Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Андрэй усміхнуўся сваім думкам: “І яшчэ кахаць.Той, хто кахае – бессмяротны. Ён у кожную хвіліну перажывае стагоддзе. I ён – вораг смерці. Таму, што смерць не для кахання, не для маці тваіх дзяцей. А ўжо для дзяцей, для твайго бяссмерця – менш за ўсё... Толькі кахаць”.За акном увесь далягляд, аж да паловы неба, зацягнула грыфельна чорная хмара. Яна насоўвалася трывожна, з жахлівай павольнасцю, веяла на свет мёртвым холадам. Подых яго адчуваўся нават у пакоі, праз адчыненую фортачку. На пагрозлівым фоне хмары здаваліся белымі нават шэрыя будынкі ўдалечыні.– Будзе снег, – знобка сцепануўся Грынкевіч. Яніс не зводзіў з хмары ясных блакітных вачэй.– Страшная якая хмара, – сказаў ён, – як вайна... Вось яшчэ чаго я не магу зразумець, Андрэй, – вайны. Праўдзівей, таго, што людзі яе забылі.. Нядаўна рэдактар не ўзяў маёй паэмы аб вайне: гэта, кажа, мінулае.– Добрае мінулае. Сіроты і інваліды дагэтуль ходзяць.– I не ў тым справа, – сказаў Яніс, – у душах яна ў нас, ва ўспамінах, у сэрцы. Характары нашы трыклятыя ад яе, дагэтуль яна нас б’е. Забыць нельга.– Так, – сказаў Андрэй, – не дае забыць. Ды яшчэ і “на потым” пагражае. Сусветнае свінства.Андрэй устаў і пачаў апранаць паліто, што вісела на біле ложка.– Прабач, Янка, – сказаў ён, – мне час.– Куды?– Па справах паеду... Слухай, гэта вельмі брыдка, што я ў цябе спытаю?– Што? – На могілках я падумаў, што... пэўна, не скончылася яшчэ жыццё, пакуль існуе маці і яшчэ адна жанчына.– Не Марыя, спадзяюся? – з іроніяй спытаў Яніс.– Не.– Тады не брыдка. I з уздыхам прыбавіў:– У гэтым – жыццё. Андрэй амаль бег па сходах.Справа была ў тым, што ўчора Горава зноў папракнула яго, што ён не заходзіць да яе, і сказала, што звычайна бывае дома апоўдні.– Заходзьце, калі захочаце, Андруша....Горад быццам застыў у чаканні, калі Грынкевіч, пакінуўшы ўтульную і строгую станцыю метро, выйшаў на плошчу.У прадчуванні таго, што павінна было здарыцца, забіліся ў капітэлі калон галубы. Людзей на вуліцах было мала.Бронзавы Маякоўскі пасярэдзіне плошчы горда ўздымаў насустрач хмарам прыгожы грубаваты твар.Узняўшы каўнер паліто, ён накіраваўся ў напрамку яе дома.Першыя мокрыя сняжынкі ўпалі на асфальт, калі ён спыніўся перад парадным.Дом гэты быў адным з тых дамоў, што будаваліся ў гады “мадэрну” праз меру ўзбагацелымі біржавымі дзялкамі. Высокі, блакітны з крэмавым, нядаўна, відаць, пафарбаваны, ён з нейкай нават вясёлай пагардаю глядзеў на шумлівую вуліцу, на чалавечы натоўп, на аголены сквер, на недарэчны сілуэт высотнага будынка непадалёк.Андрэй памарудзіў хвіліну і, быццам у халодную ваду, нырнуў у парадны.Там было ціха і цемнавата. Бязгучна плылі за вокнамі дзвярэй чалавечыя постаці. Драмала ў крэсле вахцёрша з тварам, які, здаецца, падазраваў усіх нават у сне.Узабраўшыся на другі паверх, Андрэй спыніўся перад дзвярыма, за ліфтам, і страшэнным намаганнем волі – рука ўсё абрывалася ўніз – націснуў званок.Зараз. Зараз яна павінна была выйсці насустрач, усміхнуцца яму, прапусціць у просты светлы пакой, сесці насупраць і сказаць:– Доўга ж вы збіраліся, палескі лайдак.За дзвярыма забрахаў сабака, тоненькім галаском, быццам прасіў прабачэння. У цішыні пачуліся крокі. Ляснуў запор.Андрэй пабачыў мужчыну, цёмнавалосага, з высокім, трохі залысым лобам. Постаць цяжкаватая, пагляд вачэй разумны і шчыры. Выраз аблічча – з той добрай, трохі занадта інтэлігенцкай іранічнасцю, якую Андрэй і любіў і не любіў у людзях свайго асяроддзя. Ён лічыў яе занадта гарадскою. А ён хоць і інтэлігент, хоць і праўнук інтэлігента – быў усё ж правінцыял і любіў добрыя якасці менавіта правінцыяльных інтэлігентаў: павышанае пачуццё сумлення, амаль дзіцячую чысціню помыслаў і поглядаў на свет, бязмежную, трохі наіўную веру ў людзей – якасці ў тым-сім старамодныя.