Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Адзавіся! Што ты так вабіш мяне?Добры прывід мой. Янаў агонь.Пераходны мосцік.Тамбур пусты.У душы нарастае жах.Першы вагон, і ў вагоне – ты.Дзяўчынкай. I слёзы ў вачах:Любы загінуў. Колаў звон.Не тужы. Не тужы ў журбе.Падумай, як бы пакутаваў ён,Каб вайна забрала цябе?!Як бы імкнуўся праз чорны дым,Як клікаў бы смерці касу?!.Мёртвым лягчэй, і нясцерпна жывым,Што мёртвых у сэрцы нясуць.Пераходны мосцік. З тупой вышыніНехта арфуе снег.У другім вагоне згаслі агні,I ніхто не пабачыў мяне.А я пабачыў. Гарэла свячаНад святлом жаданняў маіх.Ты з другім. І боль такі у вачах,Што лепей бы слёзы ў іх.Я шукаю цябе. Я не магуЗагасіць свой равучы агонь,Я з вагона пустога ў вагон бягу.Трэці. Апошні вагон.I ты. Як свечачка у снягах,Як цёплы кахання сон.Я сказаў, што знясу для цябе на спінеСамы жахлівы цяжар,I ты мне з усмешкай сказала: “Не”.I лепей бы мне – на ліхтар.Ноч. Матляе вагон. Спакойны час.Як разбіць мне сэрца турму?Дзед, і ўнучка,I ты, – за кожнага з вас,За кожнага смерць прыму.I не буду клясці свой першы ўздых,Свой лёс, свой няпросты канец.Што ж, адмучыцца сэрцам сваім за траіхНа долю выпала мне.Не я дзяліў з табой сталь, і бой,I шчасця светлага час.I ўсё ж мы ў Вечнасць едзем з табой,Хоць вагоны розныя ў нас.I ўсё ж са мною, са мною ты,У бязмежнай маёй цеплыні...Масты ляскочуць. Ляскочуць масты.Скупыя плывуць агні.Прыляцелі з халоднай начной зямлі,З дрымучых глыбокіх снягоўI ў вачах вясёлкаю паплыліАгні нямых хутароў.Нічога. Нічога. Цягнік ляціцьУ Вечнасць праз снег густы.Там разбяруцца. Там створаць трох.Кропля ў кроплю, як ты.I мне падаруюць сапраўдную з трохЗа тое, што на зямліНіхто нават смерцю самой не змогМяне ад цябе аддзяліць.За тое, што я дагарэў і згасНа вялікім, як сонца, агні.За тое, што сеў я ў начны гэты часБез білета ў цёмны цягнік....Спустошаны, надзіва спакойны, ён сядзеў над спісанымі лістамі паперы. Усё неяк стала на месца. Словы Ірыны аб тым, што, маўляў, у яе могуць быць з-за яго непрыемнасці, што вось існуюць языкі паклёпнікаў, і што яна просіць, каб ён больш ніколі не праводзіў яе, жылі ўсе гэтыя дні як пустыя гукі, і толькі зараз, пасля гэтага сну, набылі рэальнасць і сэнс.Ён раптам зразумеў, што яна ніколі не будзе з ім. І адначасова ўцячы ад яе ён не можа, а без яе няма жыцця. Значыць, няма чаго супраціўляцца. Жыццё абрыдзела, жыццё не дало шчасця – нашто тады ўсё.Ён не скардзіўся. Адчай прайшоў. Застаўся нейкі халодны і разважлівы курс на канец. Андрэй пагарджаў самазабойцамі, але тут усё было інакш. Не было запалу, не было болю – проста іначай нельга было. Усё адно ён болей ні на што не варты.Праз сценку ён чуў лёгкія гукі музыкі ў суседа. Гралі той самы канцэрт Мендэльсона. Андрэй склаў кнігі ў чамадан. Усе. У другі чамадан склаў рукапісы (яны ў яго заўсёды былі ўпарадкаваныя). Рукапісы нехта завязе ў Мінск. Трэба будзе, каб гэтымі грымзолямі заняліся толькі сябры і з імі Яніс.Усё расклаўшы па чамаданах, ён падышоў да акна і стаў глядзець у яго.За падстанцыяй, за яе марсіянскімі спарудамі паміралі гарадскія агні. Яны згасалі адзін за адным, але гэта, напэўна, ён проста страціў уяўленне аб часе.Не, яму не хацелася паміраць. Ніколі ён яшчэ так не любіў жыцця. Без Ірыны ён не здолее напісаць ні радка. Уся гэтая гісторыя як зламала ў ім нешта.Досыць! Ён зробіць вось што: сябра з Кіева, начуючы неяк у яго, забыў у тумбачцы свой люмінал, цэлых трыццаць таблетак. Многа гэта ці мала – Андрэй не ведаў, ён ніколі не ўжываў снатворнага.