Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Ён забіваецца ў нішу акна.Чуюцца крокі, якія... вось-вось, здаецца пайшлі далей. Не, бліжэй.– Тут ён!Страшэнны крык абудзіў Андрэя.Спусціўшыся па сцёртых прыступках, ён убачыў у пыльнай нішы, дзе дабілі князя, два цёплыя, ружаватыя галубіныя яйкі.Калі маладыя людзі зноў выйшлі на траву, Андрэй амаль хістаўся. Нервы, напружаныя цэлы дзень, не вытрымлівалі, здавалі. Ён адчуваў сябе няздольным успрымаць, аб чымсьці думаць, нешта любіць. Адбывалася нешта падобнае на тое, як бы ты пабачыў чалавека, зарэзанага машынай, тое, што медыкі-псіхолагі называюць заразай смерці.Нешта шчымела і варочалася ў горле.– Што з вамі? – спагадліва спытала Горава.– Так, Успомніў, што Хронас жор уласных дзяцей, што на месцы Кіева пасля татар трыста год раслі дрэвы.– А жыць трэба, Андруша, – сумна сказала яна. – Сапраўднаму чалавеку заўжды трэба жыць. Каб множыць дабро.Яны ледзьве цягнулі ногі, цягнулі толькі таму, што трэба было яшчэ пабачыць царкву Пакрава на Нерлі. I ім зусім не хацелася гэтага, але ногі ішлі аўтаматычна. Трэба ж ім было кудысьці ісці.Заржавелыя цыстэрны ля чыгуначнага палатна, бетонныя трубы, матляецца на ветры бялізна. Нерэалістычны пейзаж.Хто ж ты ёсць, чалавек?!Цьмянае сонца выплывала з-за хмар. З моста над галавою падалі ржавыя кроплі. I калі людзі прайшлі яго, уздых, як у дзіцяці пасля слёз, пашырыў лёгкія Андрэя.Бясконцыя-бясконцыя лугі з лесам на ўскраіне далягляду ляжалі перад ім. Гусцела іхняя трава, як у тыя часы, калі выязджалі сюды на паляванне з празрыстым гукам рагоў і сакаліным палётам.Зялёная трава, кураслеп рассыпаў па ёй сваё тлустае золата, і маленькія браткі падміргваюць сінімі вачыма. Але гэта не галоўнае. Там, на краі лугоў, зліўшыся з гэтым, молада-зялёным і залатым, уросшы ў гэты просты пейзаж, відзён зграбны-зграбны белы прамакутнічак са сціплым зялёным купалам.Яны мімаволі паскараюць крокі. Царква плыве да іх, адрываючыся ад зямлі, як кветка, раскрытая небу, як неапалімая купіна, палаючая белым агнём.Там-сям купы ліп падступаюць да яе. I вось бліжэй, і вось бачна ўжо сухая бяроза, што схілілася над старыцай.– Што гэта? – уражана спытаў Андрэй.– А гэта і ёсць тое, дзеля чаго варта жыць. Дзіва чалавечага генія.Яна ішла поруч з ім, невысокая, з мяккімі шэрымі вачыма, у якіх ззяў зараз добры і чысты агонь захаплення.Царква набліжалася.Пэўна, нехта заўважыў іх маленькімі мурашкамі ў лугах і проста, бы ў свой дом, адчыніў ім дзверы. Быццам сама яна даверліва адчынілася ім.Два вузкія перашыйкі паміж Нерлю і старыцай вялі да яе, і ў яснай, як сляза, вадзе старыцы плавалі струхлелыя чаўны, якія нельга было адрозніць ад старажытных.Простая, зграбная, дасканалая на дасканалай зямлі, яна чакала іх, і вакол не было ані душы, быццам яна сама вырасла з гэтых лугоў і, зажурыўшыся, стаяла над княжычам, што загінуў тут на паляванні восем стагоддзяў таму.“Пяшчотная мая!” – падумаў Андрэй, і камяк падкаціў яму да горла.Ён не мог не думаць цяпер. I думкі былі балюча добрымі і ўзвышанымі.“Я чэрствы і грубы, – думаў ён, – я не верыў, што можна плакаць, гледзячы на каменні. Я веру ў гэта цяпер. Птушкай ускінуся перад табою. Сірынам заспяваю, прыжмурыўшы вочы сярод маладых дрэў, Феніксам згару і ўваскрэсну з попелу”.Яны зайшлі ў сярэдзіну царквы. Нічога не было там: чыстыя белыя сцены, цішыня, святло, што падала невядома адкуль, квадратны алтарны камень.