Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Ён падбавіў матору абаротаў. Цяпер човен ляцеў, як вялізная белая чайка, і, плаўна разгортваючыся, плылі міма яго рачныя берагі.Дзядзька глядзеў на постаць Андрэя вачыма, поўнымі радасці за яго і болю за сябе.– Архангел. А я вось і не заўважыў, як стаў старым хрэнам.Дзень быў на схіле, калі яны пад’ехалі да вёскі Кручы, што ўтульна ўстаткавалася на стромых адхонах Дняпра.Добрай спёкай дыхалі цёмна-кучаравыя сады. На самай высокай кручы, над могілкамі, стаяла магутная сасна. Верхавіну яе разбіла перуном. I там прымасціўся бусел. Стаяў зараз на гняздзе і размаўляў сам з сабой на незразумелай, пэўна, афрыканскай, мове.I цямнеў пад гэтай кручай вялізны стары памешчыцкі парк.– Кручы, – сказаў дзядзька, – тут Ахонька жыве. Вось яшчэ з ім было. Паехаў ён красці лес. Падбіў на гэта двух шафёраў. Адзін з іх кажа: “Ты глядзі, калі лес крадзены, – я не паеду”. Ахонька пакрыўдзіўся. “Што ты, – кажа, – вось квітанцыя”. I паказвае квітанцыю, якой два гады. Ну, прыехалі. “Вось гэту, – кажа, – палясоўшчык дазволіў. Гэту. Гэту...” Ну, пляжаць. Аж бачаць, шыбуе палясоўшчык. Давай запісваць нумары машын. Ахоня тады руку ў кішэнь і на яго. Той бегчы. Ахоня за ім. Той бегчы. Ахоня за ім. Загнаў аж за Тошчыцу. Той ужо і бегчы не можа. Спыніўся. Ахоня руку з кішэні – раз. Той аж вочы закрыў. Потым адкрывае, а Ахоня яму рыўцом да носа. “На, – кажа, – дзвесце рублёў”. Той толькі сплюнуў. “Цьфу, – кажа, – свіння”. Аднак грошы ўзяў.Андрэй слухаў яго, бессэнсоўна ўсміхаючыся сваім думкам. На зямлі было добра. I зусім яшчэ нічога не было страчана. I ўсё было для Ірыны. I Дняпро, які яна, вядома, палюбіць, і Кручы, дзе ён можа пабудаваць ёй дом, і бусел, які не абміне іхняй хаты сынам і дачкой.Свет быццам увесь споўніўся музыкай. Звінелі нават кучаравыя аблокі, плывучы на ўсход, да яе. I нават засуш, якая ў тое лета катавала палі, здалася не такой ужо жахлівай.Вядома, дождж прыйдзе. Ён не можа не прыйсці, як не можа не прыйсці каханне ў змучанае смагай сэрца.Андрэй ведаў: дождж прыйдзе.Цяпер яму здаваўся нясцерпным той месяц, які ён правядзе без яе. Сум зваліўся так нечакана, што ён не паспеў падрыхтавацца. На шчасце, прыступ быў кароткі, а потым зноў вярнулася радасць....За Кручамі яны спыніліся. Наторгалі гусцёрак. Дзядзька да іх злавіў яшчэ два акуні і зараз свяшчэннадзейнічаў над юшкай. Расклаў цяпельца з сухіх лазовых галін, каб юшка прыпахвала дымком, паклаў рыбу, некалькі бульбін, чатыры цыбуліны з не да канца абдзёртай жоўтай лушпайкай (каб юшка была прыемнага бурштынавага колеру), паклаў перцу, а потым асцярожна ўліў у юшку дзве лыжкі гарэлкі.Астатнія тым часам адплылі рыбаліць. Андрэй застаўся ля дзядзькі адзін.– Юшка, брат, будзе першы гатунак. Нават Трыфанавіч (ён сказаў іначай) будзе задаволены.Андрэй маўчаў. Гэта не было галоўным. Галоўным было тое, што на свеце жыла яна.“А Алёна? – варухнулася думка. – Што ж Алёна, – адказаў другі голас, – была б жывая, кахаў бы яе. А зараз нічога не зробіш...”Але ўсё ж яму стала сорамна. Асабліва чамусьці перад Іванам Столічам. Быццам ён, Андрэй, здрадзіў нечаму вялікаму, што яны кляліся любіць, знайшоў святло, у той час, як у бацькі няма, і яшчэ і не можа быць суцяшэння.Юшку з’елі з насалодай... Пасля гэтага дзядзька застаўся ля маторкі, а астатнія паплылі па плыні. Дзядзька павінен быў дагнаць іх пасля. Андрэю не было чаго рабіць, і ён сказаў дзядзьку, што пойдзе да Кручаў пехтурою і там пачакае ўсіх.