Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Дзіўна, але ў гэтым бясконцым роздуме нават каханне яго зрабілася слабейшым. Ён радзей думаў аб ёй, менш бачыў яе ў сне. Ён не ведаў, што каханне проста зайшло ўглыбіню, што чалавек заўжды ідзе на такую бессвядомую маскіроўку пачуццяў, калі каханага доўга няма поруч, што чалавек супраціўляецца дарэмнаму раскіданню кахання або нянавісці.А Масква была ў тую восень, як назнарок, нечувана прыгожай, пакорліва-мяккай. Паркі спакойна аддаваліся зазімкам. З кожыым днём меншала сонца на вуліцах і большала затое ў садах. Падмаскоўе мякка гудзела электрычкамі ў сумна-прыбраных, прасторных гаях. А глыбокай ноччу ў парках паміралі пад белай пудрай намаразі вялікія кветкі апошніх вяргінь. Малыя кветкі вяргінь яшчэ трымаліся і сяк-так зносілі начную шэрань і дзённыя дажджы.І вось аднойчы ён, падымаючыся па сходах, адчуў, што нешта змянілася. Нешта было не так. У самім паветры, у мурах будынка, ва ўласным сэрцы.Ён зайшоў у калідор, назнарок не заглядаючы ў канцылярыю. Назнарок спіною да дзвярэй пайшоў да вешалкі. Ён ведаў: яна сядзіць у крэсле ля акна. На ёй неадменна кофтачка жаўтаватага колеру і цёмная, званочкам, спадніца. Але нешта яшчэ павінна было быць, чужое, іншае, тое, чаго не было.Па дарозе Андрэй зірнуў у расклад заняткаў, нічога ў ім не пабачыў, акрамя чорных радкоў, і нарэшце зайшоў у пакой.Яна сапраўды была там, сапраўды сядзела ў крэсле, сапраўды была апранута так, як яму ўяўлялася. I сапраўды было ў яе абліччы нешта чужое. Ён нават не адразу заўважыў, Ага, замест вузла валасоў – іншае. Валасы сабраныя пад патыліцай у завіты... хвост ці што? Андрэй не ведаў, як гэта завецца. Але яму гэта не спадабалася. Гэта было таксама вельмі прыгожа, але неяк знішчала асноўную прыгажосць яе аблічча: выраз высокай разумнай чысціні.Дарэчы кажучы, ён потым паспрабаваў гадзіны дзве паўтараць сам сабе: “Не трэба гэтага, патрэбен стары вузел, ён робіць вас высакароднай, падобнай на старажытную грачанку”. I сапраўды, у наступны раз яна з’явілася са старым вузлом. Магчыма, праўда, што яна заўважыла чыйсьці насцярожаны позірк і зразумела, што старая прычоска ей больш да твару.Але гэта было потым, а зараз Андрэй быў уражаны, і гэта адабрала ў яго рэшткі разважлівасці і смеласці. Толькі тут ён адчуў, што ён дурань, што каханне нікуды не ўцякло, што яно проста было ў засадзе і зараз возьме яго без бою.Пакутліва адчуваючы ўласную дурнаватую ўсмешку, адчуваючы, што ўся кроў кінулася яму ў твар, ён падышоў да Галіны Іванаўны і зрабіў чарговае глупства: пацалаваў ёй руку. Немагчыма ж, немагчыма было цалаваць руку той, другой. I тады ён склаўся амаль напалам (крэсла было нізкім) і паціснуў вузкую руку з тонкімі пальцамі:– Дзень добры.– Дзень добры, Андрэй. Я атрымала вашу кнігу. Але мяне не было ў Маскве.Андрэй ведаў, што гэта няпраўда. Але гэта было ўсё адно. Яна магла рабіць усё. Яна была вышэй усяго такога.– Ну і як? – задаў ён дурное пытанне.– Пагаворым пасля, – сказала. яна.Грынкевіч ведаў: тон яго і выгляд не належаць да лепшых. Хутчэй да горшых. Ён усё разумеў, і ў гэтым была ягоная кара.Ён сустракаўся з многімі, ён меў вопыт, ён ведаў жанчын (у той меры, у якой гэта, наогул, даступна мужчынам). Але тых ён не кахаў. Перад сапраўдным каханнем мужчына – безабаронны.I тады ён вырашыў проста сядзець і маўчацы Слухаць і прызвычайвацца. Гэта дало пэўныя вынікі, як любіў гаварыць стараста курса. Але Андрэй з жахам адчуваў, што яму ўсё горш і горш. Знікла некуды таварыская вольнасць у размовах, жахлівей за ўсё здавалася падысці і сказаць пару простых слоў. Ён бачыў часам, што яна кідае на яго неўразумелыя позіркі, але нічога не мог з сабою зрабіць.