Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

– Яна вартая... Але вам не трэба. Не прападайце вы за ёй, Андруша. Не рвіце абаім сэрца. Яна вельмі нешчаслівая. Але ўсё адно: вам не трэба. Надарвецеся.Падумала: “А можа, і трэба. Не мне раіць. Я толькі вельмі яе люблю. Вельмі”. I раптоўна ўстала, пайшла кудысь на задняе сядзенне.Ён сядзеў, гледзячы ў акно. Напэўна, усіх вясковых хлопцаў месяц выцягнуў у гэту ноч на вуліцу, Зноў прамільгнула ружова-срэбнае, аблямаванае фантастычна скрыўленымі чорнымі вербамі, люстра става. А па ім беглі, беглі, беглі цені. Не трэба было расплывацца гэтым ценям, не трэба.Нехта сеў поруч з ім на сядзенне. Андрэй павярнуў галаву і ўбачыў яе.– Дайце цыгарэту, – сказала яна ціха. Наступнае з болем вырвалася з яе грудзей:– Не кройце вы маю душу. Не кройце... Ён маўчаў. I тады, быццам здаючыся, яна прашаптала горка:– Заходзьце да мяне… Заўтра… У адзінаццаць...Раздзел XIXХалодная ракавіна. Гэта кватэра была проста цудоўнай халоднай ракавінай. Ён пачынаў ненавідзець гэтую кватэру. Асабліва таму, што тут і яна замыкалася сэрцам, быццам самыя сцены гэтага бастыёна маглі абараніць яе ад чагосьці. Яна сядзела супраць яго ля нізкага століка.– Што ж вы, – сказала яна, – хіба можна быць такім? Нашто? Гэтая поўха Стаўрову, гэтыя словы! Адкуль вы такі?Андрэй сказаў ціха:– Мая бабка хварэла на сухоты. Лячыць іх тады не ўмелі. Не дапамаглі ёй аніякія Лазаны ды Ялты... Аднойчы яны з дзедам зайшлі далёка ад дому, і раптам пачала насоўвацца навальніца. Дзед ведаў: дождж смяротны для яе... Ён чатыры вярсты бег, несучы яе на руках. А вы думаеце, што я пакіну апошняе, што мне дадзена, для красуні? Няхай сабе і першай красуні Масквы. Дрэнна вы мяне ведаеце.Шчырае, вельмі сумнае аблічча жанчыны. Пасмачка бязважкіх валасоў, што падала на лоб.Яна ўстала, каб пагасіць цыгарэту, міжволі нахілілася над ім, і Андрэй лёгкім рухам адкінуў гэтую пасмачку з яе скроні. Калі яна стала ля яго, ён узяў яе руку і пачаў цалаваць далонь, кісць.Амаль неўразумелая, зноў без сваёй ракавіны, свайго бастыёна, яна гладзіла яго валасы і гаварыла:– Каб вы зналі... каб вы толькі зналі, які вы харошы.Устаючы і абдымаючы яе (у яго круцілася галава, і зямля плыла з-пад ног), ён сказаў:– Пацалуйце мяне... Што гэта са мною? Як абпаілі вы мяне чымсьці.Ён не памятаў, што было далей, якія ён словы казаў. Ён толькі ведаў, што яго каханню няма мяжы.I потым, у прыхожай, цалуючы яе вочы, ён сказаў ёй, каб яна не баялася яго.– Я свойскі, ручны, – сказаў ён. Ірына апусціла вочы.– Такія больш страшныя, – сказала яна. Потым, неяк асабліва паспешліва і неахвотна, узялася за замок.– Ідзіце, мой родны... Ідзіце, харошы.Напэўна, адчувала, што ўсё супраць яе, што ён пяшчотны і ўпарты вышэйшай сілай кахання....Цягнуліся дні. Поўныя гэтым, нечаканым. Сам свет стаў незвычайным у вачах Грынкевіча.Домік у Кудрынскім завулку. Такі домік, у дзверы якога можца было прайсці толькі вузкім прамежкам паміж сцяной і дрэвам, што непамерна разраслося. Самы лепшы домік, бо яна калісь, паглядзеўшы на яго, сказала з усмешкай: .– Таксама кватэра.Лядашты студэнт Ліхачоў – асабліва сімпатычны Андрэю. Таму што ўвесь час жартаваў з Ірынай добрымі жартамі. А потым спазніўся на яе лекцыю, разам з другімі. Ішоў апошнім. I калі хлопцы пачалі пакепваць з яго, яна сказала:– У Тургенева аб гэтым лепш: “Сучок замыкаў шэсце”.Андрэй пасля гэтага ўсё аддаў бы Ліхачову.Але адначасова ў сэрцы яго нараджаўся неспакой. Ён не мог забыць другога дня снежня, паўзмроку і яе аблічча ў ім. Холад, нейкі ўнутраны холад пакояў. Ці там ёй было жыць? Яе дом павінен быць светлым, вялікім домам, шырока адкрытым сонцу і вятрам. Каб вакол былі добрыя людзі. Каб з гэтага дома, калі ў ім не працуюць, даляталі спевы, музыка, галасы дарагіх і адданых сяброў.