Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Марыя глядзела на Грынкевіча прыжмуранымі халоднымі, як лязо брытвы, вачыма. Перавяла позірк на Яніса. Зноў на Андрэя.Адчуваючы, што зараз адбудзецца нешта зусім недарэчнае, Андрэй усміхнуўся ёй.– Кінь глупствы, – сказаў ён, – давай мірыцца, ці што?Яна хмыкнула:– Брыдка глядзець на вас. Завіхаецеея каля... гэтай, як два кабялькі. Ні сораму, ні гонару. А ўжо яна над вамі панствуе. Дарвалася.Андрэй раптам адчуў, што нейкая гарачая хваля кінулася яму ў твар. Ён ведаў, што за гэтым прыйдзе выбух несамавітага, страшэннага гневу, такога, які ён перажыў за ўсё жыццё разы тры, і таму баяўся. Ён хацеў устрымацца, але не мог. . Мора чырвонага святла ўстала ў вачах.– Ты... ты, – глухім голасам сказаў ён і сарваўся на страшны шэпт, – не руш чалавека.Быў ён жахлівым у гэту хвіліну. Жахлівым, як прадзед у баі пад Зверынам. Прарвалася-такі старая кроў.– Не руш яе!!!На іх азірнуліся, убачылі ўстрывожаны твар Яніса, збялелы ад жаху твар жанчыны.Ускінула насцярожаныя вочы Горава.Але Андрэй, адчуўшы, што яшчэ адна хвіліна і здарыцца непапраўнае, ужо бег да ўвахода ў царкву, за рог палаца.Дзіўна, але ўсе, хто наглядаў за гэтай сцэнай, падумалі, што ён крычаў на Яніса....Знайшлі Андрэя толькі хвілін праз дзесяць. Ён сядзеў у царкве, што амаль напалову ўрасла ў зямлю, сціскаў кулакамі скроні.Горава ўзяла яго за плячо, падвяла Вайвадса:– Ну што за дурыкі. Адразу ж мірыцеся. Андрэй паспеў ужо прыйсці да свайго заўсёднага добразычлівага настрою:– Мы не сварыліся.Усе падумалі, што гэта гонар, але настойваць не сталі.Андрэй агледзеў вачыма сяброў і пабачыў, што Марыі сярод іх не было.Гэта было лепей. Ён не мог зараз бачыць яе.Экскурсія ішла пад арку брамы, і Андрэй ішоў наперадзе, спіной адчуваючы позірк жанчыны. Ён ведаў, позірк гэты дапытлівы і пільны.Галубінае пяро павольна, бы ў водавароце, падала перад Андрэем на высокую, густа-зялёную траву. Ён падставіў руку і злавіў яго, сціснуў у пальцах. I раптоўна яму здалося, што пяро гэтае нябачна, але моцна звязала яго з закінутай вёскай, з сумам і цішынёю белых палат.У вузкім акне – ён зноў пачаў летуценнічаць наяву – мільгануў перад ім падазрона вялікі твар, чырвоны, наліты крывёю твар ягонага цёзкі, князя. I потым ужо ўсё, аб чым расказвала Горава, жывымі карцінамі ўставала ў яго вачах.Ад базедавай хваробы ў Багалюбскага былі шалёныя і ярасныя вочы, ад уроджанай акасцянеласці шыйных пазванкоў – ганарлівая пасадка галавы. Ён не мог яе апусціць, а калі трэба было, – ён нахіляў яе разам з тулавам, як воўк.Таму яго з дзяцінства лічылі ганарліўцам, і ён сам звык лічыць сябе такім, і жорсткасць ягоная стала пачэ меры цярпення чалавечага. Ад маці-палаўчанкі ягоныя дзікія вочы мелі косы разрэз, і ён сумаваў па стэпах, дзе імчаць шалёным намётам гарбаносыя дзікія коні. Але ён закілзаў сэрца, таму што быў уладаром. Толькі ханская жорсткасць прыжывалася паўсюль, і таму нават тут пачалі ламаць хрыбты. I ён не прыдбаў сабе сяброў вялікім і мудрым жыццём.Яны ішлі пераходамі палаца, і Андрэй бачыў трапяткі агонь паходні і чалавека з барвяным тварам, з папярочнай, узбухлай жылай на лобе, які з нечалавечай сілай адбіваўся ад шасцёх змоўшчыкаў, узброеных дзідамі і мячамі, раскідваў іх і рыкаў, як паранены леў. А яны зноў і зноў кідаліся на яго, шматавалі, цягнуліся за ім па падлозе.Вось вырваўся, бяжыць, кідаюцца па скляпеннях, размаляваных травамі, калматыя цені. Сплываючы крывёй, ён бяжыць, і ногі заносяць яго ў бакі, як п’янага. Наперадзе ўратаванне, але ён страціў сілы і розум, свісцячае дыханне вырываецца з яго вуснаў, ногі яго ведаюць толькі, што ўніз бегчы лягчэй, і ён збочвае, бяжыць па вінтавых каменных сходах. Праз вузкія вокны ў шырокіх нішах, чаргуючыся з пыльнай цемрай, слізгоча па яго твары святло зорак. З інстынктам зайца, які хоча схаваць галаву, чалавек шукае нары.