Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

– Бачыш... Словам, табе трэба быць мужным... Яны хоць каго маглі давесці да вар’яцтва сваімі падыходамі.– Хто? – спытаў Андрэй.Баранаўскас працягнуў яму прамакутнічак тэлеграмы. Дзіўна, у Андрэя нават не калаціліся рукі.“Бацька памірае. Прыязджай. Маці”, – прачытаў ён.Далей быў правал. Ён не траціў прытомнасці, ён, як сказалі потым, вельмі разумна і холадна адказваў на пытанні сяброў. Але помніў ён ужо толькі канец збораў: зачынены чамаданчык і паліто, у рукаў якога аніяк не жадала трапляць рука.– Ціха, ціха, – супакойваў яго Баранаўскас.– Я спакойны, – адказаў ён....Ноч была пеклам. Цягнік, грукочучы, імчаў, глытаючы кіламетры. А ён ляжаў на верхняй паліцы, тварам угору, і думаў толькі аб адным: “Толькі б паспець. Толькі б ён выжыў”. А колы запаволена грукаталі: – Па-спе-еш ці не? Па-спе-еш ці не?А потым раптам пераходзілі ў паскораны ляск:– Спяшай-ся, спяшай-ся!Кроплі наўкос паўзлі па шкле. Грынкевіч ляжаў і думаў аб тым, што за чалавек яго бацька. Успаміны плылі перад вачыма. Зрэдку лёгкія і ружовыя ад часу, часцей – такія, якім нават час не мог дапамагчы.– Спяшайся! Спяшайся! – спявалі колы.Калі ён сядзеў у таксі на прывакзальнай плошчы, – твар ягоны быў такі, што шафёр пасунуўся бліжэй да сваёй дзверцы. Машына шалёна імчала вулкамі, правальвалася на спускі і пад віядукі, узлятала на масты і зноў нырала з іх. Мільгалі дамы. А Андрэй сядзеў і пад штуршкі колаў па бруку падлічваў удары пульса, якія там, зусім блізка, здавалася яму, усё слаблі і слаблі.Машына моцна села ў каляіну, паблізу ад былога лабаза. Разлічыўшыся з шафёрам, Андрэй пабег. Бегаў ён добра, але тут, як уяўлялася яму, рухі яго былі не хутчэйшымі за рух слімака на лісце капусты. Ён кінуў свой груз на ганак нейкага дома, ірвануўся наперад і выскачыў на галоўную вуліцу.I тут насустрач яму трапілася пляменніца. Ішла, сціснуўшы ў кулаку нейкія паперкі.– Што? – аднымі вуснамі спытаў ён. – Жывы?– Ты што, не ведаеш? Памёр яшчэ раніцай.Яе маладзенькі свежы тварык яшчэ не прызвычаіўся за кароценькае жыццё адлюстроўваць на сабе гора. Таму выраз гора на яе твары быў хутчэй выразам халоднай пагарды, і Андрэй спачатку не паверыў ёй.– Іду даваць тэлеграмы, – сказала яна, і толькі тады сэнс таго, што яна сказала, увайшоў у свядомасць.Калі яна знікла за рогам дома, яму захацелася сесці на зямлю і не ўставаць як мага далей. Але страшэнным намаганнем волі ён прымусіў сябе ісці. Дома заставалася маці. Ён не меў нават права плакаць, адзіны мужчына ў сям’і.Ля дома стаяў народ. Нейкія людзі змянялі адзін аднаго. Бацька ляжаў галавою ў кут у сваім старэнькім гарнітуры. Аблічча было спакойнае, бровы трохі прыўзнятыя, быццам ён зазірнуў кудысьці за край і пабачыў тое, чаго нікому не дадзена ўбачыць.Маці падышла і прынікла галавою да грудзей Андрэя. Не, ён дарэмна думаў, што яму давядзецца падтрымліваць яе. Яна не магла дазволіць сабе слёз. У хаце таму, што яна была гаспадыня – маці ўсіх тут. На могілках – таму, што не хацела, каб слёзы бачылі аматаркі бясплатных прадстаўленняў.Далейшае праляцела бы ў сне. Дзесяткі людзей, што ўспомнілі аб чалавеку тады, калі ён перастаў ім быць... распухлы ад слёз тварык пляменніцы, дзядзька, разгублены ўпершыню ў жыцці... прамая постаць маці, машына, якая павольна паўзе, пакідаючы за сабою калматыя лапкі ялін.Могілкі былі старыя: беластвольны бярозавы гай на беразе Вастроўкі і зялёная драўляная цэркаўка з гонтавым купалком.