Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

– Бач ты, які прэндкі на чужое дабро.Вакол зарагаталі. Андрэй ледзь не праваліўся на месцы. Каб неяк выблытацца з няёмкага становішча, ён сеў на прыступкі і, калі Ірына выйшла, сказаў басам, але ў наўмысна дзіцячым, дурасліва-слёзным тоне:– Ірына Сяргееўна, мяне крыўдзяць. Толькі тут на імгненне сухасць знікла з яе вачэй, і яна спытала:– Ну што, ну што з вамі? Што?I нейкая такая пяшчота была ў яе голасе, што Андрэю быццам цёплым крылом правялі па сэрцы.А потым зноў халодная складка вуснаў. I зноў поруч Стаўроў.У рызніцы міліцыянер з рэвальверам хадзіў, ледзь не наступаючы ім на пяты, відавочна мяркуючы, што пісьменнікі – гэта мазурыкі і авантурысты. “Неча сумленным людзям кніжкі пісаць!”А Андрэю ўсё гэта зіхаценне золата было смешным. Ён ведаў: памяць учэпіста зберажэ ўсё: ваздухі, аклады, цяжкія, як догма, кнігі. Але ўсё золата не варта было аднаго разьблення па слановай косці работы безыменнага мастака.I ўсё гэта разам не варта было не толькі яе, але нават аднаго імгнення радасці, якая жыла ў ім, калі ён бачыў гэтую жанчыну.Скандал усё ж выбухнуў. Здаецца, чаго было Стаўрову чапляцца да Андрэя? А ён прычапіўся. Калі яны абедалі ў рэстаране. Нехта заўважыў, што Грынкевіч “усё з дзяўчатамі”. I тады Стаўроў з непрыхаванай з’едлівасцю сказаў:– Нічога. Ім у яго таварыстве бяспечна.Грынкевічу было ўсё адно, але Стаўроў увесь час прыдзіраўся да яго. Таму гнеў абудзіўся зноў.Выпрастаўшыся, – за сталом запанавала раптоўная цішыня, – ён сказаў халодным голасам:– Шкада, што тут няма тваёй жонкі. А то вельмі хутка твая галава, акрамя даволі рэдкай чупрыны, была б упрыгожана яшчэ тым-сім. Неяк ужо ўгаварыў бы сябе, перасіліў.Стаўроў апусціў галаву, таму што ўсе маўкліва адобрылі адказ. Але Андрэю гэта было хоць бы што. Добрай была толькі іскра раптоўнай павагі ў вачах Ірыны.Ён раззлаваўся. Пазбягаў яе вачэй, назнарок пайшоў ад усіх шукаць “таварыша іераманаха” (цьфу!), каб той адчыніў ім трапезную. Ён усё жыццё не любіў “хлебных ідэалаў” і таму – маючы на ўвазе хутчэй стаўровых, чым духам богу віннага іераманаха, – шэптам сказаў Ганне:– Сволачы! Не вераць ні ў бога, ні ў д’ябла, не вераць нават у бессмяротную душу... Сытыя, налітыя крывёй, абыякавыя да зямлі...У Горавай быў надзвычай тонкі слых. Вось і зараз яна, стоячы наўздалёк, прыўзняла спуджаныя вочы. Але ён не мог ужо ўстрымацца і кінуў:– I для такіх гнід дойліды будавалі ўсю гэту казку. Падмяніць трапезнай ахвярнасць і адданасць?Ён назнарок не ўспамінаў пра баявое мінулае лаўры, пра Асляблю і Перасвета, як не хацеў помніць і тое, што сярод стаўровых здараюцца аб’ектыўна сумленныя хаця і абмежаваныя тыпы. Упершыню ў жыцці яму хацелася быць несправядлівым....Аўтобус ляцеў, заносячыся на паваротках. А на душы была спакойная адчайная пустэча, як там за акном, дзе ўзыходзіў круглы халодны месяц.Замёрзлыя ставы адлівалі пад яго святлом, ружовым, як вада.I па іх лёдзе, паміж безжыццёва чорных вярбовых шкілетаў, ненатуральна імпэтна імчалі па крузе надламаныя цені канькабежцаў. Ганна сказала праўду, усё гэта было падобна на тую кругавую віхуру, што імчала сярод іншых Франчэску і Паоло.Ад зямлі ўздымаўся туман. Ганна сказала, што гэта на цяпло, і ён згадзіўся, хоць добра ведаў, што гэта наадварот, на холад.У маўчанні, у дрымотнай цеплыні ён адчуў раптам пільны позірк суседкі.– Вы кахаеце яе?Ён маўчаў, і тады Ганна дадала шэптам: