Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Крочылі сцежкай у заснежаным свеце. Алеі вялі кудысь. Ад марозцу пабялела пасмачка яе валасоў пад хусткай. Адчуваючы нават праз футру цеплыню і акругласць яе рукі, ён шэптам сказаў:– Вельмі кахаю вас.– Вы прыдумалі гэта, – яшчэ цішэй сказала яна.– Не, – амаль бязгучна запярэчыў ён. – Ведаеце, усё адно вочы мае і мае вершы нікому не патрэбны, калі няма вас.I гэта было сказана так упэўнена, што яна змоўкла. Потым сказала чамусьці:– Ведаеце, чаго не хапае на гэтых сініх дрэвах?– Ведаю. Снегіра. Чырвонай іскры.– Так.Ля аднаго з павільёнаў стаялі нейкія захутаныя паўднёвыя дрэвы. Захуталі іх добра – кожная галіна была, як падушка – ды яшчэ абшылі зверху бліскучай, падобнай на скуру, цёмнай цыратай. I абое адначасова падумалі, што гэтыя дрэвы падобныя на марсіянскія кактусы.– Яны ловяць людзей, – страшным шэптам сказаў Андрэй.– Не, – сказала яна, – яны да іх абыякавыя.– Гэта страшней, – згадзіўся ён.I яна зразумела яго. Павярнулася, жаласна спытала:– Ну што б вы хацелі, што?– Выходзьце за мяне замуж.– Толькі?..– Так.– Андруша, – сказала яна пасля паўзы, – учора я чамусьці дала згоду на аперацыю. Мне раптам вельмі захацелася жыць. Не ведаю чаму. У студзені еду ў міжнародны шпіталь, у Вену. Калі не паеду – абяцаюць год жыцця. Таму не трэба пакуль пра гэта.– Менавіта зараз і трэба, – сказаў ён. – Вы вернецеся адтуль здаровай, і мы будзем мець права адзін на аднаго. Таму – зараз.– Ды нашто я вам, нашто я вам такая? Андрэй з цяжкасцю разляпіў вусны:– Ведаючы пра гэта, я яшчэ больш, яшчэ больш аддана буду кахаць вас. А жыць, не ведаючы вас, – канец.– Жылі ж раней?– Хіба гэта было жыццё? Ён узяў яе за плечы:– Ведаеце што? Гэты герой рамана, пра які вы сёння расказвалі, быў ідыёт. Яму варта было б, пры ўсёй нелюбові да лічбаў і разлікаў, сесці за стол і даведацца, колькі каштуе дом у прадмесці Парыжа або Нью-Йорка і машына, на якой гераіня магла б ездзіць у сваю клініку... А ён... загубіў вышэйшае на зямлі.Яна глядзела на яго небывала сур’ёзна. Потым павяла вачыма ўбок і зноў унікла прамога адказу.– Глядзіце, дзяцел.Дзяцел бегаў па мядзянай сасне і стукаў.– Чаго гэта ён?– Дастае розную дрэнь з-пад кары. Абедае. Уздыхнула здзіўлена:– Божа, каб гэта нам так дзень пастукаць – потым вядро пірамідону спатрэбілася б.А Андрэю было страшна за яе і шкада гэтага мілага, смешнага дзятла:– Не трэба аб ім. Я ведаю, я, можа, горшы за іншых. Я, можа, нават сярод нашай браціі не з самых лёгкіх людзей. Але вас ніхто так не будзе кахаць.– Жывіце для іншых. Хіба магу я строіць нейкія планы, псаваць вам жыццё.– Мне абрыдла па кроплі праліваць на іншых суцяшэнне і пяшчоту. Я хачу аддаць вам усё. Кідайце гэты халодны дом, там як пройма па нагах цягне. Вам цяжка ў ім.– Адкуль вам ведаць? Сціснуўшы сківіцы,ён сказаў:– Я настроіўся на вашу хвалю. Я заўсёды ведаю, калі вам бывае цяжка... Я нават ведаю, што ў дом гэты амаль не прыходзяць сябры мінулых год. I вам часта самотна. Так?Яна глядзела амаль перапалохана.– Так, – сказала яна.– Ну вось. А хіба каханне гэта тое? Каханне – гэта як старое чэмбала. Яго на гару не выкінеш, як непатрэбшчыну. Яго любяць нават праўнукі за тое, што яно грэла дзядоў.Абняўшы яе, ён спытаў:– Дык як?– Не ведаю.– Забіце мяне, але я не магу без вас.Прынікла галавою да яго грудзей: – Я... не збіраюся вас забіваць. Прыходзьце да мяне сёння. У шэсць.– Чакаць мне вас? Працаваць мне для вас?