Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Горава аж жахнулася, узмахнула рукой:– Што вы, што вы. Рублёў быў манах. Яны да жывапісу істава падыходзілі.– Не веру, – сказаў Андрэй. – Не-е, такога дзіва не чакайце. Гэта каб наш чалавек, ды не лаяўся. Няхай ён нават манахам-разманахам будзе.Памаўчаў. ІІрыбавіў:– Але ж глядзіце, як гэты мой цёзка добра ведаў, што толькі два звяры ў свеце ходзяць спачатку дзвюма правымі нагамі, а потым дзвюма левымі.– Што за звяры?– Конь-інаходзец і мядзведзь... Так і намаляваў.– Ого. А я заўсёды думала, што гэта ўмоўнасць або памылка.Дзіўна, але Андрэй амаль бачыў, як Рублёў пісаў гэта. Ясна, ледзь не да галюцынацый.Грынкевіч ведаў: такі стан, як у яго зараз, будзе ўвесь час абвастрацца. Ён будзе да болю выразна бачыць усё тое, аб чым будуць размаўляць людзі вакол. Гэтыя праявы будуць яскравець, будуць усё больш набываць крыві і плоці, ператворацца з думак у жывыя карціны, нават у сны.А потым прыйдзе цяга да вершаў, такая непераадольная, што ён кіне ўсё і будзе пісаць з тым самым болем і неспраможнасцю думаць аб іншым, як жанчына, якая нараджае......Рублёў стаяў на рыштаваннях, сухі, зарослы лёгкай каштанавай барадой. Валасы ў яго былі падхоплены раменьчыкам. А вочы былі вельмі маладыя.За мурамі сабора дагарала на купалах сонца, круціліся вакол іх у ружовым вячэрнім паветры стрыжы, а ў саборы цямнела, гусцелі і наплывалі цені.У Рублёва балелі стомленыя вочы, балела шыя, пальцы зводзіла сутаргай. Святла было мала, і працаваць было нельга. Але ён не мог не працаваць. I не таму, што сохнуў тынк. Проста нельга было адкінуць шалёную прагу работы.I тады пальцы рукі, што трымала кісць, успыхнулі ад гэтага жадання і асветлілі фрэску мяккім, як апошнія праменні на купалах, святлом. I вось гэтае святло засталося на скляпеннях і застанецца ў векі вякоў...– Андрэй, – кранула яго за рукаў Ірына Сяргееўна.– Ведаеце, – сказаў Грынкевіч, – мне здаецца, я яго бачыў.– Я пачынаю вас баяцца, – сур’ёзна сказала яна. ...Аўтобус зноў памчаў усю кампанію. На гэты раз па гасцінцы. Да палаца князя Андрэя ў вёску Багалюбава.– Шанцуе мне сёння на цёзак, – смяяўся Грынкевіч.– Вы не смейцеся, – сказала яна, – зараз будзе вам, бадай што, страшнавата з вашай уразлівасцю.– Чаго гэта, – спытаў Андрэй, – тут восемсот год таму было весела – ветразі падалі на захадзе, лёталі цюкі з шоўкам, бачонкі з сонечным віном. Людзі сабе ў лугах лебедзяў стралялі. Чаго ім было не жыць?– Куды ўжо весялей, – іранічна сказала яна, – крамола, нашэсці, мячы. Татары пад мурамі. Падумала:– I ўсё ж нічога. Яны тады толькі пачыналі думаць, і ім гэта, напэўна, падабалася.– Яны, мне здаецца, шырэйшымі былі па натуры, больш памяркоўнымі. А потым пачалася татаршчына і ламанне хрыбтоў.– Ну, ламання хрыбтоў і тады было досыць... I заўсёды. Багалюбава страшнае не гэтым. Справа ў тым, што тут усё ў мінулым. I яшчэ тое страшна, што тут мастацтва гарэла цьмяна, жудасным нейкім святлом.– Чаму? – спытаў Вайвадс.– Таму што фарбы не размешваюць на крыві...Яны выйшлі з аўтобуса. Нехта пайшоў за вартаўніком, які павінен быў адамкнуць палац. Ад палаца засталася толькі вежа ды яшчэ галерэя да старой царквы. Зеляніна палыну, быццам кранутая марозам, горка і сумна ліла свой пах у вокны белых палат.Горава адышла ўбок разам з завучам, і ўпершыню за дзень поруч з Андрэем апынулася Марыя.Яны стаялі трохі наўздалёк ад усіх: Марыя, Андрэй і, кроках у чатырох, Яніс, расчулены Рублёвым ледзь не да ўздыханняў сардэчных.