Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Андрэй, сабіраючы на стол, усміхнуўся.– Дрэнны з цябе патрыёт. Во Баранаўскас патрыёт дык патрыёт. Надоечы напіўся і раптам успомніў, што ён літовец. Спрадвеку з ім такога дзіва не было. Пачаў да мяне тэрытарыяльныя прэтэнзіі прад’яўляць. Кажа: аддавайце нам Гродна, Ліду, Ашмяны і Навагрудак. Я кажу: родненькі, бяры, бяры, калі ласка. Мне што, мяне не абыходзіць. Бачыць: вайны не будзе. Дзе, крычыць, Вайвадс? Давайце яго сюды. Чаму забраў у нас Даўгаўпілс?.. Тут я з лёту эпіграму:Хотел дойти до Даугавпилса, Но вместо этого напился.Мы паклалі яго на ложак, укрылі абрусам, і ён захроп.– Салодкае жыццё, – сказаў Яніс.– Сядай за стол, падонак, – сказаў Андрэй. – Сядай, лэйбус.За акном ляжаў пахмура-шэры свет. Нізкія, пашкуматаныя кімсьці хмары беглі над дахамі дамоў. Ледзь праглядваўся недзе далёка паміж дамамі шпіль высотнага будынка, напалову схаваны ці то ў хмарах, ці то ў дыме.Выпілі.– Як лекцыі? – спытаў Яніс. – Як Горава?– На нашым курсе ў яе добра. На другім – справа дрэнь.– У нас хлопцы надзіва памяркоўныя, сумленныя і цікавыя, – сказаў Яніс. – Акрамя Стаўрова з Ліпскім, дрэнных і не ведаю.– А чым яны табе назалілі?– У мяне нюх на людзей. Стаўроў – прэтэнцыёзны невук, а Ліпскі наогул дробная дрэнь.. Чакай, яны яшчэ нам дадуцца ў знакі, каб іх долечка ліхая судасіла, каб іх…– Я Ліпскага не разумею. Яму б год на дзесяць раней жыць.– Ён і жыў... А што на другім курсе?– А там проста Ліпскіх больш. Рагочуць з голых багоў. Адзін сказаў, што Афрадыта, якая ўстае з пены, наводзіць яго на думкі аб мацярынстве.Яніс усміхнуўся:– Таямніцы ўспрымання. У яго продка, відаць, гэтае ўспрыманне было яшчэ больш агрэсіўным. Нездарма Пётр, паставіўшы ў грамадскім садзе Венеру Таўрычаскую, поруч паставіў вартавога, “дабы оную не лапалі”.– I яшчэ адно. Нейкі псіхоз. Усе выказваюць ёй павышаную ўвагу.– Гэта добры псіхоз.– Чаму?– Таму, што ты зачынальнік гэтага прагрэсіўнага руху.– Свіння.Андрэй раптам спахмурнеў. Ссунуліся доўгія цёмныя бровы.– Што з табою, Андрэйка?– Дрэнь у мяне справы, Янка.– Бачу, – ціха сказаў Яніс. – За месяц, пэўна, і шчасця і гора набраў поўную торбу. Бачу, апавяданне будзе доўгае... Таму давай возьмем па адзінай... Кажы, браце.– Ты ведаеш, што я сказаў ёй аб усім?– Так. Бо я паехаў на другі дзень.Яніс бачыў перад сабою змарнелы твар Андрэя. Нейкі зусім новы, амаль непазнавальны твар, а на ім выраз той мужнасці, якую можыа назваць хіба толькі мужнасцю адчаю.– Я так і не дачакаўся цвёрдага адказу, – сказаў Андрэй. – Яна кажа, што я неразважлівы, размаўляе са мною пра ўсё, абы не ўспамінаць таго, што было.Ён усміхнуўся сумнай з’едлівай усмешкай:– Шырокі дыяпазон. Ад канкрэтнай музыкі да Фрэйда. Ад антыматэрыі да лётаючых талерак.Яніс сказаў са звычайнай разважлівай самаўпэўненасцю селяніна:– Канкрэтная музыка – лухта: няма элемента адбору з усіх гукаў свету. I Фрэйд – лухта: іначай Буало не быў бы паэтам. А вось наконт лётаючых талерак – не ведаю.– Табе гэта ўсё лёгка. А як быць мне, калі я чую такія размовы?Яніс глядзеў у кут:– Яна баіцца цябе. Баіцца даць сабе волю.– Чаму?– Не ведаю. Магчыма, шкада ламаць уладкаванае жыццё? .– Хіба гэта сумленна, калі кахаеш?– А ты менш пытай аб сумленні.За акном гусцеў прыцемак. Андрэй устаў і рэзка адчыніў акно.Адразу туман, што грувасціўся на ўзроўні шостых паверхаў, пацёк у пакой. Гэта быў такі туман – падстаў крысо пінжака і пабачыш сотні мікраскапічных крапінак вады.