Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 1

Ніякіх украс, толькі львы з чалавечымі лікамі глядзяць з верхавін чатырох квадратных калон, і на іхніх вуснах застыла таямніча-сумная, хітраватая і зажмураная, усёразумеючая ўсмешка.– Божа, – сказаў Андрэй, – я шукаў яе паўсюль, а адшукаў тут.Праз вокны глядзеў у царкву дзень, спявалі пад ветрам лугі, а тут, зусім поруч, стаяла тая, што паказала яму ўсё гэтае дзіва, добры-добры друг, чалавек з растрапанымі валасамі, скручанымі на патыліцы ў вялізны цяжкі вузел.Аб чым вашыя летуценні? Га, недарэчныя ільвы?Строгі халадок даходзіў да самага сэрца, снежнае святло выціскала вільгаць з вачэй.I гэтыя шэрыя вочы побач.“Вось стану на дыбачкі, – думаў Андрэй, – адарвуся ад зямлі, павольна палячу туды, пад купал, купаючыся ў слупах белага святла. I гэты добры-добры чалавек поруч”.“Куды знікла зараза смерці? – думаў Андрэй. – Не, чалавек не звер на зямлі, калі можа ствараць такое. Стократ варта паходзіць ад такіх продкаў. Усім жыццём імкнуцца стварыць вешта падобнае. Можа, і не атрымаецца, але імкніся”.А жанчына поруч узняла руку і паправіла пасмачку валасоў.“Усё паўторнае на зямлі, і толькі ты адна непаўторная, – думаў Андрэй. – Тысячы разоў яшчэ будуць праліваць кроў і крыўдзіць, але хто, хто наважыцца пырснуць чалавечай крывёю на гэтыя белыя каменні, запэцкаць тваю белую нявіннасць і чысціню?”Яны зноў перайшлі парог і пабачылі бязмежныя залатыя лугі.I Андрэй доўга яшчэ глядзеў на яе з лугоў.I здарылася дзіва. Быццам нябачны горад явіў позіркам самы дасканалы свой твор, схаваўшы ўсё астатняе.I заззялі вакол лугі, і вясёлка абаперлася пятой у ваду ля царквы, запрашаючы дзіва ўзысці на аблокі і явіць сябе ўсім людзям.“Не, продкі не адышлі, – думаў Андрэй, яны тут і заўжды будуць тут: як песня, якую мы атрымалі ад іх, як іхнія радасць і боль. Яны расквітаюць усмешкай на нашых вуснах, і іхняя журба – гэта наша журба.I калі мы плачам – мы плачам іхнімі слязьмі.Бо ніхто не ўцячэ ад іх, як не ўцячэ ад сябе. I ніякая хмара не заб’е майго імкнення да неба ў слупах святла, таго святла, што залівае храм на Нерлі.Продкі мае, любыя мае, мір вам.Мір вам з вашай тутою, з думамі, якія зніклі, з клопатамі, якія не датычацца вас.Прыйдзе дзень, і мяне не будзе. Але свет не застанецца без слоў. I давеку будуць гучаць пацалункі пад старымі вязамі.Прыйдзе дзень, і мяне не будзе. Але будзе вечнай зямная цеплыня.I давеку ля кіёскаў, ззяючы вясёлкаю на сонцы,будзе асядаць са шклянак на шчокі дзяўчат пяшчотны вадзяны пылок.А на цёплай зямлі ў буркатлівых галубоў лапкі ў вякі вякоў будуць каралавымі.Дзякуй табе, белая”.Ён ішоў і ўсміхаўся сваім думкам,“Калісьці я памру. I калі я памру, калі рот мой, які спяваў і цалаваў, калі рукі мае, што рабілі і песцілі, будуць тлом і прахам, – мой нябачны подых застанецца ў гэтых белых мурах, як уздыхі тысяч забытых продкаў.I я буду ўдзячны табе за тое, што, як яны, я не схіліў каленяў у гэтых мурах, што я, быццам яны, проста пастаяў тут і выйшаў абноўлены і ўсёразумеючы, цвёрда абапіраючыся на меч”.Яны ішлі лугам, а за іхнімі спінамі згасала ў сяйве майскага дня вясёлка над белым дзівам.– Як свечачка, – ціха сказала Горава. Яна, Грынкевіч і Галіна Іванаўна ішлі наперадзе, далёка адарваўшыся ад усіх.– Вось, – сказала Галіна Іванаўна, – а вы са сваімі сваркамі. Што вам зрабіў Вайвадс?Андрэю не хацелася вяртацца на зямлю. Таму ён адказаў неахвотна: