Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Жанчына ўспыхнула, але стрымалася:– Я ўсё гэта разумею. Але зразумейце і вы. Ён будзе жывы. Толькі на той бок – і праз гадзіну я там... I ён жывы.Леановіч маўчаў, нешта абдумваючы. Зірнуў на гадзіннік. Машынальна глянуў і Гораў. Дванаццаць гадзін. Быццам у адказ праз рык навальніцы данесліся далёкія глухія ўдары саборнай званіцы горада.– I яшчэ адна прычына, – сказаў нарэшце Леановіч. – Вераб’іная ноч. Рака ўсхадзілася. Можна патапіць паром. I вас. I людзей.– Зразумейце, яго кожную хвіліну могуць забіць.Гораў бачыў: яшчэ дзесяць хвілін такога катавання, і жанчына можа заплакаць. Усе другія на яе месцы плакалі б ужо.Пора-Леановіч, усё з тым самым выразам дагаджэння на сухім прыгожым твары, накінуў на плечы жанчыне плашч.– Выйдзем, пані... Гораў, хадзем з намі.Дождж на дварэ пачынаў сціхаць, затое ўзняўся і абяцаў зрабіцца яшчэ больш моцным нізавы вецер. Калі яны, з цяжкасцю пераадольваючы яго імпэтныя парывы, выйшлі на адхон, – іхнім вачам адкрылася жудаснае відовішча.Рака лютавала. Нізавыя парывы ветру развялі вялікія, у рост чалавека, хвалі. Яны каціліся супраць плыні, шоргаючы белымі грабянцамі. Хлапякі пены ля берага з цяжкасцю, з яўнай напругай пасоўваліся па плыні, падскокваючы на вадзяных гмахах. А ў прыдоннай лазе круцілася, віравала рудая пена. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільным навальнічным цямноцці.Але і адтуль, са змроку, далятаў усхваляваны, нізкі гук вады. Рака таўклася ў берагі, імкнучыся вырвацца з іх. Праз пляму святла на вадзе слізгануў па хвалях дзіравы кошык, потым – цэлае дрэва, яблыня, вымытая з карэннем. Дзіўна было бачыць на яе апырсканых пенай галінах, якія круціліся, то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы, два-тры недаспелыя антоны.Леановіч моўчкі паказаў рукою, што трэба вяртацца ў пакой. Толькі там, у разамлелай цеплыні начнога чалавечага гнязда, ён сказаў:– Вы самі бачыце, пані. Паром немінуча знясе. Пачакайце да раніцы.– Але ён чакае, – амаль умольна сказала яна.– Ён чакаў два месяцы. Некалькі лішніх гадзін нічога не зменяць, – абыякава да здзеклівасці сказаў капітан. “Не можа ж ён не разумець яе становішча, – думаў Гораў. – Што гэта? Здзек або халодная подласць”.Жанчына, здавалася, не заўважала інтанацый Леановіча.– Для асуджанага кожная гадзіна чакання – гэта лішнія маральныя пакуты, – проста сурова сказала яна, – вы ведаеце гэта...– Вы можаце загінуць пры пераправе.– Я не баюся гэтага.– Я за вас таксама не баюся, – абыякава сказаў Леановіч. – Але я адказны за жыццё салдат. У іх таксама жонкі. – Я магу паехаць з ёю, – раптоўна для самога сябе еказаў Гораў.– Вы адзін не здолееце, – са спакойнай усмешкай на прыгожых і жорсткіх вуснах сказаў Пора-Леановіч. – Не звяртайце ўвагі, пані. Гэты парыў сведчыць аб добрым сэрцы, але ў капітана Горава параненая рука... у бітве з інсургентамі... Дарэчы, у гэтай бітве ён выявіў сябе героем,То быў несумленны ўдар, але Гораў змоўчаў: ён не хацеў сказаць, што паранены пад Ракавам, а не тут, ён наогул не хацеў апраўдвацца.– Так, – сказаў ён, – але можна спытаць у салдат, хто захоча.– Салдацкая самадзейнасць? – Спакой тону Леановіча межаваў са здзеклівасцю. – Ну, не... А адказ – мой.– Мне здаюцца падазронымі вашы паводзіны, – сказаў Юрый.– Капітан Гораў, – не павышаючы голасу, сказаў Леановіч. – Я забараняю вам... Вы пакуль што падначалены.