Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Напэўна, на хвіліну ён перастаў трымаць на твары маску абыякавасці. А можа, вочы яго таксака былі ўдвая большыя і таму страшныя. Але ён убачыў, як шырыліся ў цемры яе зрэнкі, як злёгку адкінулася назад, бы ад спалоху, яе галава і як адначасова ўся яе постаць пацягнулася да яго, нават злёгку дакрануўшыся плячом і потым зноў адхіліўшыся. Астатнія дзве гадзіны яна не жартавала. Глядзела кудысьці паўз яго, думаючы аб нечым, і маўчала. Маўчала і яшчэ некалькі дзён, часам кідаючы на Андрэя вельмі дапытлівыя і як быццам спалоханыя позіркі з-пад густых веек. Маўчала і потым. Маўчала, пэўна, цэлую вечнасць. Маўчала нават тады, калі ездзілі глядзець Круціцкае падвор’е, і Андрэй, асабліва расчулены, бо ведаў з рукапісу прабабкі, як любіў Круціцкі церамок той Гораў, здольны быў ледзь не плакаць ад замілавання, гледзячы на яе.Ён паспрабаваў быў нават расказаць ёй, што будавалі церамок майстры і дойліды, вывезеныя з яго радзімы, з яго роднага Вострава, але яна сказала яму, нават з нейкай злосцю:– I як гэта яны здолелі?– Сам здзіўляюся, – спрамогся знайсці ў голасе іронію Андрэй.Забіць сябе варта было за гэтыя словы! Трэба ж было бачыць, што злосць была толькі ў словах, а вочы былі звычайнымі вачыма лясной касулі, калі яна ідзе на саланчак, бо не можа іначай, ідзе, цвёрда ведаючы, што недзе тут сядзіць паляўнічы.– Прабачце, – сказаў ён. – Я дорага даў бы, каб не сказаць апошніх слоў.Гэта было яшчэ горш. Быццам чалавек гуляў у асаблівую высакароднасць. Але выпраўляцца не было калі, і ён ціха сказаў Ірыне:– Вам не трэба гэтага. Нашто абражаць гэтую чырвоную цэглу, небывалыя купалы і гульбішчы? Вы лепшая за ўсё гэта, а хочаце здавацца горшай.I дадаў:– Вам ніхто не паверыць, Ірына Сяргееўна. У гэтым вам ніхто не паверыць. А я – першы. I вы дарэмна так з намі.Яна змоўкла. I маўчала зноў усю дарогу, сядзела на першым ад яго сядзенні. Андрэй глядзеў на яе і зусім непадалёк бачыў яе валасы, скручаныя цяжкім вузлом, яе тонкія плечы і ўласцівую ёй, непаўторную сумную ўсмешку.Гэтая ўсмешка згасала па меры таго, як усё гусцей абступалі вуліцу і грувасціліся адзін над адным цагляныя дамы, як усё мацнеў грукат трамваяў і ярасны спеў горада.Яна згасала, і вусны цвёрда сціскаліся ў рашучай і халаднаватай складцы.Ужо сыходзячы з аўтобуса, яна павярнулася да яго. – Заходзьце дваццаць сёмага, у дванаццаць гадзін.Потым яе маленькая рашучая постаць, усё змяншаючыся, звярнула ў завулак і згубілася ў шалёным віраванні натоўпу, у грукаце гарадскога дня....Усе дні да дваццаць сёмага Андрэй думаў, ці ўзяць яму да Горавай сваю паэму. Яна і падабалася яму і не падабалася. Гэта было лепей за бясхмарныя ранейшыя вершы, але здавалася яму бездапаможнай лухтой нават пры адным успаміне пра голас Ірыны, пра музыку і сэнс яе слоў. Для каханай нельга складаць пасрэдныя вершы.I ўсё ж ён узяў паэму з сабой. Перш за ўсё таму, што ведаў: гэта не будзе непрыемна ёй.Калі ён ехаў на таксі, выгляд у яго быў такі, што зубастая баба-шафёр, высаджваючы яго, сказала:– Катай, хлопча. У мяне рука лёгкая.I ад гэтага спачування невядомай, зусім чужой маскоўскай жанчыны нават хвіліна чакання, перад тым як пазваніць, здалася ўпершыню лёгкай.Няўпэўнены брэх сабакі, цьмяная худзенькая фігурка ў паўцемры, лёгкі крок, якім яна плыла перад ім у пакой, рука, якая пасадзіла яго на канапу, аддзяліўшы ад сябе італьянскім сталом – усё гэта плыло перад Андрэем бы ў тумане.