Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Грынкевіч адчуваў, што ён любіць шэры дзень за вокнамі, любіць таршэр, зроблены з алебастравых, трывожна-зламаных трохкутнікаў, любіць самое паветра ў гэтым доме.Сабака паклаў яму на калена галаву, – і гэта была таксама захапляючая радасць.Адчуваючы, як хваля любові да ўсяго на свеце перапаўняе грудзі і вось-вось задушыць, цвёрда ведаючы, што не мог быць падманам пагляд шэрых вачэй у каломенскім доміку, адчуваючы, што яму нельга не сказаць, што нават вочы сабакі чакаюць ад яго гэтага, ён адкрыў рот і сказаў раптам зусім не тое:– Вы ведаеце, што я чакаў вашай лекцыі, яшчэ ні разу не ўбачыўшы вас.Яна аж галавой страсянула:– Даволі раптоўна. Вы жахлівы чалавек. Ніколі не ведаеш, чаго ад вас чакаць. Што здарылася?Андрэй палез у кішэнь, дастаў адтуль лісток з прабабчынага рукапісу і працягнуў ёй. Здзіўлена прыўзняліся бровы:– Гэта што?– Чытайце.–“I зараз, стоячы на парозе апошняй мяжы, прайшоўшы нясцерпны доўгі і цяжкі шлях, я, страціўшы надзею і яшчэ многае, не губляю веры ў будучыню і жыццё толькі таму, што была ноч на пароме, дзе суайчыннік у неразумнасці забіў наша жыццё, а вораг паспрабаваў дапамагчы і, стоячы пад кулямі, да канца бараніў годнасць і сумленне чалавека. Юрый Гораў з Масквы. Хай бясхмарным будзе яго шлях. I, магчыма, унукі мае цеплынёю і адданасцю дапамогуць яго ўнукам, калі толькі звядзе іх на гэтай зямлі халодны лёс...”Аблічча Ірыны было бледнае, і вусны трохі дрыжалі.– Што гэта?– Ці не быў ваш дзед або прадзед афіцэрам падчас паўстання шэсцьдзесят трэцяга года?Апусціліся вочы. Потый, ледзь чутна, яна сказала:– А што?Грынкевіч, пільна гледзячы на яе дрыжачыя веі, расказаў ёй аб падзеях на пароме. Яна слухала моўчкі і толькі па нервова сплеценых пальцах можна было заўважыць цень нейкага хвалявання....Ён скончыў...– Гэта добра і прыгожа, – сказала яна. – Але я не ведаю, ці быў тады на Беларусі мой прадзед.– Думаеце, што гэта не ён?– Чаму не, думаю. Проста нічога не ведаю аб ім.– Як было імя па бацьку вашага дзеда?– Н-не тое... Пэўна не тое.Дзіўна, але Андрэй адчуў разам з расчараваннем і некаторае заспакаенне.– Што ж, – сказаў ён. – Гэтае няведанне ўсё адно збліжае нас. Усё магло быць. Я веру.– І я.Андрэй пабачыў на сцяне партрэт жанчыны, напісаны ў адценнях зялёнага колеру. Нешта нагадваў яму гэты партрэт, асабліва характэрным прыкусам вуснаў. Каб існаваў “зялёны Пікаса” і каб гэта быў не Пікаса, а правінцыяльны выкладчык мастацтва, які працуе “пад Пікаса”, то атрымалася б нешта падобнае на гэту карціну. Магчыма, ён, Андрэй, проста нічога не разумеў, але гэтая зялёная жанчына, напісаная пэндзлем, на якім не ляжала пячаць генія, здавалася яму ненатуральнай і асабліва брыдкай. Брыдкай таму, што кагосьці няўлоўна нагадвала.– Вы хацелі штосьці прачытаць мне, – адарваў яго ад думак голас Горавай. І таму, што яго захапілі знянацку, таму, што пачыналася тое, самае важлівае, чаго ён чакаў восем год, ён адчуў, што сэрца яго захаланула і абарвалася ўніз.– Толькі не перабівайце мяне.Рука з рукапісам дрыжала, і добра было, што жанчына не бачыла гэтага за сталом, бо стрымаць сябе ён не мог.Брыдкі, халодны асенні дзень. Таксі прыцішаюць бег...Мужчына чытаў, апусціўшы вочы, не маючы змогі ўзняць іх. Ён баяўся ўбачыць яе аблічча, прачытаць на ім іншае, непажаданае. Потым ён шкадавау аб гэтым, яму хацелася бачыць усё. Але тады ён не мог.Толькі на палове рукапісу ён авалодаў сабою. Хваляванне ставала ўсё мацнейшым.