Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

– Не думаю. Рана.– Чаму?– А таму, што, па звестках “ЮНЕСКА”, на зямлі ледзь не палова людзей непісьменныя. Ёсць плямёны, у мове якіх пяцьдзесят слоў. Што ім да Суціна і Дос-Пасаса? Раней за ўсё трэба зраўняць гэтую прорву, вучыць людзей і мастацтву і ўсяму. А гэтаму лепш за ўсё вывучыш на сваім мастацтве... Можа, і сапраўды дурасць: у век, калі чалавек рве зямную цягу, трымацца за нацыянальныя адрозненні.– Не думаю, – сказала яна.– А я думаю. Школу нацыянальнага навучання павінен прайсці кожны. Яна – як фундамент. Гэта кажу вам я, грамадзянін зямлі, інтэрнацыяналіст.– Адкуль такое? Нешта па вашых вершах я не заўважыла.– Чалавек расце хутчэй, чым яго кнігі. Я за жыццё прайшоў тры такіх прыступкі...– Першая?– Артадаксальны патрыятызм... – Ого! А другая?– Абражаны нацыянальны гонар.– Зразумела... А зараз?– Я вельмі люблю радзіму. Вельмі. Часам да слёз. Але я не ведаю, чаму нягоднік-беларус павінен быць мне бліжэй за высакароднага іспанца.На яе твары з’явілася хітраватая ўсмешка:– Ну, а што вам бліжэй пры гэткіх касмічных парывах: негрыцянскія “спірычуэлс” ці свая “рэчанька”?– Рэчанька. Але гэта ад прывычкі.– Ну і вось. Усяму шкодзіць гэтая “во поле берёзонька”. I ўвогуле атрымліваецца “чаму ж мне не пець?”. З-за гэтага не разумеюць адзін аднаго, і агульная культура не можа выйсці на прастор.– Не разумеюць не з-за гэтага. Вы ведаеце... Тут і вы на правільнай сцежцы, і я. Але вы трохі не дадумалі. Калі б ваш Мусаргскі не ўварваўся ў культуру Захаду – яны дагэтуль лічылі б рускіх музычнымі дзікунамі, і вы не маглі б сесці за стол стварэння агульнай культуры, як роўная.Спрэчка гэтая была непатрэбнай. I таму ён перавёў размову на іншае.– Давайце лепей бананаў купім. Вось латок. Абдзіраючы банан, ён не стрымаўся:– А сапраўдная антонаўка ўсё ж лепей. Засмяяліся.– Вы прыгожа ясцё, – сказаў Андрэй. – Людзі рэдка прыгожа ядуць. Нават унутрана інтэлігентныя нагадваюць у гэты час то малпу з яблыкам, то тыгра над косткаю. А вы...– У вас ружовы туман у вачах. Мастакам найбольш цяжка маляваць каханую.– Па-мойму, глупства.– Ну што вы заўважаеце ў каханай?–Усё.– Не. Нічога, Зусім нічога. Калі пачынаеце заўважаць нешта – гэта ўжо канец.Яна спынілася ля вялізнага шэрага будынка. Стаў і ён.– Вы не заўважаеце ні майго вялікага рота, ні худых плячэй – нічога. Вы загіпнатызавалі сябе, Андрэй. Ён стаяў, упарта, па-бугаінаму, нахіліўшы галаву:– Напляваць. Я ведаю толькі, што для мяне ўсё гэта падстава, каб захапляцца.У яе вачах зноў быў той разгублены выраз боязі чагосьці і цягі. Але яна хутка справілася.– Проста вы там у сябе рэдка бачыце такіх жанчын. Вы ведаеце толькі мяне і таму перабольшваеце мае сціплыя добрыя якасці. А такіх, як я, – тысячы. I калі вы зведаеце гэта асяроддзе – я паблякну сярод іншых і застануся звычайнай шэранькай жанчынай... Замужняй... Чужой... I вы забудзеце мяне.“Вось яно, – штурхнулася ў галаве Андрэя, – падрыхтаванае”.– Зойдзем, – сказала яна.– Не пайду... – змрочна сказаў Андрэй,– Але я зайду з вамі, хоць буду нядоўга. – Вы абяцалі аддаць тэты вечар мне.– Нечакана з’явіліся справы. А я не хачу, каб па маёй правіне вы сумавалі цэлы вечар.– Не.– Ну... я вас прашу.Андрэй акінуў яе постаць і цяжка ўздыхнуў:– Добра. Толькі... ведайце, я знаю, нашто вы гэта робіце. I не ўхваляю.Яна ўздыхнула нават з нейкай палёгкаю. Абое зайшлі ў пад’езд, падняліся на трэці паверх. Аксамітна праспяваў званок.