Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

I нічога гэтага. Глядзяць удваіх у вузкае акно. Яму было шкада гэтага бясконца моцнага-моцнага і бязмерна слабага ў чымсьці чалавека. Ён адчуваў, што сам ён моцны якраз у тым, у чым яна слабая, у сваёй пагардзе да ўсякай сутнасці. Ён таму і кахаў яе, што адчуваў: разам з ёю іх ніхто не мог бы адолець. Адзін у адным яны здабылі б такую неадольную сілу, што іх хапіла б навек.Аднолькавая сіла шчасця і шкадавання рабіла яго нервовым. Ён і сам ведаў, што мэтанакіраванасці ў ім ані на шэлег, што гэта нікому не можа падабацца. I пакутаваў гэтым.Магчыма, таму 12 снежня, якраз пасля лекцыі прафесара Кальцова, выбухнуў скандал. Кальцова любілі. Зямляк Андрэя, нізкі, каржакаваты, з чырвоным, як спечаным, тварам і сівымі валасамі, ён чытаў “Псіхалогію творчасці”. Праўдзівей, не чытаў, а бязлітасна-лагічным ланцэтам аналізу рассякаў кожную думку, кожны вобраз. I пры гэтым быў вельмі палкі, рагатаў, граміў, саркастычна здзекаваўся, рыкаў, як леў, а ў гневе супраць апанента так наліваўся крывёю, што ставала страшна.У той дзень ён граміў Аксінню з “Ціхага Дона”.– I вось, калі Грыгорый абліваўся крывёю на фронце, яна здрадзіла яму. Вядома, мужскі юр дае права называць такую жанчыну абаяльнай. Але розум яе рабскі, які слепа ідзе за плоццю. А жанчына – гэта і каханка, і маці, і сяброўка, і Асоба. Сляпую цягу трэба ўтаймоўваць, іначай – сусветны пажар і попел распусты!I нізкім жорсткім голасам дадаў:– Нават у каханні сваім спачатку яна толькі саступала, прымервала.: а што дасць гэта каханне. Сцяпан быў, але ён быў быдлам. I яна абрала каханне. Пераканаўшыся, што не губляе, а набывае – пайшла на гэта. Заўсёды каханне таго, які пакахаў спачатку – мацнейшае, а ў таго, хто пакахаў другім – больш эгаістычнае і незалежнае... Бо чалавек, будуючы ідэал свайго кахання, знаходзіць больш або менш падобную да яго і кахае больш за ўсё тое, што стварыў у сваім уяўленні. А той, хто пакахаў другім – кахае больш эканамічна, бо адкрывае паступова і знаходзіць толькі тое, што ёсць... I чым Асоба, што пакахала першай, мацней, тым недасяжней ідэал, створаны ёю.Пакуль Андрэй раздумваў і ўнутрана не згаджаўся з некаторымі думкамі Кальцова, той перайшоў на праблему гуманізму і рэвалюцыі, на тое, што ў прынцыпе суіснавання чалавек бліжэй за ўсё падышоў да вырашэння гэтай праблемы.– Мала таго, што мы чырвоныя і белыя, захад і ўсход, але забіваць адзін аднаго мы не намераны. Мы непрыяцелі, але гэта не азначае, што, змагаючыся з ідэяй другога, трэба знішчыць носьбіта той ідэі... А ў змаганні галоўнае – аб’ектыўныя факты! Погляд чалавецтва! А чалавецтва – гэта яго прагрэсіўная частка!Андрэй пахітаў галавою.– I найлепшая канстытуцыя Асобы – тая, якая спрыяе поступу грамадства…“Не так сказаў, – падумаў Андрэй. – Найлепшая канстытуцыя псіхікі – гуманізм. Яму часам зусім не спрыяюць абставіны, якія пазбаўляюць яго магчымасці ўплываць на поступ грамадства. Але што з таго, калі да яго імкнуцца, калі аб’ектыўна менавіта ён рухае чалавецтва наперад. Хіба той самы Грыгорый мог спрыяць поступу грамадства? Але ён чалавек. Таму што адзін ён у цэлым рамане супраць разбою вайны, адзін ён верыць, што кожны рух наперад павінен быць максімальна гуманным. Ужо тады. I не дэкларацыйна, а на самай справе. I таму ён – чалавек-герой, чалавек-пакутнік. Ламалі яго двое жорнаў, біўся ён насмерць з падобнымі сабе. I ўсё ж аддаў сэрца Чалавеку. I менавіта таму мы любім яго. Не як прадстаўніка саслоўя ці нацыі. Як Чалавека, якімі ў вельмі далёкай будучыні павінны зрабіцца ўсе”.