Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

– Я не скажу вам “не”, – сказала нарэшце жанчына. – Пачакайце. Я павінна многа думаць. А як я да вас стаўлюся – пра гэта няма чаго і казаць.Яна ўстала, даючы зразумець, што ёй трэба застацца адной. Андрэй устаў таксама. Яна ўзяла далонямі яго галаву і з дзіўным, нейкім пакутліва-лікуючым, засмучаным выразам пацалавала яго ў лоб. А ён узняў рукі і абняў яе, пяшчотна і амаль бязважка, адчуваючы пад далонямі ласкавую мяккасць тканіны і пад ёй нясмелую цеплыню спіны.– Я не думаў, што змагу, як хлапчына, насіць вершы, мерзнуць на тратуарах, з трапятаннем чакаць серады і суботы, паміраць у астатнія дні. Не думаў, што ў мяне будзе падаць сэрца, калі ўбачу на вуліцы кагосьці падобнага, убачу падобнае паліто, падобны вузел валасоў. О-ох!Нахіліўшыся, ён цалаваў яе вочы, адчуваючы, як уздрыгваюць веі пад яго губамі. А яго вялікія далоні трымалі і лашчылі яе кволыя і моцныя плечы, рукі, запясці рук.– Будзьце лепшай са мной, – прасіў ён. – Кожны дзень – першая думка мая пра тое, што жыццё гожае, таму што ёсць вы.Нясмела адрываючыся ад яго, яна нарэшце сказала перарывістым голасам:– Ідзіце, ідзіце адсюль... Вашым каханнем прашу. З цяжкім уздыхам ён апусціў рукі, зняў паліто з вешалкі, апрануў яго і раптам цалкам лагічна сказаў:– Чорт, забыў... Гэта вам.I, засунуўшы руку ў кішэнь, дастаў адтуль і падаў жанчыне вялізны барвяны гранат, велічынёю з дзіцячую галаву. – Сімвал?– Н-не ведаю... Які?– Мадонна на старых карцінах заўжды трымала гранат у руцэ. Сімвал улады.– Трымайце, – сказаў ён. – Як сімвал улады нада мной.Р а з д з е л XVЯніса амаль цэлы месяц не было ў Маскве. Быў у Рызе. Сам зняволіў сябе ў Доме творчасці і пісаў там новую паэму. Яму лепей за ўсё пісалася позняй восенню, у лістападзе, калі над зямлёю нізкае шэрае неба, туман ляжыць на верхавінах дрэў і нават апалая лістота паспела згубіць свой залаты колер і стаць грыфельна-шэрай.Ён проста быў моцны і жыццярадасны чалавек. А такія любяць восень. I любяць працаваць увосень, таму што ў астатнія поры года жыць хочацца больш, чым пісаць.I вось у гэты дзень ён уварваўся ў пакой Андрэя, не пастукаўшы, і яшчэ з парога загарлаў:– Здароў, самотны рымлянін. Андрэй скочыў, як бы яго шылам парнулі. Так яны і стаялі, абняўшыся: Яніс у мокрым ад лістападаўскага дажджу плашчы, а Андрэй – у трусах і майцы.– Дружа мой. Сядай. Як пісалася?– Геніяльна.– Што напісаў?– Напісаў, брат, сумную рэч. Паэму аб маці. Яніс сеў:– Быццам зноў прайшоў шлях. Уся гэтая гарота, нястача, слёзы... I тут яшчэ яе смерць... Цяжка было... I ў тон настрою Дзінтара юра1 за акном шуміць-шуміць. Кожную ноч.Ён выцягнуў руку з кішэыі, расціснуў пальцы. I ў пакоі быццам адразу стала святлей.На далоні ляжала некалькі янтарных кавалкаў: іржава-карычневых, шакаладных, празрыста-залатых – быццам ззяючых цеплынёй.– Поўзаў, брат, па беразе для цябе. Хацеў табе Балтыку прывезці.– А я што табе прывязу?– Прывязі кавалачак Нарачы, – Яніс пачынаў дурэць. – Прывязі Белавеж або лепей бутэльку “Белавежскай”. – Зубра нованароджанага табе не прывезці? – Прывязі зубрыху.. Буду вадзіць яе на пашу ў Астанкіна. Выпушчу на партэр і – “гуцю-гуцю, падласая!”.Андрэй палез у шафку.– Белавеж самому патрэбна... А “Белавежскай” бутэльку разап’ём. Прыслалі.– Братка ты мой. Ашчаслівіў ты мяне, ашчаслівіў. Цяпер я і ад тэрытарыяльных дамаганняў адмаўляюся. Месяц у рот не браў. Вось так працуеш, як дурань, а п’янка запушчаная.