Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

– Бацька не скончыў, – сказала Ганна. – Ён памёр год таму. Была б зусім адна, каб не сябры. Лаюцца вось... Кожны вечар за кулакамі свету не бачыш.На руцэ ў чалавека, як плашч Апалона Бельвядэрскага, вісела чыёсьці паліто. А ля самых ног статуі мірна спаў мармурова-бледны юнак. Спаў, паклаўшы галаву на пальцы гранітнага ступака.– Бачыце, які Марфей, – усміхнулася гаспадыня. – Гэта Аленін, бадай, лепшы з маладых мастакоў. Горачка маё! Узяў ды падпіты прыцёгся. Няхай праспіцца, не выганяць жа на холад.Андрэй быў здзіўлены. На стале з ножкамі ў выглядзе гермаў стаяла толькі некалькі бутэлек сухога віна, але застолле выглядала ці то на парах, ці як злёгку ашалелае.Мужчына артадаксальнага выгляду грузна сядзеў у крэсле, паклаўшы на падлакотнікі страшэнныя рукі. У жорсткіх, як дзікова шчэць, валасах першым снегам легла сівізна.– Сюррэалізм, ташызм, – басіў ён. – Сорак год падыходзіць ваша новае цеста. А калі ж вы пекчы будзеце? Вы пакуль што толькі і дбаеце пра тое, каб не перабухаць солі або цукру.Некалькі чалавек, седзячы вакол, слухалі шчэцістага, а насупраць яго стаяў на падэсце – на крэсле натуршчыцы – худы юнак з прыгожым нервовым тварам і гарачыўся:– Не прыпісвай мне ташызм!.. А што да цеста, дык гэта ты, гэта Юпіцеры ад мастацтва перашкаджаюць нам. На дзесяць год замарозілі цеста, а цяпер раз-пораз штурхаеце. А цеста не любіць штуршкоў.– Гэта ўсё інтэлектуальны снабізм, – басіў грузлы.– У нас снабізм. А маляваць бяздарныя фотапартрэты – гэта не снабізм? I яшчэ горшы, бо кан’юнктурны снабізм.– У вас кар’ерызм і зайздрасць да “абоймы”.– Не скажы, – іранізаваў юнак. – Добрую мы кар’еру зрабілі. А зайздросціць няма чаго. Старцам не зайздросцяць.А ўбаку сядзеў насупраць гожай, зусім маладзенькай дзяўчынкі хлопец у акулярах з сумным прасценькім абліччам і казаў:– Самае лепшае там – лотас. Гэта трэба самой бачыць. Тоўстая сцябліна, і на ёй, адарваўшыся ад смаляной гразі, вырастае масляністая, ружова-белая раскоша.Дзяўчынка глядзела на яго спуджанымі спачувальнымі вачыма, раз-пораз кранала яго руку і ўмаўляла:– Не скручыньвайся ты так. Не вартая яна. Не трэба.Ганна ўсміхнулася Андрэю.– Не бойцеся цыганшчыны, – сказала яна. – Гэта ўсе добрыя хлопцы. Проста патроху развіваюць лёгкія... Знаёмцеся, хлопцы, гэта Андрэй Грынкевіч.Упала цішыня. Потым грузлы падаў Андрэю руку.– Чулі. Гэта не вам давалі гэткага здаравеннага выспятка ў пяцьдзесят шостым? – I адрэкамендаваўся: – Яхненка.– Мне, – сказаў Андрэй. – Нічога, і спіна і іншае, усё на месцы.– Чулі, а зараз бачым і суцяшаемся, – хітравата ўсміхнуўся нервовы юнак. – I яшчэ тое-сёе ад кагосьці чулі... Я Пятроўскі.Аленін, відаць, пачуў нешта праз сон, адарваў ад п’едэстала шчаку, на якой чырванеў, як поўха, выразны адбітак гранітнага ступака, і сказаў са змрочнай іроніяй:– Узыходзячы Купала...– Спі ўжо, узыходзячы Рэпін, – сказала яму Ганна.– Не абражай, – сказаў ён. – Я позні Рэпін з ліловымі запарожцамі. А спаць – я магу. Хто спіць, той не піша карцін. I вершаў не піша. Не грашыць.I, апусціўшы галаву, зноў заснуў сном немаўляці.– Пакіньце спрачацца, хлопцы, – сказала Ганна. – Што, сапраўды? Як сыдуцца, так і за лаянку. Лепей спявайце. Зайграў бы што, Петрык.Хлопец у акулярах сапраўды сеў за раяль. Пятроўскі, якога, відаць, цягнула да розных нязручных месцаў, сеў на раяль, выцягнуўшы ногі і абапіраючыся рукамі, адведзенымі за спіну!