Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Дрыжалі на шыбах бліскучыя іскры, і снежная папараць схілялася на іх, і такога не было ніколі і ні з кім, а яна была як першая і пажаданая больш за ўсіх....Уся цёплая, яна ляжала ў яго абдымках. Рукі лашчылі яго галаву. А ён у нямой і бясконцай удзячнасці цалаваў гэтыя рукі, і яны, ды яшчэ грудзі, уздрыгвалі пад яго пацалункамі. I яму здавалася, што гэтага больш ніколі не будзе, і таму ён спяшаўся.– Ніколі ні з кім? – шэптам спытала яна.– Ніколі.– I я ніколі. Слухай таямніцу.– Ну.– У мяне агіда да мужчын. Яны занадта многага хочуць.– А я?– Ты не. Ты заўсёды робіш тое і так, як я хачу.Цалавала яго. Кароткія пацалункі ў куточкі вуснаў і ў плечы, ад якіх яму хацелася плакаць, як юнаку.Ён не ведаў, колькі мінула гадзін, але ён з захапленнем і болем адчуваў, як сплывае час. Быццам жадаючы абараніць яе ад цемры, ён трымаў яе ўсю моцнымі далонямі, як апошнюю надзею сваю. I яна, як разумеючы гэта, супакойвалася. Уздыхнула, прынікаючы да яго. Андрэй убачыў, як, дрыжучы, пачалі змяжацца яе веі. I тады ён прыпаў вуснамі да яе скроні – зусім блізка, каб яна адчула цёплы подых і заснула, як гэта робяць дзеці.I яна заснула. Абапёршыся на руку, ён доўга глядзеў на яе. Гадзіннік мякка прабіў дзве. Блакітнае месячнае сяйва падала на закінуты, з выразам смяротнай мукі і шчасця, твар спячай.Ён глядзеў доўга. Ірына ледзь чутна прастагнала ў сне. I тады яму здалося раптам, што яна памірае. У жаху ён прынік вуснамі да яе рукі, і адразу гэтая рука сутаргава працягнулася да яго і супакоілася, дакрануўшыся да яго грудзей.– Дзякуй богу, – сказала яна. – Мне прыснілася, што гэта сон.Яна змежыла вочы:– Мне падабаецца, як ты робіш са мною. Калі мне лепей за ўсё – мне здаецца, гэтаму не будзе канца... Сэрца разрываецца, як у птушкі над морам... Ад радасці... А бераг бачны, але бясконца далёка... Пацалуй мяне. Тут. Я вельмі кахаю цябе.Ён пацалаваў, правёў вуснамі ніжэй і прынік там, дзе шыя пераходзіць у грудзі, да ямкі.– Тут жыве душа, – сказаў ён. – Вось я дакранаюся да яе вуснамі.– Трымай іх лепей каля майго рота, каб часам яна не вырвалася, калі ты...Гэта было нейкім насланнём. Пакой пачынаў круціцца, а потым знік некуды, і ўсё запаланіла срэбнае месячнае святло.– У цябе зараз месяц быў паўсюль? – спытала яна.– Паўсюль.– I пакой знік? I ўсё было срэбным?– Усё было срэбным. Яна ўздыхнула:– Усё срэбнае-срэбнае. Я памірала тройчы.– I я.– Нашто ты так?– Я баяўся хоць на хвіліну выпусціць цябе з рук. Баяўся, што знікнеш.– Вось як гэта, – шапнула яна. – І падумаць толькі, што так позна...Ён схіліўся над ёю і дакрануўся вуснамі да яе дрыготкіх вей. Веі былі мокрыя.– Цябе павінны вельмі любіць, – сказала яна. – Я ніколі не чула, каб нехта пра кагось гаварыў з такой пяшчотай, як пра цябе... Некалькі чалавек... А твой Яніс так хваляваўся, што запаліў цыгарэту з фільтрам не з таго канца... Сказаў, што адзіны чалавек, з якім я буду вельмі шчаслівай, – гэта ты. Ён любіць цябе. Напэўна, як усе.– Мяне многія не любяць.– Жанчыны. Тыя, што не з табой. Гэта нічога. Усё адно знойдуцца для цябе лепшыя, чым я.– Нашто ты мучыш мяне, – казаў ён, цалуючы яе. – Лепшых не будзе.– З цябе збудзецца паэт. I я, калі дажыву да старасці, буду радавацца.– Я ім буду... Калі ты будзеш са мной. Тады ў мяне на ўсё хопіць сілы...– Ты стаў лепшы. Раней у вершах была гэткая венявіцінаўская незасмучанасць, а зараз мора пачуццяў. Яго баішся... Як і ў жыцці. Вось тут.