Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

I хоць Андрэй ведаў, што ўсё гэта брахня, – яму стала трошкі весялей.Яны выйшлі на высокі гліністы адхон над ракой тады, калі сонца паказала над зарэчнымі паплавамі чырвоную патыліцу. Жамчужна-блакітная рака ледзь шалахцела млявымі хвалямі, якія на пяску здаваліся зусім ружовымі. Пах сена адчуваўся нават тут, за ракой, густы, добры, як сама прыдняпроўская зямля.Ніжэй па плыні чарада кароў пераплывала Дняпро, на пашу. Пастух плыў за імі, стоячы ў чаўне.Нарэшце – толькі арліны зрок дзядзькі мог пабачыць гэта – дзядзька паказаў рукою на плынь, дзе рухаліся дзве кропкі. Гэта веславалі Мікалай і Пятро. Пад’ехалі яны толькі праз паўгадзіны.Да кармы вялізнай маторкі прывязалі абодва чаўны, нацягалі са стагоў сена і намасцілі яго на дно маторкі. Дзядзька зноў успомніў нешта.– А то яшчэ вось што было. Дзед Казыра намасціў вось так сена ў човен са стога, які ў лагчыне стаяў. Вяслуе сабе, і раптам, кажа, здарылася нешта незразумелае: заварушылася раптам там, дзе трыццаць год нічога не варушылася... Вужака... А порткі ў яго падраныя былі. Дык ён бег адтуль аж да рынку, пакуль каля рынку не агойтаўся, што портак няма. Згубіў. Пайшоў падбіраць. Дык што вы думаеце, адну калашыну падабраў, а другую – не.Пятро пачаў адпіхвацца ад берага. Але перад гэтым амаль з пяшчотай агледзеў зношанае вясло і сказаў салодкім голасам:– Во, брат, у мяне вясельца якое. Тандэт.Скора ўсе яны ўжо ляжалі на сене, на дне чаўна, а Андрэй стырнаваў, седзячы на карме. Вусы пены расплываліся за кармою, табакаў матор, плылі вакол нізкія берагія. затокі, зарослыя гускай.Тэніску ён скінуў. Спіну прыемна прыпякала сонца, грудзі абвяваў ветрык, кідаючы зрэдку на скуру кроплі вады.Такая была цішыня. I, аднак, нейкае тамленне не пакідала душы. Пайшоў справа высокі адхон. Злева ўсё яшчэ цягнуўся нізкі бераг.Коршак ганяў над вадою кулічкоў-пясчанікаў. Заўважыўшы коршака, тыя ляцелі стайкаю на другі бераг, чыркаючы па вадзе. А калі ён пералятаў за імі, – зноў ляцелі на ранейшае месца.Дзядзька раптам прыўзняў галаву.– Глядзі, Андрэй, – ціха сказаў ён.На правым ад іх беразе ўзвышаўся самотны пагорак, зарослы чорнай альхой. Можна было яшчэ разабраць, дзе быў спуск да вады. Больш не было нічога.– Месца, дзе быў паром, – сказаў дзядзька і зняў брыль.Моўчкі, з суровымі тварамі, праплывалі яны міма месца даўняй трагедыі.– Вось табе, ваша сіяцельства, – буркнуў дзядзька. – Ты даўно ўжо косці парыш, імя тваё забылі. А праўнук забітых жыве. А мы жывём. Нас так проста з зямлі не скалупнеш, кашы вы яшчэ мала елі.Андрэй ведаў некаторую схільнасць дзядзькі да меладраматызму і таму маўчаў. А Століч, дык той глядзеў на дзядзьку нават з павагай.– Гораў... Гораў... Горава, – думаў Андрэй.I раптам з неверагоднай яснасцю зразумеў, адкуль было тамленне.Не хапала яе. Не хапала гукаў яе голасу, не хапала растрапаных пасмачаў, шэрых рахманых вачэй, пяшчотнай выразнасці рухаў.Не хапала да болю. Хоць крычы.“Што са мной?” – падумаў ён.I раптоўна падмываючая хваля радасці ахапіла яго.“Здаецца... здаецца, гэта прыйшло... Нарэшце гэта прыйшло... Няўжо?!”Дзядзька паглядзеў на Андрэя дзіўнымі вачыма, так змяніўся той.Ну вядома ж, гэта было так. Вядома, не хапала яе. Ён проста быў упэўнены, што не можа болей пакахаць, таму і не думаў пра яе... А зараз як быццам амыліся вочы. I свет такі шырокі. I вецер дыхае новым жыццём. Ну не, жыццё яшчэ не скончана. Жыццё яшчэ можна пачаць спачатку, вось тут, на гэтай вялікай рацэ, у гэтую хвіліну.