Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Непакоіў трошкі толькі суровы і адчужаны твар Марыі, што сядзела ў самым хвасце аўтобуса і, адвярнуўшыся, глядзела ў акно: вусны сціснутыя ў нітачку, вочы прыжмураныя і халодныя.Яніс штурхнуў Андрэя ў бок.– Кінь глядзець, кажу. Замнога гонару. Падумаеш мне яшчэ: каралева Пятра Вялікага.Яніс быў такі легкаважна-вясёлы, што Андрэй таксама ўсміхнуўся яму ў адказ. Тым больш што жыць было сапраўды добра: такія стаялі вакол празрыстыя і халаднаватыя дні канца мая, з размытымі хмаркамі, з рэдкім сонейкам, што прыгравала там-сям паўночную зямлю, яе бедныя кветкі і спакойныя рэкі.Вялікі горад застаўся далёка за спіной. Там былі правільныя ўстаноўкі, любоў да бліжняга з пажаданнем дабра яму, змястоўныя і ўдумлівыя даследаванні. А тут была проста палявая купель, дзе халодныя ветры звіняць маладой травою. Акуніся, акуніся ў мяне.I ад жыцця амаль нічога не трэба было, хіба што толькі вылезці з аўтобуса і ісці пехатою, трымацца за руку друга пры пераходах цераз ручаіны ды піць прыгажосць весняй зямлі, разлітую вакол.Аўтобус быў усё ж часткай гарадскіх вуліц. А хацелася, каб травы цалавалі ногі, каб вакол ляжала зямля, каб яна сінела медуніцай, звінела званочкамі белазорыка, цямнела лясамі, крычала па начах таемным крыкам звяроў і адбівалася ў валавокіх, трывожных вачах мудрага леляка.Горава сядзела насупраць, поруч з Галінай Іванаўнай, размаўляла аб нейкіх сваіх жаночых справах, і на яе таксама добра было глядзець.Проста глядзець.Адарвала вочы ад суседкі, сустрэла позірк Андрэя і ўсміхнулася яму:– Добра, Андруша, праўда?– Надзвычай добра жыць, Ірына Сяргееўна, – сказаў Андрэй.Раптам яна злёгку спахмурнела.– Так, – і пасля паўзы дадала: – Жыць надзвычай добра. Напэўна, ніхто гэтага не разумее так, як я.Ад гэтай лёгкай зморшчынкі між броваў, ад суму ў голасе Андрэй яшчэ больш адчуў, што моцная сувязь дружбы звязвае іх, яшчэ нядаўна зусім незнаёмых. Дружбы спакойнай, дружбы, якая гарыць роўным і цёплым агнём.Гэта была радасць, што яны жывуць на зямлі, што часам яны бываюць поруч. I гэта было зусім не так, як з другімі, бо гэтаму не трэба было канчацца інакш... і горш.Проста расла ў грудзях хваля ўдзячнасці: у яго да гэтай добрай спадарожніцы, а ў яе – Андрэй амаль цвёрда ведаў гэта – да яго.Грынкевіч працягнуў ёй цыгарэты.– Я наогул... але добра, давайце, – сказала яна. Курылі. Дым парывамі цягнуўся ў прыспушчанае акенца.– Рублёва будзем глядзець? – спытаў у Горавай Яніс.– Дзеля гэтага і едзем… ды яшчэ дзеля Нерлі. Яніс пашкроб у патыліцы:– Адкажыце вы мне, Ірына Сяргееўна, чаго гэта на старажытных абразах твары ў святых нейкія не рускія? Не славянскія.– А нашто гэта вам спатрэбіўся мой адказ?– Яны візантыйскія, гэтыя твары... Грэчаскія.– Ну дык і што?– Можа, і мастацтва гэта не рускае. Запазычанае. Яна ўсміхнулася куточкамі пяшчотных вуснаў:– Не, Яніс. Гэта ўсё ж чыста наша мастацтва. А абліччы здаюцца чужымі таму, што сам этнічны тып славяніна змяніўся за стагоддзі... Арабскі падарожнік, які ўпершыню пабачыў русаў, пісаў, што яны, увесь натоўп, станістыя, як пальмавы гай. У іх сапраўды былі доўгія ногі, вузкія тулавы, гожыя кісці рук... Зараз старажытнаславянскі тып, бадай што, лепей за ўсё збярогся там, дзе не было татар: на поўначы, а лепей за ўсё – на Беларусі. Паглядзіце вось на нашага Андрэя: ногі доўгія, нос праменькі, вочы вялізныя, як на іконах.