Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Яшчэ ў дзевятым класе, – а было гэта ў канцы трыццатых гадоў, – ён трапіў некуды на Інту: хацеў “адарваць Дон ад Расіі”. I вось выстаяў, і быў, нягледзячы на ўсе свае Адысеі, такі гарачы, што ў спрэчках яго з Андрэем ад абодвух ляцела пер’е.Супраць яго Андрэй нічога не меў, а вось Стаўроў... Той і тут адразу пачаў з удаванай – а можа, і сапраўднай – тупасцю пытаць Ірыну “како веруе”, плявузгаў нешта пра хазараў і вялікае перасяленне народаў. Вельмі хацелася надаваць яму каленкай пад зад. Аўтобус бы вельмі здзівіўся. Але цывілізаванасць не дазволіла.Расчараваны Андрэй сеў поруч з Ганнай, даволі далёка ад Горавай, і стаў глядзець у акно.Дзень быў цудоўны, а дарога зусім хуткаплынная. Паабапал стаялі пустыя і прасторныя, як храмы, лясы, кранутыя лёгкай сівізной трывалага ранішніка (такога, што і за дзень можа не заплакаць). А пад дрэвамі была прыпудраная срэбрам, хрумсткая на выгляд трава. Усё было добра, нават лёгкі пах гною з раскрытага сілоснага капца ў вёсцы, дзе на хвіліну спыніліся.Цякла нейкая няспешная, вельмі разумная і цёплая размова з Ганнай. Ён не запамятаў з яе амаль нічога.Толькі аднойчы яны разам прыпалі да шкла, так блізка галовамі адзін да аднаго, што Андрэй адчуў бязважкі дотык пасмы яе валасоў да сваёй скроні.– Глядзіце, – чамусьці шэптам сказала яна.Па залітай халодным сонцам руні, быццам закутай у блакітнае срэбра, раскрыліўшы вушы, гнаў зайца палымяны ірландскі сетэр, палымяны, як стручок чырвонага перцу.I быў у гэтым такі імпэт, такая першабытна-звярыная сіла і радасць, што аж перахапіла подых.– Як думаеце, дагоніць? – спытала яна. Ён ведаў, якога адказу чакае яна:– Ну вядома, не. Куды там. Яму гэта што – размінка. А таму справа жыцця. Дый, не ягоная, не рыжага гэта справа – ганяць.А Ірына ўвесь час была спакойнай і халоднай, ані разу не затрымала на ім вачэй. Так, суха прабягала позіркам. I ад срэбнага дня і ад яе халоднасці ў душы нараджаўся нейкі лікуючы адчай.“Д’ябал з ім!”Потым з ружовага марознага дыму ўзнік Загорск – барвяны, залаты, стракаты, юонаўскі, глазурны, як пернік. Увесь як цяжкаватая, трохі гнятучая казка.Так, гэта не Нерль. Там усё было – вясна, біццё, тут – усё ўлада, багатая крывёй.Ірына старалася трымацца далей ад яго. Увесь час далей і ўвесь час поруч са Стаўровым. I ўрэшце Андрэй нават неяк прымірыўся, што яна далёка, што яна не чуе яго пытанняў або адказвае на іх двума словамі, быццам шэлег старцу кідае. Прымірыўся і стаў хадзіць з Ганнай, перабольшана мяккім тонам размаўляць з ёю. А сам, увесь напружаны, адчуваў, што гэты дзень скончыцца грандыёзным скандалам.Шкадаваў толькі Ганну. Добрая, ружовая, з марозу, яна ўвесь час казала нешта таксама добрае:– Глядзіце, духаўская царква. Як дзяўчына ў сарафане! I гэты кафляны паясок каляровы... якраз пад грудзьмі. Дзіва!А над ракай Сергія ў вечным жоўтым зарыве свечак, пад нямоўчны спеў галасоў, схіляла галаву зусім як тыя, тут жа, на рублёўскіх абразах.– Чуеце? “Нашэсце іншапляменных”… Словы якія!І хаця рукою махаць хацелася Андрэю на тое, што вырасла гэтага “Нашэсця іншапляменных”, – ён маўчаў.Проста быў уражаны тым, што адбывалася. Нядобра гэта было, гульня з людзьмі. Ён разумеў гэта і, аднак, заставаўся пры сваім.У дзверы плыло марознае паветра. I яго водар, водар заінелых дрэў, мяшаўся з водарам яе цёплай скуры....Па дарозе ў рызніцу Андрэй аскандаліўся. Ірына пайшла дамаўляцца ў дырэкцыю. Усе стаялі і чакалі яе. I тут нейкая дзяўчына, вельмі вытанчаная з выгляду, праходзячы паўз яго, упусціла кніжку. Ён нахіліўся быў, але дзяўчына, яшчэ шпарчэй, выхапіла кніжку з-пад яго рукі, сказала скорагаворкай: