Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Кожны думаў аб гэтай лекцыі па-свойму. Думаў і тады, калі Кальцоў пайшоў і пачалася лекцыя Горавай. Андрэй нават не памятаў, у сувязі з чым яна перадала змест апавядання нейкага заходняга пісьменніка... Было гэта нешта накшталт гогалеўскай “Шынелі”: жыў сабе ў гарадку стары, які ні ад каго не атрымліваў лістоў. Ну і гэтак далей. Шкада было гэтага старога – слёзна.I тут аўдыторыя завіравала. Першым ускочыў востры Харунжы і пачаў раўці дубовым голасам:– Трагедыя можа быць толькі з духоўна вялікім чалавекам!– У акакіяў акакіявічаў гэта горш, – кінуў Андрэй. – Вялікі і сам за сябе пастаіць.– Пастаяў, па-твойму, Грышка Мелехаў? З гарачкі ўсе несправядлівасць чынілі. А на яе адказвалі таксама несправядлівасцю. Вось і Грышка... Скруціў галаву – вось і ўсё.Андрэй быў яшчэ спакойны. Толькі ўзбуджанне нарастала недзе ў душы:– Пабілі, бо ведаў: барацьбу трэба весці па-джэнтльменску, а не хапацца за ўсялякае слабае месца, як хтосьці там – заўважце, не д’ябал, – у “Гаўрыліядзе”... А час быў не той. Кожны, хто не змог быць ні белым, ні чырвоным, быў біты з абодвух бакоў... “Ах, ты майго дарагога госця – на і твайму”. – “Дык ты майго найдаражэйшага госця – хай і твайму перападзе”. Былі, вядома, і дробныя, тыя хаваліся ад тых і ад другіх. А гэты быў сіла... I час паказаў, што праўда на яго баку... Людзі падумалі, дый сказалі Мішку Кашавому: “Хопіць, Міша. Парубаў, і хопіць. Гэта табе не капуста, а людэі. Ты вунь вінаватых пацяпаў – узяўся за добрых, бо разумеў: пакінеш цяпаць – будзеш непатрэбным. Таму ты, Міша, і прыдумаў тэорыю аб абвастрэнні класавай барацьбы. Дык вось, ідзі ты, Міша, разам са сваёй тэорыяй на пенсію, а мы пачнём крыху думаць, хто цябе хваліў, каму час клубніку разводзіць. Што ты там нахамутаў...”Харунжы ўспыліў:– Сам супярэчыш сабе. Пры патуранні тваіх маленькіх вырастаюць гітлеры!– Яны вырастаюць патураннем дужа сквапных і багатых. I ўціскаюць малых, Толя. Толька развёў дрыжачымі рукамі:– Ну, а каб ты пры Гітлеру жыў? Галовы сякуць вакол, а ты стогнеш аб адзінках, што не атрымліваюць лістоў. Так?– Не трэба, Толя, – усё яшчэ спакойна сказаў Андрэй. – Я б не стагнаў, я б сам, першы, страціў галаву. Я таксама не з дробных і ведаю, што права здзекавацца з гонару і сумлення чалавека ні ў каго няма. I калі пачынаюць рабіць такое – чалавек, грамадства мае права ўзяцца за зброю і паўстаць супраць гэтага...Ён памаўчаў.– Але ты забываеш, што гітлеры сякуць галовы адзінкам, а астатніх прыдушваюць жахам і пагардай. I мне, чалавеку не зусім дробнаму, шкада тых, хто не можа заступіцца за сябе. Я шкадую і тых і другіх. Усе людзі.– Нявартыя такія людзі шкадавання! – страсна кінуў Толька. – Страшна ім, баяцца яны зброі – ну і д’ябал з імі!– Навучацца з часам, – сказаў Андрэй. – А ты, Толька, накшталт Авакума. Ніякай памяркоўнасці. Дай табе волю – ты б сам усіх нязгодных у Пустазерск загнаў і спаліў... I ўсё ж я люблю і цябе, Толька... Ты непадкупны. I ты з часам зразумееш.Харунжы стаяў увесь чырвоны і гнеўны:– Шкадава-аць, – і раптам выплюнуў: – Ідыёт ты! Князь Мышкін!Аўдыторыя абурана загудзела. Тыя гады былі ўрадлівыя на нервовых людзей, ніхто асабліва й не здзіўляўся. Палоны, войньі, блакады, лагеры, пажары – усё гэта капілася ў сэрцах і нервах людзей, каб часам выбухнуць.– Дзякуй, Толенька, – з’едліва сказаў Андрэй. – Дзякуй, родны.Яго пачалі ўмаўляць, каб ён не крыўдзіўся.