Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Ён ведаў, адносная свабода можа вярнуцца толькі пасля рашаючай размовы, а на гэта яму якраз не хапала мужнасці. Ён адразу прыпамінаў, што ён пачвара, што ў яго доўгая постаць, непрыгожая пасадка галавы, занадта ганарыстая, што надае яму падабенства з пеўнем. Рукі здаваліся яму жаночымі, вочы – зіркатымі, ногі – нязграбнымі, манеры – дрэннымі. Адукацыя ў яго была – непатрэбная, моў ён не ведаў, акрамя польскай ды лацінскай, ды яшчэ трошкі нямецкай. Але які дурань будзе размаўляць з жанчынай па-латыні. А нямецкая – гэта ж груба, як бурчанне ў жываце. Што на гэтай мове пісаў Гётэ – неяк не прыходзіла яму ў галаву. Тым больш не прыходзіла ў галаву, што ёсць нядрэнная свая мова.Словам, усё давала падставу для вартых жалю меркаванняў аб сваёй асобе. А між тым усё гэта было не так. Нічога асабліва брыдкага ў ім не было. Чалавек як чалавек.З Марыяй яны пасля вакацый віталіся – і толькі. Яна пачала чагосьці прыпадаць да Горавай, і Андрэю гэта не вельмі падабалася. Мала чаго можа наплявузгаць. Потым даводзь, што ты не вярблюд.Яніс пачаў нешта заўважаць. Аднойчы голасна выказаў дурное прыслоўе, што каханне і асла вывучыць скокам. Словам, адусюль былі адны непрыемнасці.I ўсё ж Андрэй не верыў у горшае. Не верыў таму, што яна, дасціпная, як мала хто з жанчын, была ў адносінах з ім зусім не такой, як з другімі. У слоўных баталіях з хлопцамі яна любіла не пакінуць ад апанента (а сярод іх былі дасціпныя і сапраўды разумныя людзі) каменя на камені. I толькі да аднаго Андрэя ставілася з выключнай мяккасцю, ніколі не закранула яго нават ценем рэзкага слова. Ён адчуваў гэта і таксама як мог абараняў яе ад непатрэбных сутычак.Яе курс хацелі ўрэзаць. Андрэй арганізаваў петыцыю супраць гэтага. Было і другое. Але яна не павінна была ведаць аб гэтым. Гэта было без патрэбы. Яна была вышэй гэтага.Грынкевіч баяўся прыцягнуць увагу другіх да сваёй зацікаўленасці гэтым чалавекам. Таму ён ніколі нікога не распытваў аб ёй, старанна ўнікаў размоў з сябрамі на гэту тэму. Ён не ведаў, як яна жыве, хто з яе сваякоў дарагі ёй і ці ёсць яны наогул. Тое-сёе ён высветліў сам, напрыклад адрас яе бацькоў (па тэлефоннай кнізе). Ён некалькі разоў хадзіў ля гэтага будынка і ў думках насяліў яго самымі прыемнымі людзьмі. Потым выявілася, што вокны выходзяць не на вуліцу, а ў вузкі, падобны на студню, двор і ў вокнах, якія ён умоўна выбраў для яе, жылі, цалкам, магчыма, зусім дрэнныя людзі.Ён чытаў яе кнігі і ведаў, што ў яе ёсць стрыечная сястра. I тое і другое было горш за яе.I вось усё.Тым не менш ён жыў ад сустрэчы да сустрэчы. А цяга ўсё расла і расла.Ён ведаў, што ўсё гэта можа задушыць яго, штурхнуць на дзікія ўчынкі. Таму ён цвёрда вырашыў у бліжэйшыя дні пагаварыць з ёй.Быў канец верасня. Залацістая празрыстасць гэтых асенніх дзён, а можа, і тое, што ён вось-вось вырашыць свой лёс, трошкі супакоілі Андрэя.У гэты дзень Грынкевіч і Вайвадс адшукалі ў раёне Астанкіна старыя могілкі і сядзелі там на лаўцы ў адной з далёкіх алей. Спрачацца яны амаль кінулі, кожнаму было не да таго. Але нават думаць і маўчаць разам было прыемна. Так вось, рука да рукі, яны з’явіліся і ў інтэрнат.Андрэй ледзь паспеў скінуць паліто, калі адчыніліся дзверы і ў пакой увайшоў Баранаўскас, а за ім з’явілася цяжкаватая постаць Вайвадса. Грынкевіч добра ведаў яго, што адразу здагадаўся: здарылася нешта няладнае.– Што такое? – тон пытання быў цвёрды і насцярожаны.