Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

– Што ж вы, – сказаў Андрэй. – Няўжо толькі мастацтва. Пры вашай прыгажосці вам бы пакахаць трэба. Патрэбен спакой, добры муж. Дзеці.– Што вы, – усміхнулася яна. – Я для гэтага занадта добра ведаю людзей.– Гэта праўда. Я павінен прызнацца: вы здагадаліся, што я думаў аб вас.– Гэта пра мае разумовыя здольнасці? Я не крыўдую. Вы ж, мабыць, ужо трохі пераканаліся ў адваротным?– Так. Але як вы?..– Я часта чытаю думкі людзей. Бо ведаю іх.– I гэта перашкаджае вам у шчасці.– Так. Напэўна, у мяне разумовы склад старой дзеўкі.– Кіньце плявузгаць, – мякка сказаў ён. – Столькі людзей вакол... Не ў лесе жывяце.– Людзі сталі рацыяналістычнымі. Мала хто можа аддаць сябе. Пажадаць стаць паветрам, якім дыхае другі.– I каб не хапала паветра – дык Ёй не хапіла б яго апошняй.– Праўда.Ад горычы ледзянога віна ў целе разліваўся цёплы сум. Гучала музыка. Быў паўзмрок.– Вы вельмі харошы і просты, Андрэй, – сказала яна. – Ірына казала праўду.I, спусціўшы ногі, устала, такая прамая і ўзнесеная ў сваім гранатавым уборы, што Петрык заміргаў і збіўся з такту.– Хадзем танцаваць, – сказала яна. – Запрасіце, Андрэй, тую, маленькую. Гэткі капрыз жаночай псіхалогіі. Не любіць мяне за Петрыка... А што я магу зрабіць, калі ніхто... ну... ніхто ніколі мне не падабаўся.Петрык захістаўся, выбіваючы з раяля нешта заліхвацкі-бравурнае. А вочы яго былі сумнымі вачыма....Танцавалі за поўнач. I толькі тады зразумелі, што досыць, калі Аленін, устаўшы ад ног гранітнага чалавека, сказаў яму:– Ну і свіння ж ты! Друг у ножкі яму ўпадае, а ён... Ну хопіць, хопіць паліто трымаць. Заседзеліся. Апранайся і хадзем.I разрыдаўся, абняўшы граніт.– Не любяць нас, браце! Не цэняць! Гаі вы мае родныя, бураломчыкі вы мае шышкінскія. Пагляньце, як спіць надзея сусветнага жывапісу.Р а з д з е л XVIIIЗноў перад будынкам інстытута стаяў аўтобус. Збіраліся ехаць у Загорск. Чакалі толькі Горавай, якая нешта спазнялася.Дзень выдаўся ясны і празрысты для сярэдзіны лістапада. Сквер, пабіты ранішнікамі, толькі сям-там трапятаў паасобнымі, счарнелымі ўжо, лісцямі. I ўмыта, прасветлена-сумна ляжала над белымі лужынкамі, над пацямнелымі з сонечнага боку храпамі шэрай мёрзлай зямлі, над нежывымі дрэвамі халоднае блакітнае неба.У Андрэя было нялёгка на душы. Нялёгкай была нядаўняя гісторыя з Ірынай, шкада было Ганны.– Дзень добры, Андрэй, – нечакана сказаў за спіной яе голас.Яна стаяла і даволі суха глядзела на яго. А поруч усміхалася з-пад капюшона канадскай блакітнай куртачкі сумнае і вельмі прыгожае аблічча Ганны.– Вось, – сказала яна, – угаварыла мяне Ірына. I чамусьці мне захацелася кінуць нават тэрміновую работу. Гары яна ясным гарам! Дзень які, Андруша!Горава глядзела на яе пяшчотна і насцярожана. Злёгку насцярожана і вельмі пяшчотна.– Я даволі лёгка ўгаварыла яе, – сказала яна.– Ну і добра, – сказаў Андрэй. – Ах, дзень які!–– Давайце па машынах, – сказала Галіна Іванаўна. Андрэй прапусціў жанчын. Потым, разам з Вайвадсам, палез у аўтобус.– Браты-разбойнічкі, – прабурчаў за іхняй спіной Стаўроў. – Ушкуйнічкі. “Сарынь на кічку”...Прабурчаў амаль тыя словы, што сказала Ганна, і гэта было непрыемна. Стаўроў наогул быў непрыемны Андрэю. Дабра складзены, трохі грузлаваты, з сівеючымі ўжо валасамі, з халоднымі вачыма за шклом акуляраў, з неяк непрыстойна, трохі па-бабску, прыгожым абліччам.I горш за ўсё было тое, што завуч паслала Андрэя ў будынак з нейкімі паперкамі, а калі ён вярнуўся, Горава сядзела ўжо ў атачэнні другіх. Справа ад яе сядзеў Стаўроў, злева – Харунжы, данскі казак з вострымі вачыма і вострым тварам. У гэтага ўсё было вострым, нават характар, неўтаймаваны, шальны, рэзка-разумны. Ён мог цэлую гадзіну гаварыць лухту, а потым кінуць нешта такое, чаго і Саламон не сказаў бы.