Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Зацягнулася:– Яшчэ напярэдадні вайны мы нічога не ведалі, хадзілі з ім каля Чырвонага Клімента. Сонца сядала за дрэвы. I лёталі галубы... Ён даў мне, падабраўшы, адно пяро.– Што ж здарылася ў той дзень? – спытаў Андрэй.– Пачалося з абстрэлу. Калі ён скончыўся, усё поле было перакапанае, быццам тут цэлы тыдзень рылася свіння. Вялікая, са слана. А потым немцы пусцілі супраць нас пяхоту і танкі. Цяжкія танкі “Валянцін”... I тут здарылася дзіўнае. Нас было дзве сотні амаль дзяцей. I мы адбілі танкавую атаку... Віця спаліў адну з машын... А нас асталося пяцьдзесят чалавек... I такое ап’яненне – маўляў, вось варта было нам прыйсці – і вораг уцякае, – што гэтыя пяцьдзесят кінуліся ў контратаку... Дурныя, харошыя былі хлопцы... Камандзірам удалося іх затрымаць... Віцька падабраў нямецкі аўтамат і прыкрываў чэргамі тых, што адступалі да сваіх акопаў. Я была непадалёк. I тут... тут міна трапіла якраз у тое месца, дзе стаяў ён... Я яшчэ паспела ўбачыць: высокі такі, чорны, маслісты слуп дыму і зямлі... I потым цемра... Мяне падабралі хлопцы. Міхал сам адправіў мяне ў медсанбат... Але што яны маглі тады? Асколак сядзіць у калясардэчнай сумцы і цяпер.Андрэй сядзеў моўчкі і глядзеў туды, у куток, дзе гусцела цемра і дзе нерухомая, са сплеценымі на каленях пальцамі сядзела яна.Зноў аддаўся меладычны звон у глухіх пакоях. I зноў стала цішыня.– Ясна, – сказаў Андрэй.Насцярожаныя людскія вочы глядзелі на яго са сцен.– Ён памёр, – сказала Ірына. – Пяць год я жыла і не жыла...– А камандзір аддзялення? – спытаў пасля паўзы Андрэй.– Гэта мой муж.I, як быццам апраўдваючыся, сказала:– Я чакала, і ён чакаў. Не стамляўся чакаць. I казаў, казаў мне словы... Што мне было да жыцця пасля той смерці? Жыццё адабрала любы шлях, жыццё адабрала любага чалавека... Я згадзілася.– I няўжо нашы медыкі нічога не могуць зрабіць?– А што яны могуць? Зараз усё запушчана. У сумцы стварыўся рубец. Чым гэта можа скончыцца, вы ведаеце.Андрэй маўчаў. Потым сказаў амаль бязгучна:– Можа, мне варта было б маўчаць. Але маўчаць я не магу. Я кахаю вас. Нават больш чым гадзіну таму.– Ды няўжо вы не разумееце, – успыхнула яна, – няўжо вы не разумееце, што праз год... заўтра... сёння можа быць канец? Няўжо вы не разумееце, што я не хачу гэтага для вас, што я не хачу для вас яшчэ і гэтага гора?Ох, як загарэліся яе шэрыя вочы! А рука шукала цыгарэту ў пачцы.– Кіньце курыць, – жорстка сказаў Андрэй. – Я не дазволю гэтага больш.– Усё адно, – яна ўдарыла сябе далонню ў грудзі. – Зразумейце, цень нада мною. Я не хачу, каб вы двойчы перажылі тое, што перажылі аднойчы...Мужчына нахіліўся да яе ў цемры, паклаў пальцы на яе руку.– Ведаючы, што няшмат мне дадзена год, што ўсё адно мне не жыццё без вас, – як бы я вас кахаў.Яна сумна ўсміхнулася, трохі заспакоеная яго словамі:– Гэтага мала. Я нават і як жанчына старая для вас.– Вы – дзяўчынка. Божа, каб толькі ў гэтым была справа. Я б вас пераканаў.– Андруша, мілы, не трэба. Вы паэт, і будучыня ў вас вялікая. Нашто гібець вашаму жыццю з-за паміраючай?– Гэта даўно ў мяне, – быццам не пачуўшы яе слоў, сказаў Андрэй. – Я імкнуўся адужаць гэта, але забыць не мог, не магу, не хачу. Што мне да ўсіх гэтых слоў і прычын, калі мне нельга... без вас.– Пачакайце, – сказала яна і задумалася. У мёртвай цішыні кватэры чуўся толькі мяккі стук гадзінніка.Сабака лашчыўся да ног Андрэя. I мужчына закрыў яму вочы калматымі вушамі, каб ён нават позіркам не парушыў цішыні.