Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

– Крыўдаваць на ўсіх людзей – лепей ужо з каменем на шыі ў вір, – сказаў ён.I толькі тут ён, забыўшыся на ўсё ў запале спрэчкі, успомніў пра Ірыну і зірнуў на яе. Яе вочы, звернутыя на яго, ззялі нейкім асаблівым, цёплым агнём. Потым яна апусціла павекі.– Вы не зразумелі яго, Толя, – сказала яна. – Ён укладваў у слова “шкадаваць” зусім другі сэнс. Вы ж ведаеце, слова “любіць” трапіла ў літаратуру памылкова. У кандовых вёсках і дагэтуль “любіць” азначае “любіць па гумнах”. А калі чалавек з такой вёскі вельмі кахае жанчыну, ён яе “шкадуе”. I чалавека таксама “шкадуе”. Нічога ганебнага для жанчыны і чалавека тут няма... Напэўна, і на Беларусі так.– Так, – сказаў Андрэй.I тут Толька, быццам атрымаўшы падмацаванне ад адной назвы “Беларусь”, зноў рынуў у казацкую атаку:– Гуманіст! Маленькія людзі! Шынялі! Сорам стагнаць аб шынялях. Ты пра сваю Беларусь успомні! Два мільёны дзвесце тысяч з нечым людзей загінула.I тут Андрэй упершыню ўзвысіў голас. Крыўда агнём разлілася па шчоках:– Так. Бухгалтэрыя досыць дакладная. Два мільёны і дзвесце тысяч з нечым. I тое “з нечым” – гэта, прыблізна, насельніцтва майго горада. I сярод гэтых мільёнаў не ўсе былі вялікімі людзьмі. Былі і маленькія, што навучыліся. Быў сярод іх і мой брат. Ён не пісаў апавяданняў, як ты. Ён ніколі не думаў пра палітыку. Пра шынель ён, праўда, таксама не думаў. Але я памятаю, як ён збіраў на матацыкл. Шынель – даведзены да абсурду сімвал... Брат мой збіраў на матацыкл... Нічога больш. Потым, пэўна, узбіўся б і на машыну. Ён любіў. машыны. Цяпер ён ляжыць недзе там... Ён, ці бачыш, гнаў праз зону абстрэлу машыну з цяжка параненымі. Многія з іх выжылі. А ў кабіне знайшлі дзесяць прабоін... I жонка ў яго была недалёкая жанчына: праца, ды кіно, ды зрэдку госці. Прыгонных, як у прадзедаў, у нас не вялося. Заводаў – таксама. I вось гэтай жанчыне соллю пасыпалі ў гестапа раны на спіне. Той соллю, што яна несла партызанам у лес. Яна толькі і здатная была, што насіць соль, бо яна да смерці баялася стрэлаў... Там яна маўчала... Яна вельмі баялася стрэлаў і вельмі любіла кіно...Вусны яго – ён ніяк не мог авалодаць імі – дрыжалі.– I гуманізм вось для такіх. Каб і яны, каб усе сталі вялікімі, бо кожны аднолькава дарагі для зямлі і для мяне. Нават той, хто любіць кіно, баіцца стрэлаў і пакуль што не трапляў у гестапа.Андрэй сеў, адвярнуўшыся да акна. У цішыні, што гнятуча навісла над аўдыторыяй, ён пачуў голас Горавай:– Хопіць. Даспрачаецеся потым. Дык вось...I потым ён ужо нічога не чуў, паглыбіўшыся ў свае думкі. Снег валіў за вокнамі. Потым перастаў. Кожная галінка на дрэвах была ўкрыта гурбачкай. Пэўна, калі расстрэльвалі партызан, кроў была вельмі чырвонай на такім снезе. Радзіма, чырвонае на белым, кроў на снезе.Раптам вельмі захацелася туды. З асаблівай пяшчотай ён пачаў уяўляць лілаватыя зарасці зімніх хмызнякоў на круглых узгорках, пахучую ваду ў палонцы, ваўчыны след па загуменні....Ад успамінаў яго адарваў толькі зменены тон Ірыны. Пэўна, адказвала камусьці на нейкае пытанне “аб жыцці”. Хлопцы любілі такое.– Ну, гэта як для каго, – казала яна. – Вось я, напрыклад, чытала нядаўна раман. Ён – амерыканскі мастак. Яна – псіхіятр з Парыжа. Пакахалі. Так, як рэдка бывае. Што рабіць яму без скалістых гор, без узараных прэрый, без мамантавых дрэў? I што рабіць ёй без Парыжа, без клінікі, без справы свайго жыцця? І, як ні стараюцца, каханне гіне, бо кожны не можа дараваць другому нежадання ахвяраваць сабой.