Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Кроў кінулася яму ў твар, а голас загрымеў, запаланіўшы пакой.Ён скончыў, і настала цішыня, доўгая, гнятучая. І раптам ціхі голас, у якім недзе глыбока на дне гучала штось падобнае на балючую пакорлівасць лёсу, сказаў: – Нашто вы гэта, Андруша?– Я сам ведаю, што дарэмна. Але я больш не мог. Цяпер мне лягчэй.– Вы ж мяне зусім-зусім не ведаеце.– Я ведаю вас лепей, чым вы самі.– Я чалавек цяжкага лёсу. Вайна зачыніла перада мною дзверы ў тэатр. Абмарожаныя ў сорак першым рукі – у музыку. А я... мне гэта было даражэй за жыццё. Што мне засталося? Пісаць кнігі і тлумачыць другіх. Нешта накшталт прычотніка пры храме мастацтва. Нашто вам гэта? Нашто вам я?Сківіцы мужчыны рухаліся цяжка, і голас быў глухім.–Усё яшчэ будзе, – сказаў ён. –Пачнём разам... Вы дзівосная. Няўжо вы не падумалі, што гэтым яшчэ больш прывязваеце мяне да вас. Я кахаю не толькі за душу, за вашу прыгажосць і розум. Я не ведаю, што вас вяжа да гэтага чалавека, але паверце разумнаму сэрцу, гэты дом не для вас. А наперадзе столькі дзён, столькі сапраўднага жыцця!Плескануўся па яе твары затоены боль. Зябка скалануўшыся ў крэсле, яна сказала: – Я вам зараз скажу тое, чаго нікому яшчэ не казала. I паверце, гэта вялікая ахвяра з боку жанчыны... Асабліва ў такі момант. Калі ласка, прынясіце мне цыгарэты з гасцінай.Ён прынёс і сеў на сваё месца. Насцярожана цягнуліся хвіліны. Гадзіннік адбіў чарговую палову гадзіны.– Што ж, – сказала яна, – вы, вядома, самі ведаеце, як было ў сорак першым. Немцы ў кастрычніку ўзялі Валакаламск, іхнія танкі ўварваліся ў Мажайск. Пятнаццатага кастрычніка Масква пакідала Маскву...– Але. Я ў той час таксама быў у Маскве... І апалчэнцаў бачыў – хлопцы ў акулярах і дзяўчынкі з танюткімі рукамі.Андрэй бачыў, што ёй нясцерпна цяжка гаварыць, і таму даваў ёй час на роздум і мужнасць.– Страшны быў горад, – сказаў ён. – Надаўбы стынуць. Кожнае акно распята на папяровым крыжы. Касыя, белыя... Пасля – сібірскія палкі. I апалчэнцы...– I я была сярод іх, – сказала нарэшце яна, зацягваючыся цыгарэтай. – Мне ўдалося прыбавіць сабе гады... Разам з адным хлопцам...– Вы... кахалі яго?– Бадай што, – сказала яна. – Своеасабліва, як можна кахаць у пятнаццаць год.– А ён?– Ён таксама. I не толькі ён... Быў у нас камандзір аддзялення, Міхал. Сапраўдны дзед у параўнанні з намі. Яму было дзевятнаццаць.– Якія яны былі?– Розныя... Зусім... Камандзір быў вясёлы, уладны, жарсткавата-ўпэўнены. А з другім, з... Віцем, мы пазнаёміліся за тры месяцы да вайны. Ён пераехаў да нас, у Замаскварэчча, з Пісцовай...Памаўчала.– Я пачала забываць ягоны твар... Але вы... чымсьці нагадваеце мне яго... Мы сталі на пазіцыю ў раёне Нара-Фамінска, усе нашы хлопцы і дзяўчаты... Чакалі. У гібель не верыў ніхто, хоць вінтоўка была адна на дваіх. Ну і яшчэ бутэлькі з запальнай сумессю... Гэта было не шаснаццатага, а васемнаццатага...Ёй цяжка даваліся словы, і таму Андрэй памог:– Я напярэдадні скідаў запальныя бомбы з дахаў. Наш дом стаяў за Зацэпе... Якраз каля разбуранага бомбай рынку. Раніцай спаў, а потым мы паехалі разам з дарослымі на акопы. Туды ж, пад Нара-Фамінск... Дзіўна, мы маглі б сустрэцца яшчэ семнаццаць год таму... А яшчэ ён які быў, ваш друг?– Харошы. Часам я дзіўлюся, як апалчэнцы маглі стрымаць немцаў на дзень-два, да падходу сібірскіх палкоў. Але потым успамінаю яго. Вось такія – пяшчотныя, чыстыя – яны страшныя былі, калі закранулі дарагое для іх. Такі быў і Віця. Ён мне аднойчы расказваў, як яны кралі з ледніка лёд, увесь у апілках… У адным кавалку быў карась. Замёрз і ляжаў у крыштальнай труне... Лёд растаў, і карась аджыў. Ён выпусціў карася ў Чыстых Прудах...