Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

У забыцці ён вадзіў шчакою па яе абліччы і грудзях:– Ты прыўкрасная. Каб ты толькі была са мной. Я быў бы табе вельмі верны, вельмі пяшчотны... да канца.– Я ведаю. Жанчыны заўсёды ведаюць, што іх чакае з мужчынам. Толькі часам ашукваюць сябе... З табою – я ведаю...– А мяне не ведаеш?– Я ведаю. Вясной, калі растане снег, – першая песня жаўранка. Яшчэ непрыгожая, яшчэ нязвонкая, але яна – першая... Жаўранак ты мой.Лепей за яе вочы нічога не было на свеце.– Так лёгка мне, светла, – бы ў забыцці казала яна. I раптам прыўзнялася.– Абяцай мне, што ніколі не здымеш са сценкі майго падарунка.– Абяцаю.– Я табе падару, рэпрадукцыю “Венеры” Бацічэлі. Усе кажуць, што гэта я... Праўда ж, гэта можна?.. Што б ні здарылася потым – гэта ж толькі фрагмент карціны.– Добра... А ты ведаеш, на каго падобны я?– Не.– Хлапчук з карціны Пінтурык’ё. У дзяцінстве зусім быў падобны. У нас да вайны вісела гравюра з гэтай карціны. Гэта быў мой асабісты вораг. Я яго бачыць не мог і чыніў яму розныя паскудствы. Маці ўсміхалася: “Дурнік. Вы ж падобныя...” А мне дзяліць увагу з нейкай пачварай – вышэй сіл было... I вось я, калі нікога не было, зняў гравюру са сценкі і ўчыніў над ёй літаральнае аўтадафе: спачатку чвартаваў, а потым спаліў.– А што маці сказала?– А маці ўбачыла вынік экзекуцыі і кажа: “Не дзіцёнак, а гун нейкі. Вандал дзікі”. А мне было добра: нікога трэцяга між намі. Ды і яна... Пяшчота яе была пасля гэтага асабліва ласкавай. I вочы... здзіўлена-ўважныя.– У яе якога колеру валасы?– Як у мяне.– Значыцца, цёмна-блакітныя... Няўжо ты раўнівы?– Ды не. Пасля гэтага я ніколі нікога не раўнаваў так, як яе.– Я люблю яе, – сказала яна.– I я. Я люблю яе і цябе... Любі мяне хоць трошкі.– Я нічога не ўмею рабіць напалову, – ціха сказала яна.Запанавала маўчанне з яго бязгучнымі пацалункамі.– Слухай, – нейкім дзіўным глухім голасам сказала яна, – калі я памру – ты будзеш памятаць мяне?– Не смей, дурненькая мая, – сказаў ён. – А я абавязкова. Нават там. I я згубіла два месяцы!– Маўчы, не трэба, – маліў ён.– Бачыш, я ўвесь час памятала пра цябе. Хацела, каб табе было добра. Не хацела, каб ты не помніў мяне вось так.Каб не чуць гэтых слоў, не адчуваць боязі за яе, ён закрыў ёй рот сваімі вуснамі, прыціснуў да сябе, як нешта самае дарагое, што вось-вось страціш, і забыўся ў пацалунках і зіхоткіх іскрах месяца, якія былі вакол....Потым, праз сон, ён адчуў лёгкія пацалункі, якімі яна асыпала яго рукі і плечы.– Уставай, уставай, любы. Скора пачне днець.Ён расплюшчыў вочы. Пакой тануў у паўцемры. Абліччы глядзелі са сцен не такія, як вечарам, і ў сэрцы была заспакоенасць і пяшчота, як быццам пачыналася новае жыццё. Святло месяца перапаўзло ў кут ля акна. Іскры гарэлі толькі ў самым кутку верхняй шыбы.– Стой, не цалуй маіх плячэй.– А я не магу.– Праўда, я добрая гаспадыня?– Не магу. Потым...Святло знікла. Яны выпілі віно і каву на краі ложка... У пярэдняй яна, разгладжваючы рукой паліто на яго грудзях, сказала:– Ну вось. Як быццам ты муж і я цябе праводжу на работу.– I так будзе заўсёды.Яна схіліла твар.– Так... заўсёды.Андрэй глядзеў на яе. Такая кранаюча маленькая стаяла яна перад ім, такая каханая ў гэтым сваім халаціку, што ён тоўста абняў яе праз паліто, і ўся яна схавалася ў яго абдоймах.Гэта было так, як ніколі, і таму ён стаў перад ёю на калені, прыціскаючы да сябе, і схаваў твар у цёплай тканіне. Яна ўзяла яго за скроні: