Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Калыхаліся ў вадкім блакітным небе галіны бяроз з пустымі шапкамі грачыных гнёзд. Паветра было халоднае, як кветка астры пад восеньскім дажджом.На шляху да магілы, калі Андрэй хацеў падтрымаць труну, нейкі дбайнік старых звычаяў паспрабаваў адцягнуць яго:– Нельга. Сыну нельга.Перад ім устаў раптоўна дзядзька, адсунуў крыкуна магутным плячом і сам паклаў на плячо Андрэя кепку.– Нічога. Ён цябе безліч разоў на плячах насіў. Пранясі і ты яго... раз.Ля магілы граў аркестр, чыталі прамовы. Новы начальнік установы быў на пасадзе зусім нядаўна і двойчы зблытаў імя нябожчыка па бацьку.I ўсё гэта было не так, як трэба трымаць сябе, калі памёр чалавек. Падтрымліваючы маці, Андрэй глядзеў на верхавіны бяроз, каб не глядзець на натоўп, і думаў: “Людзі адыходзяць. I хоць мне нясцерпна цяжка, я веру, што жыццё яшчэ ёсць. Таму, што маці абаперлася на маю руку”.Працяг думкі ён хацеў быў адкінуць, але потым мужна дакончыў яе.“I таму, што ёсць на зямлі яна. Пакуль яны ёсць – жыццё яшчэ не скончана”.Труна ўваходзіла ў нетры зямлі.Р а з д з е л XIТолькі тут, толькі ў пакоі Яніса праз два тыдні, Андрэй даў сабе волю.Яніс сядзеў у крэсле занурыўшыся, як цяжка натапыраная птушка. Ён ведаў, што тут нічым не дапаможаш, што словы марныя. Андрэй ляжаў на скамечаным ложку, прыкрываючы вочы рукой.– Разумееш, Яніс, я ніколі, ніколі яшчэ не разумеў, як гэта ненавісна, – смерць, каб ёй безгалоўе, каб. Гэта брыдка, гэта агідна, гэта супраць усяго добрага на зямлі: працы, вершаў, кахання, музыкі... I так несвоечасова. Я не паспеў нават зрабіць так, каб ён мог пажыць добрым жыццём, з’ездзіць у падарожжа. Разумееш, усё гэта будзе ў мяне год праз дзесяць, але на д’ябла мне ўсё гэта тады будзе, калі яго няма са мной?.. Нашто смерць?– Смерць – натуральная штука, – сказаў Яніс, – ты супакойся. Я ведаю, табе цяжка. Але, на жаль, ніхто яшчэ не пазбег яе. Усе смяротныя.Андрэй ускінуўся на рукі з нейкай імпэтнай ярасцю. Вочы яго блішчалі.– Не, – сказаў ён, – не. Смерць ненатуральная, як і вайна. Войны таму, што чалавек пакуль што дрэнны. Смерць – таму, што чалавек неразумна жыве. Думаць, што мы паміраем таму, што смяротныя, – папоўшчына, лухта. Складзіце, маўляў, ручкі і цярпіце.Яніс усміхнуўся:– Гэта не папы сцвярджаюць. Гэта – жыццё.– Жыццё?! – Андрэй горка ўсміхнуўся. – Ты проста не ведаеш анатоміі. Мы ўсе, разам з сэрцам, разам з вачыма і слыхам – мы варожыя смерці. Мы ўсе для жыцця, мы ўсе, каб ламаць смерці хрыбет. Што, можа, скажаш, што матэрыя створана для смерці?– У пэўным сэнсе так... – Яніс замяўся.Андрэй пільна паглядзеў на яго вялізнымі вачыма.– Баішся мяне пакрыўдзіць? Кажы.– Бачыш, браце, мы расцём. I кожнае пакаленне трошкі вышэй мінулага... На вышыню магільнага капца... Як кажуць, дыялектыка.– Лягчэй мне было з дыялектыкай, калі ў мяне памерла нявеста?– Я не кажу пра заўчасную смерць.– А смерць у старасці? Нашто? Новых форм чакаць на зямлі не трэба. Фізіялагічна вышэй за нас людзі не будуць. А кожнае новае пакаленне выдаткуе дваццаць год, нават трыццаць год, каб дарасці да ўзроўню папярэдняга.Ён нервова закурыў: – Нас забівае жыццё, подласць моцных, вайна. Але калі-небудзь мы ўстанем... I тады божаму наканаванню смерці прыйдзе канен.Яніс спытаў з відавочным сумам у голасе:– А нам? Можа, і будуць некалі старэць у пяць тысяч год. Але што рабіць нам?– Не ведаю. Нам давядзецца выпіць чашу ў семдзесят... Як бацькам. I, магчыма, для нас ёсць толькі адзін выхад. Адзіны шлях. Жыць кожную секунду. Думаць, рухацца, рабіць кожную хвіліну. Тады, напэўна, за семдзесят год пражывеш, не менш за дрэва, якое трыста год стаіць на месцы... Варта паспрабаваць ва ўсякім разе.