Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Р а з д з е л XIVНаступных тыдняў ён амаль не памятаў. Яны падзяляліся на дні. Адны з гэтых дзён цягнуліся нудна, як панядзелкі, і доўга, як крымскі палон. Другія ляцелі хутка – гэта калі яна была поруч.У гэтыя хуткія дні таксама было мала падзей, але можна было ўвесь час глядзець на смешны рух вуснаў, якім яна здзьмухвала бязважкую пасмачку попельных валасоў са шчакі, на светла-жоўтыя пальчаткі, на калматы цёмна-шэры берэт.Аднойчы ён дапамог ёй выйсці з аўтобуса, і Андрэю, як хлопчыку, было патрэбна так мала, каб шчасця хапіла на цэлы дзень: няўлоўны цяжар рукі, якой яна абаперлася на яго моцную далонь.Ён як быццам чакаў выпадку, хоць ведаў, што яго не можа быць. I толькі аднойчы выдаў сябе.Ездзілі ў Каломенскае. Глядзелі царкву Увазнясення. Яна была прыгожай, але Андрэй не мог любіць яе, як Пакроў на Нерлі. Магчыма, таму, што там было віраванне і звон светлага смутку напрадвесні, а тут прыгажосць стаяла на прагна расстаўленых белакаменных ганках, і гэта было толькі ўсталяванне ўлады, уласцівае для часоў “трэцяга Рыма”.Галіна Іванаўна пачала, відаць, заўважаць нешта. Глядзела на хлопца цёмнымі спачуваючымі вачыма, часам клала румяную шчаку на далоньку і сумна, па-вясковаму, па-бабску, пахітвала галавой.I тут, на жоўтай лугавінцы над адхонам, яна не вытрымала, адвяла Грынкевіча ўбок і заўважыла, што ён страшэнна змарнеў, стаў падобны на мумію і, напэўна, закахаўся ўшчэнт, і гэта, аднак, зусім яго не прыкрашае.Андрэй стаў разупэўніваць, і пасля гэтага яму стала здавацца, што нават руды конь, які скуб непадалёку сухую, забітую зазімкамі траву, зразумеў яго і мае ласку глядзець на яго паводзіны з сарказмам і іроніяй.Трэба было берагчы імя Ірыны. А яна, як назнарок, сама лезла на ражон. Калі ішлі ў прыказны і ў палату гадзіннікаў, – казала, што курсанты-грузіны быццам бы не пайшлі таму, што знайшлі непадалёку шашлычную і што Грынкевіч сумны таму, што не адважыўся ўцячы з імі. А калі спусціліся ўніз і выявілі, што дзверы нехта замкнуў, – яна, гарэзуючы, выказала меркаванне, што гэта таксама зрабіў Андрэй – з цягі да моцных уражанняў.Зноў палезлі па вінтавых сходах шукаць другі выхад. Сходы былі стромыя, і Грынкевіч, каб развеяць няёмкасць, сказаў завучу, якая ішла наперадзе, каб яна спакойна сабе падала, спадзеючыся на яго. Тая заявіла, што ў яе няма намеру быць гэткай легкаважнай.I тады Андрэй пабачыў, яшчэ вышэй, вочы, якія смяяліся.– Што вы, Галіна Іванаўна, няўжо вам было б непрыемна ўпасці ў абдоймы беларускай паэзіі?Зарагаталі ўсе, а Андрэй у апраметную праваліўся б, абы не чуць такога.I ўсё ж ён выдаў сябе, нягледзячы на няёмкасць. Мёртва чарнелі ў паўдзённым прысмерку кастрычніцкага дня дубы. Бетон, заліты ў іх дуплы, здаваўся белым і халодным, як лёд, быццам дрэвы заледзянелі да сэрца. Там-сям жаўцелі яшчэ на верхніх галінах скручаныя ў трубачку моцныя лісты. Але туман стаяў між дрэвамі, укрываў дробнай халоднай імжою сцябліны бадзякоў і варсінкі на шапачцы Ірыны. Выплыў з гэтага туману бярвенчаты домік Пятра, і адчыніліся дзверы, і людзі апынуліся ў пакоі з вузенькімі вокнамі. Тут змрок здаваўся яшчэ гусцейшым, таму што сцены былі чорныя, цвёрдыя ад куродыму, як косць.I ў паўзмроку Андрэй убачыў яе вочы, удвая большыя, чым на самай справе.Ён адчуў, што пайшоў бы з ёю нават у курную хату, цяжка карчаваў бы ляды, толькі каб вечарам ляжаць пад валакавым акенцам і пры святле лучыны ў лучніку глядзець, як яна прадзе. Усё было лепей, чым быць паэтам, але без яе.