Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Яна не глядзела на яго, алё Андрэй разумеў. Адзін з усіх. I сэрца яго ўпала.– Як гэта? – неўразумела абурыўся Баранаўскас. Ірына ўзняла на яго вочы:– Так. Уявіце сабе, што... я пакахала. Упершыню. Магло ж здарыцца, што раней не давялося, Але ён далёка адсюль вядзе сваю працу. А я таксама не магу жыць без працы, і яна магчымая толькі тут. Тут саборы і фрэскі, пра якія я пішу. Тут мая работа выкладчыка. Тут мае бібліятэкі і музеі.– А ён дзе? – не зразумеў Харунжы. Андрэй, гледзячы на Ірыну, дапамог ёй:– Скажам, на Чукотцы.Жэстам падзякаваўшы яму, яна сказала:– I я не магу ехаць з ім. I крах спасціг маё каханне. Каханне маленькага чалавека.“Ага, яны зноў гаварылі пра тое ж, – падумаў Андрэй. – Так, пра тое ж і не пра тое ж... Недарэчныя разважанні!”I менавіта таму ён дачакаўся, пакуль усе пойдуць. Менавіта таму ўпарта сядзеў і слухаў яе бясконцыя размовы з завучам. Менавіта таму падаў ёй зялёную літоўскую хустку і футрачку, а потым выйшаў з ёю на сляпуча белы снег, які яшчэ не паспелі запляміць сятчатымі слядамі галёш.– А на мне гэтая хустка. Я не хацела сёння ісці з вамі.– А што хустка?– Ды я ў ёй на матрошку падобная.– Вы ва ўсіх уборах добрая.Чысты, бязмерна добры стаяў вакол снег. Сляпучы. Нявінны. I нават пахнуў ён вадкім водарам свежаразламанага сланечнікавага сцябла.– Хачу кудысьці на снег, дзе дрэвы.– У Сакольнікі? – Далёка.– Ну, тады на выстаўку. Там ёсць цудоўныя далёкія алеі. Па іх зараз ніхто не ходзіць.– Згода, – кіўнула яна.Ён махнуў рукою зялёнаму вочку, што бегла вуліцай. У таксі яна маўчала. Потым сказала, маючы на ўвазе Харунжага:– Як Рэмарк. Толькі сябе шкадуе.– Так, – сказаў Андрэй. – Гэта не Дастаеўскі: “прыйдзіце, п’яненькія...”Глянуўшы на яго пушыстымі вачыма, яна сказала:– Я думала, вы мяккі і добры.Бачыла яго цёмны профіль. Потым доўгія вочы, што цяжка зірнулі на яе. Потым рот, што вымавіў: – Добрыя і бываюць заўсёды цвёрдымі. Сам ён у гэты час думаў аб тым, што жыццё – радасць. Як раптоўнае азарэнне, як цёплае залатое святло, пралілася на яго гэта думка. Была яна, тая, што поруч, а паратунку не было, ды ён і не хацеў яго. Ад шчасця, хай нават пакутнага, не ратуецца ніхто.I таму ён увесь час папраўляў ёй пад хусткаю валасы (ёй бы вельмі пасавала квяцістая, кілімовая хустка). А яна, сама схіляючы да яго галаву, усё патрабавала:– Не глядзіце на мяне, такую.Ды хіба ён мог?На выстаўцы яны селі ў мікрааўтобус і паехалі пад заснежанымі дрэвамі ў зону адпачынку, зусім пустую цяпер. Там была спрадвечная ціша. Павільёны пад дрэвамі былі па вушы захутаны ў снег. Толькі аднойчы праехала маленькая снегаачышчальная машына. I зноў ні душы.– Сёння раніцай я зусім была вырашыла не бачыць вас... І вось... не магу...– Вам нельга ад мяне. – Ну вось бачыце... Я ж з вамі...У Андрэя ад гэтых слоў радасна падскочыла сэрца. I ён здзівіўся, бо гэта было як у дзяцінстве. I менавіта таму ён ведаў: гэта сапраўднае. I менавіта таму баяўся. А дрэвы былі заснежаныя. I ён моцна патрос за сук клёна, пад якім яны ішлі. Іскрамётны, трохі нават звонкі снег сухім пылам пасыпаўся на іх з галін.– Слухайце, – сказаў ён. – Спявае. Слухайце, давайце я вам сняжок за каўнер запхну... Або лепей вы мне...Яна засмяялася і раптам зірнула на яго ногі.– У туфлях. Ану марш з цаліку на сцежку.– А вы?– А я ў боціках. Я пайду тут.Але ён так жаласна і камічна маліў яе не пакідаць яго, што яна згадзілася.