Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Андрэю стала няёмка, ён быў самай дрэннай думкі пра сваю знешнасць. У гэтым заўсёды пераконвала яго і маці.– Вочы ў мяне, як у саламандры, пукатыя, ногі – з-пад пахаў растуць. Не трэба, Ірына Сяргееўна. Яна засмяялася:– Няпраўда, Андрэй. Я не хлушу. Вы сапраўды... як анёл са старажытнай іконы. Гэтым і адрозніваецеся.Яніс паглядзеў на іх, выцягнуў папяросы і пайшоў курыць у хвост машыны, да маленькай Анкі, якая замрэяна глядзела ў акно.Вакол Андрэя і Ірыны стварылася невялічкая “зона пустаты”,– Давядзецца мне, відаць, вам паверыць, – ціха сказаў Андрэй, – таму што гэта вы не першая кажаце мне.– Тая, што ў “Смерці на світанні”?– Тая.– Яна была харошы чалавек?– Вельмі.– Гэта жахліва, – сказала яна, – я калісь таксама страціла вельмі блізкага чалавека. Так па-дурному прыйшла смерць... Амаль хлапчукі... З вінтоўкамі супраць танкаў.Яна знобка павяла плячыма:– А я яшчэ думала, чаго гэта вы не ажэніцеся... Па тыпу вы зусім не належаце да старых кавалераў.– Ну, а што б вы мне параілі?– Не жаніцеся. Мастак павінен быць незалежным. Горшыя ворагі мастаку – хатнія яго.– А калі каханне?– Ну, вялікае пачуццё – гэта зусім іншая справа, – сумна сказала яна. – Але такое прыходзіць рэдка... I, на жаль, не да ўсіх.Сцежка мільгнула ў баку ад дарогі, прытульна пацягнулася кудысьці ў лес, быццам запрашаючы пайсці па ёй.– Добрая сцежка якая, – сказаў Андрэй. – Вось так бы і пайсці па ёй, каб вялікі груз быў на тваіх плячах, а маленькі – на плячах другой.– Адам і Ева? – прыўзняла яна зламаныя бровы.– Але ж яны пакінулі рай даўно.– Нічога, – сказаў Андрэй, – шлях яшчэ цягнецца. I невядома яшчэ, куды ён прывядзе.Галіна Іванаўна ўбачыла вузкую стужку рачулкі і паляпала да шафёра:– Спыніцеся, Косця. Пабудзем тут хвілін дваццаць.– Бачыце, – сказала Горава, – вашы жаданні збываюцца.– Толькі Евы няма, – збянтэжана сказаў Андрэй, засаромеўшыся яшчэ больш, і з нейкай ненатуральнай фацэтнасцю прыбавіў: – Прысутнасць Еў робіць норавы больш мяккімі і высакароднымі.Яна засмяялася:– Божа, як велягурыста! Нельга ж дазволіць, каб чалавек, ды яшчэ паэт, гібеў у жорсткім і невысакародным стане....Аўтобус спыніўся. Хлопцы і дзяўчаты рассыпаліся па беразе. Хто смяяўся, хто спяваў, хто проста шпурляў у ваду каменні.Баранаўскас з энергіяй, вартай лепшага ўжывання, адразу залез на бярозу і крычаў нешта дурнаватым голасам.– Баранаўскас, злазце адтуль, – хвалявалася Галіна Іванаўна, – хто вы такі, нарэшце?– Снежны чалавек. – Баранаўскас сеў на галіну, звесіўшы ногі. – Я аднойчы выказаў меркаванне, што снежны чалавек – гэта здзічэлы вясковы настаўнік. Чамусьці ніхто гэтым асабліва не захапіўся.Горава засмяялася, ідучы поплавам да невысокага ўзгорка на беразе. Андрэй пайшоў поруч з ёю. Яны раз-пораз нахіляліся: ён, ірвучы кветкі, яна – вузкія лёзы светла-зялёнага шчаўя.Сцежка ўзбегла на пагорак, з яго адкрыліся выгібы рачулкі, а за ёю замрэяныя, зажураныя, бясконцыя лясы.Ветрык адтуль варушыў растрапаныя пасмачкі на скронях жанчыны.– Глядзіце, крумкач, – сказаў Андрэй.Крумкач сядзеў непадалёку, у траве, згорбіўшыся і схіліўшы галаву з невідушчымі вачыма, змрочна-панылы, вугальна-чорны і вялізны, як птэрадактыль. Гарбатая, з нарасцямі ад доўгіх год, дзюба была ўнурана ў зямлю.– Старажытны які, – задумліва сказала яна, – як вы мяркуеце, Андрэй, аб чым ён думае?– Гм... бадай што, і скажу... Учора быў дзень яго анёла. Яму мінула чатырыста год.