне нельга.– Вельмі шкадую, пані. Загад Фікельмонта. Ваенны час, пані. Інсургенты...– Я не інсургент. Я толькі жанчына, маці.– Захварэла дзіця? – пацікавіўся Пора-Леановіч.– Не. Я спяшаюся да мужа.– Шкадую, пані, але дапамагчы не магу. Палявы суд – непрыемная штука. I ёсць загад Фікельмонта, – як малому дзіцяці, добразычліва тлумачыў Леановіч.– У мяне таксама загад. Яго сіяцельства. Прачытайце.Ніхто не папрасіў назваць прозвішча. У гэты час на Беларусі было толькі адно “сіяцельства”, падпарадкоўваючыся волі якога рухаліся палкі, ганцы заганялі да смерці коней, людзі мучылі людзей.– Так, загад Мураўёва, – сцвярджальна сказаў Леановіч, гледзячы на паперу.Гораву здалося, што выгляд у Леановіча не вельмі здзіўлены.– Ого, – з удаванай уважлівасцю сказаў Леановіч, – дык вы жонка Усяслава Грынкевіча. Таго?– Так, – сказала жанчына, сыходзячы да чагосьці, падобнага на просьбу, – вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы.Твар яе аж ззяў.– Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое...Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку.– Мужу варта было б думаць раней, – суха сказаў Леановіч. – Замест саламянай падушкі ён абдымаў бы зараз адну з самых прыгожых жанчын, якіх мне даводзілася бачыць.