Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

– Не.– Тады ўжо слухайце да канца. Вы чалавек моцны. Выслухайце самае дрэннае, што я пра вас думаю, каб больш не вяртацца да гэтага.Яна курыла, гледзячы паўз яго. Цыгарэта часам уздрыгвала ў яе пальцах.– Ну. Не бойцеся. Мае плечы вытрымаюць.– Я нічога не баюся. Я павінна сказаць вам пра гэта, бо жадаю вам дабра больш, чым каму з вашых сяброў, і хачу зрабіць, каб вам было ясней жыць. Пастараюся зрабіць... калі паспею.Аблічча яе ў святле лямпы стала амаль суровым, і раптам яна глянула на Андрэя, быццам душу выцягнула на святло адным гэтым пільным позіркам.– Я за вас баюся, – сказала яна. – Вы занадта бурхліва ўварваліся ў жыццё. Быццам з мячом у варожы строй. А сказаць слова, каб усе здрыгануліся, вы пакуль што не можаце. I таму па-пустому гарыцё. Пачакайце, пакуль здолееце сказаць. Біць і лашчыць трэба раз, калі гэта да канца неабходна і напэўна. Каб той, каго б’еш, лёг, калі гэта сапраўдны вораг. I трэба ўсяляк берагчы сябе, бо не для сябе жывеш, а для літаратуры. А пісаць трэба аб тым, што ўласціва толькі табе і нікому больш.Яна прыгасіла цыгарэту, спляла вузкія пальцы.– Дарэчы, і з жанчынамі. Вы ведаеце, што Марыя прыходзіла да мяне?– Не ведаю.– Якой вы думкі пра яе?– Я ніколі не кажу дрэнна пра жанчын, якія былі са мной.Жанчына ўважліва паглядзела на яго:– А ўсё ж?– Я думаю, што я размяняўся.– Магчыма. Не буду вас расчароўваць, але ёй былі патрэбны не вы, а цеплыня поруч з сабою... I яшчэ гэты жах самоты... У яе цяжкі лёс, Андруша, так што глядзіце самі і памятайце толькі, што не вы ў яе першы, ды і яна ў вас – таксама.– Я ведаю, разумею, – сказаў Андрэй. – Студзіш сабе сэрца, губляеш адчуванні. I абыякавасць позніх год наступае таму, што губляеш смак, і табе ўжо ўсё роўна, што адчуваеш. Як усё адно старому сабаку, якім ветрам пацягнула. I няма той радасці, як у дзяцінстве ад паху пачкі з каляровымі алоўкамі.– Гэта вы добра сказалі наконт алоўкаў... Я калісьці таксама дзякавала за ўсё, што адчувала. Радасць або такі боль, што ўся душа адрываецца, – усё адно, усё адно дзякуй, дзякуй табе за ўсё, жыццё. Сэрца абліваецца крывёй – дзякуй. Паміраю – дзякуй... Зараз прывучылася трохі літаваць сябе, берагчы сілы.– Што ж вы мне параіце?– Нікому нічога не параіш. Жывіце. Дзеля яснай, вельмі далёкай мэты. І калі ўжо кахаеце кагось, то трэба, як матылю ў казцы, ляцець не на газавы ліхтар, а да далёкай зоркі. Кожны дзень ляцець і вяртацца, толькі калі смяротна стомяцца крылы.– Раптам не даляціш, што тады?– Усё адно. Рана ці позна, а яна злітуецца з вечнага імкнення, сама пачне набліжацца да матыля. I астатнія зразумеюць: яны дарэмна ляцелі на ліхтары,– А калі зоркі няма?– Калі яна была і згасла? Што ж, запалае новая. А не запалае – лепей быць самому. Не выпадкова Мікеланджэла і Леанарда былі самотнымі. Гэта закон. Любі тое, што робіш, вышэй за ўсё.– Гэта цяжка.– А што лёгка? Можа, лягчэй наогул жыць? Жыццё ідзе да лепшага. Фільм быў такі, недзе ў Канадзе махляры будавалі грэблю, нішчылі гэтым біясферу. I вось... З грэблі, што трымае пачуцці і думы, выпаў кавалак бетону, і стала зразумела: вады не спыніш. Жыццё ідзе, і мэта яснее. I таму жахліва, калі чалавек лічыць, што галоўнае – бачыць сябе на старонках друку. Праца – пакута. I недарэмна той, каго завуць Хрыстом, сам цягнуў свой крыж. Не голас бога асудзіў яго на гэта, а проста тое, што ён не мог іначай. Як усе сапраўдныя...Уздыхнула.– Гэта незвычайны час, у якім жывём мы. Адзіны варты здзіўлення нашчадкаў. Трэба памятаць гэта.