Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

За дзвярыма чуліся мяккія спевы. Потым крокі. Потым ляснуў замок.– Арынушка, – сказаў незвычайна пявучы голас. – Бог мой, заходзь. Заходзьце.У прыхожай было цёмна, відаць, назнарок, і Андрэй не бачыў той, што адчыніла дзверы. У паўцемры ён адчуваў толькі шолах убору і гаркаваты пах нейкай невядомай парфумы, чуў толькі, як сяброўкі пацалаваліся.– Андрэй, – сказала Горава, – гэта Ганна. Я яе выдам: яна мне ўсе вушы пратрубіла: “пазнаём” ды “пазнаём”. Знаёмцеся.У поўнай цемры Андрэй працягнуў руку, і тут раптам, быццам сам сабой, пачаў налівацца вадкім святлом матавы шар пад столлю. Але перш чым убачыць, ён адчуў у сваёй руцэ моцную і вузкую руку гаспадыні, асабліва цёплую пасля знадворнага холаду. А калі ўбачыў – веі яго здрыгануліся. Перад ім стаяла нешта такое, што можна пабачыць... ды не, бадай, нідзе і нельга было такога пабачыць.Валасы гаспадыні былі заплецены ў касу таўшчынёю з руку. Залацістыя, з адлівам у пшанічны колас, яны высокай каронай ляжалі на галаве. I амаль неверагодным пры такіх валасах быў янтарны румянец скуры, смаляныя бровы і чорныя вочы пад доўгімі, як стрэлы, веямі, такія чорныя вочы, што зрэнкі амаль зліваліся з райком.“Напэўна, дурніца, – груба падумаў Андрэй. – Такая прыгажосць не можа быць разумнай”.– Мастак, – сказала Ірына.“I тут пэўна нічога не разумее, – быццам назнарок падумаў Андрэй. – Жыве каля мастацтва ўвесь век, як кот з Трацякоўкі”.А на вуснах гаспадыні – ах, як яны былі абрысаваны! – з’явілася нечакана ласкавая, пры такіх жорсткіх зрэнках, усмешка.– Распранайцеся, Андруша.. Дапамажыце Ірыне. Ах, як добра, што зайшлі, госцейкі вы мае.– Я не магу, – сказала Горава, – я павінна бегчы. Так, поруч з гаспадыняй яна здавалася чымсьці накшталт Золушкі Але Андрэй усё адно зірнуў у яе адразу паспакайнелыя вочы з выразам чалавека, якога пакінулі ў палонцы.“Завабілі, – сказаў яго позірк, – кінулі, падманулі”.“Ну і добра”, – адказаў яе позірк.I тады Грынкевіч з невыразным пачуццём крыўды пачаў скідадь паліто.– Бывайце, – сказаў ён.Ляснулі за Ірынаю дзверы. А шчокі Андрэя гарэлі, ці то з марозу, ці то ад сораму. I адначасова нараджаўся недзе гнеў.– Які вы румяны, – сказала Ганна. – Проста як макаўка.– Я правінцыял. Мне належыць быць румяным і немудрашчым, як калатоўка. Або як граблі. Зрэнкі яе пашырыліся:– Прычэсвайцеся. Хадзем.– Я правінцыял. Мне. належыць быць бахматым, як стог.– Які вы правінцыял, – усміхнулася яна. – Вы проста акварэльны хлопец...Яна разумела яго стан. Андрэй ведаў гэта, – але гэта яму не падабалася.– Гэта звонку, – казаў ён дзёрзкасці далей, – а ў душы я лубачны... Такі сабе купідон з латкамі ніжэй спіны.Ганна ўзяла яго пад руку:– А ў душы вы разбойнік. I з’явіліся сюды з набегам. I таму вам нельга пайсці адсюль, не пашарпаўшы нашых душ, без здабычы. Вы ўшкуйнік і вараг, а таму вам належыць ваяваць з разумнымі мужчынамі, а не з паненкай, якая з першага ж погляду здалася вам дурной, аж круціцца.Андрэй сумеўся.– Ну пакіньце, – весела і лёгка сказала яна, – я ж ведаю, што вы гэта ў мэтах самаабароны. “...вяршка не аддамо”.Андрэй сумеўся яшчэ больш:– Ды я ўласна нікому нічога.– Ну вось і добра.Яна расчыніла дзверы ў вялікі пакой, і адтуль адразу лінуў шум, галасы, музыка вялікай спрэчкі. Акно на ўсю сцяну глядзела ў ноч, ледзь завешанае збітай шторай колеру асенніх лісцяў.Усё здавалася трохі пабляклым: і штора, і кілім, і стары вельмі добры раяль ля акна. Усё, акрамя пагрозліва яркіх карцін і малюнкаў на сценах, акрамя груба засунутага ў кут мальберта і гранітнай няскончанай статуі чалавека, які імпэтна крочыў проста на Андрэя. Як жывыя, пераліваліся мускулы на нагах, а галава была толькі намечана, быццам сякерай, і гэта надавала чалавеку нейкую пагрозлівую магутную сілу.