Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Для рыбалак падабралася добрая кампанія: дзядзька, настаўнік Мікалай Якаўлевіч і яшчэ Пятро, звяга, які заўжды смешна лаяўся з астатнімі.Імя па бацьку ў Пятра было Трыфанавіч, але дзядзька, карыстаючыся ім як асновай, зрабіў з яго нешта такое непрыстойнае, што пры бабах хоць і не кажы.На рыбалку дзядзька ездзіў у востраканечным саламяным брылі, Мікалай Якаўлевіч – у матроскай бесказырцы, парыжэлай ад часу, Пятро з непрыстойным імем па бацьку – у фуражцы.Рыззё на ўсіх было страшэннае: інтэлігентная кампанія нагадвала хаўрус бандытаў.I ўсё ж падчас гэтых вясёлых эскапад (а ездзілі на рыбу далёка, кіламетраў на пяцьдзесят па рацэ) Андрэй адчуваў часам нейкі сум, нейкую невыразную незадаволенасць жыццём.А між тым ён ніколі яшчэ не пісаў так многа і добра, ніколі так поўна не адпачываў.У канцы ліпеня прыехаў зусім нечакана Іван Століч, бацька Алёнкі. У яго было толькі некалькі вольных дзён. Два з іх вырашылі “забіць” на рыбалцы. Дзядзька падрыхтаваў маторны човен. Выехаць пастанавілі на золку.Напярэдадні Андрэй і Століч доўга сядзелі ў начным садзе, дыхалі халаднаватым росным паветрам з нясцерпна салодкім водарам адцвітаючай маціёлы, якая невыразна бялела ў цемры.Конікі стракаталі ўтрапёна. Зрэдку цішу ўспорваў крык драча. За ракою палала вогнішча: касцы на зарэчных паплавах гатавалі вячэру,I так добра дыхаў у цемры начны сад, што рабілася шкада чагосьці незваротнага, шкада болю, які прайшоў.– Добра, сынок, – сказаў раптам Іван.Андрэй не мог без пакутлівага шкадавання глядзець на гэтага чалавека. Ён ведаў: той нічога не забыў. Сведчылі аб гэтым зусім сівыя валасы.– Я думаю часам, – казаў Століч, – як гэта цяжка заставацца аднаму, без тых, каго любіш... Чаму не загінуў я – невядома... Цяжка аднаму.– Я гэта ведаю, добра ведаю, дзядзька. Я вельмі кахаў яе, – глуха сказаў Андрэй.– У вас зараз былі б ужо дзеці... Прайшло восем год. Хлопчык быў бы падобны на яе, дзяўчынка – на цябе.Гэта яны ўпершыню загаварылі пра нябожчыцу. I гэта было непатрэбна. Непатрэбна было ўсё гэта.– Дзядзька, – сказаў Андрэй, – не трэба. Вы бачыце, я столькі год захоўваю памяць пра яе, зберагаю кожны яе рух. Але я пачаў забываць яе голас. Гэта – як кашмар... Але я помню, я ніколі не забуду. Толькі не трэба дакранацца да старых ран.– Бадай, твая праўда, – сказаў Століч.Ён маўчаў яшчэ хвілін пяць, потым устаў.– Я пайду.I, сівы, сагнуты гадамі і цяжарам даўняга гора, пашыбаваў у дом.Андрэй глядзеў яму ў спіну. Нясцерпна шкада было гэтага чалавека......Раніцой дзядзька ледзь не за нагу сцягнуў Андрэя з ложка. Шырокі твар дзядзькі расплываўся ад усмешкі, у цёмных вачанятах скакалі чэрці.– Уставай, барэмбус. Жонка сказала, каб пайшлі панюхалі. А куды пайшлі і чаго панюхалі – не сказала. Дарогай скажа.Выявілася, што панюхаць запрашалі маласольныя агуркі. Пахнулі яны, сапраўды, адмыслова: кропам, вішнёвым лісцем і сонечным днём.Андрэй выліў на сябе цэбар вады ля студні, спехам паснедаў і пачаў грузіць на каляску сець, сцяблы, якар, кошык з правізіяй. Дзядзька, прынцыповы лайдак, глядзеў на мітусню Андрэя і Століча і забаўляў іх:– У школе вучні пісалі твор на тэму: “Славутасці Сухадола”. Адна напісала: “Бывае кіно, часам прыязджаюць артысты, а па суботах у сінагозе бываюць танцы”.– Брэшаш ты ўсё, – азваўся Століч.– Чаго брашу? Сапраўды, сінагогу зачынілі. Зрабілі клуб... А тут яшчэ няшчасце. На сеансе адчыняюцца дзверы, і нехта крычыць у цемру: “Не, вы паглядзіце толькі, што робіцца на беленькім свеце! Шайкевіч, чаго вы тут седзіцё, калі ў вас удома пажар?” Ну, той толькі “уф-уф”, за сэрца схапіўся – і канцы.