Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Ісці трэба было праз лес. Андрэй натрапіў на глухую лясную рачулку.Чорная, з зялёнымі адценнямі, як пяро качкі, яна змяілася паміж карчоў, варушыла павесмамі водарасцяў, быццам хтось у вадзе павольна часаў зялёны лён. Чырвоныя мухаморы гдядзеліся ў чорны лак вады.Андрэй перайшоў раку па аксамітным бервяне і лёг у пульхны зялёны мох. Ён не баяўся змей, ён цяпер наогул нічога не баяўся. Калі ў сэрцы небасхіл, – чалавек не можа памерці. Яго нельга забіць. Смерці няма. Яе выдумалі. Яе зусім не будзе.Радасць ахапіла ўсю істоту Андрэя. Радасць з той прычыны, што ён малады, здаровы, што вакол яго родная зямля, што зрынутыя дрэвы ляжаць поруч з ім, жывым, што ён кахае.Дрэвы варушылі галінамі над яго галавой....I потым, калі ён стаяў на кручы, пад буслянкай, шум дрэў зноў падпяваў ягоным думкам.Ён стаяў на адхоне, і магілы кладоў былі ззаду, а наперадзе была далячынь, адкуль ляцеў вецер толькі для таго, каб устрапаць яму чуб.Бусляняты спрабавалі лётаць. Яны нязграбна плавалі ў вячэрнім аранжавым ззянні, дыбалі нагамі ў паветры, плылі над ракой, над светам, які цяпер зноў належаў яму.Андрэй не бачыў, што Іван Століч, сышоўшы на бераг, ускараскаўся на строму і стаіць непадалёку, разумнымі вачыма разглядаючы пададзеную наперад, імпэтную постаць хлопца. Ён страпянуўся толькі тады, калі рука Івана апусцілася яму на плячо.– Што з табою, сынок?I з той вышэйшай праніклівасцю, якою адрозніваюцца людзі, што многа пакутавалі, спытаў:– Зразумеў, што кахаеш кагось?– Здаецца, так, бацька, – проста адказау Андрэй. Століч павесіў попельна-сівую галаву.– Прабачце, – сказаў Андрэй.– Чаго ўжо там... Ты добры хлопец, Андрэй. Ты і так памятаў вельмі доўга. Усё мае канец. Прорвы і тыя заплываюць. Прыйшоў і твой час.– Бацька, – сказаў Андрэй, – я не вінаваты.– Ніхто не вінаваты. Ні я, ні мая бедная дзяўчынка, ні тая, твая... А ты вінаваты менш за ўсіх... Добрая хоць жанчьша?– Вельмі.– Добра. Толькі вось аб чым я прашу цябе. Не забывай мяне. Наведвай... з ёю. Ты знаеш, усё маё жыццё – гэта была Алёна. I ты застаўся для мяне часткай яе. Апошняй часткай.– Я не забуду... дзядзька Іван. Гэтага не забываюць.– Ну добра... “Ныня адпушчаешы”... Бывай шчаслівы, сын.I ён пайшоў уніз да чаўна. Пайшоў ненатуральна прамы, відавочна імкнучыся не хіліцца пад цяжарам забыцця, таго, якое парушыла апошнюю сувязь яго Алёны з зямлёй. Грынкевіч успомніў мінулае. Ён прымусіў сябе ўспомніць яго. Але ўспамін не мучыў. – Мір табе, Алёнка, – ціха сказаў ён, – даруй мне.Прыцемкі заснавалі зямлю. Чырвоны шчыт месяца выплыў за ракой. I ў паўзмроку ўсё яшчэ чуліся ўсхлёпы крылаў, пошчак буславых дзюб і віск.Пад вялізным месяцам чынілася справа жыцця: буслы рыхтаваліся ў вечна новы палёт.Р а з д з е л XЯе не было ў Маскве ўвесь верасень. Кожны дзень Андрэй прыходзіў у знаёмы будынак з надзеяй яшчэ да таго, як пачуе голас, нейкім шостым пачуццём, усёй істотай адчуць, што яна тут. I кожны раз нясцерпным было расчараванне: пусты дом, пустыя калідоры, пустая аўдыторыя.I галоўнае, няма адказу на дасланую кнігу.Ніколі яшчэ чаканне не было такім вострым. Нават потым. Ён проста прагнуў хутчэй пабачыць маленькую постаць з жоўтым партфелем у руцэ. А постаці не было і не было.Андрэй неяк відавочна падзічэў. Нават Яніс здаваўся яму зараз занадта шумлівым. Хацелася цішыні. I ён палюбіў Архангельскае. Не Архангельскае экскурсіённых дзён, а Архангельскае будняў, калі пачынаюць падаць лісты і парк журботна скідае сваю прыгажосць.