Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Ён прыме гэты люмінал. Зараз ноч. Раней чым у дзесяць гадзін ніхто не перашкодзіць яму сваёй дапамогай. Калі ён засне і не прачнецца – хай будзе так. А калі гэтая доза будзе недастатковай – ну што ж, будзе замах на самагубства з непрыдатнымі сродкамі. Тады ён праспіцца і ў той жа дзень кіне інстытут, і Маскву, і працу. Паедзе кудысь далёка, у малярыйныя плаўні Нянджа або на Чукотку. I ні слова нікому.Абдумаўшы гэта, ён нявесела ўсміхнуўся. Усё гэта трошкі патыхала піжонствам. Нешта накшталт гульні са смерцю ў цот ці лішку. Але д’ябал з ім!Графін з вадою на стале. Таблеткі – вось. Зараз – пісьмо маці, кароткае, усё адно яна не даруе, як бы ні прасіў прабачэння. Следчаму ліст. Так робяць усе.Каму ж кнігі? Вядома, Янісу. Вось і яму некалькі слоў. Ну, яшчэ каму? Цягнуць нельга: агні за акном сталі зусім рэдкімі; але дзіўна: зор на небе няма. I не таму, што хмары. Проста над Масквою ніколі не бывае зор. Зашмат ліхтароў, гэтага штучнага святла.Каму яшчэ? Ага, Ірыне. Ці варта пісаць ёй наогул? Бадай, не варта. Але хочацца. Гэта як апошняя размова.“Дарагая мая, бывай!Калі ты атрымаеш гэты ліст – я ўжо буду далёка, і мы ніколі не пабачымся. I цяпер, калі ты ўжо не зможаш падумаць, што я нешта хачу змяніць, я змагу хоць у пісьме пісаць усё, як ёсць, не баючыся, што ўсё гэта будзе растлумачана неяк не так.Я іду не толькі таму, што ў нас з табою здарылася так, што ты не кахаеш мяне. Ёсць іншыя прычыны, якія жылі даўно, а сёння авалодалі мною.Я не буду казаць табе аб сваім болю. Ты была маім шчасцем, я даводзіў гэта словам і справай і ведаю – ты не скажаш, што гэта простая балбатня.Не ведаю, чаму ўсё так скончылася. Ведаю толькі, я кахаю цябе да канца, як кажуць: ты на той свет, і я ўслед. Ты называла мяне “лёгкім чалавекам”. I ты не ведала, што ніхто не стаў бы шукаць новую зорку пасля цябе. А я тым больш, бо я ведаю сваю кроў. Мы вельмі стрЬыманыя і вельмі верныя людзі.Ты неяк была ў непаразуменні, што я не ўмею і не люблю казаць “аб сабе”. Ну што ж, каб усё было ясна – давядзецца сказаць пару слоў. Апошніх. Усе вы – і ты таксама – бачылі, як я спяваў, як цягаўся па вуліцах, і ніхто не думаў, што я, якога “нельга ўспрымаць сур’ёзна” (твае словы Ганне), – чалавек цяжкага лёсу, чалавек, што нясе нікому не патрэбны цяжар, які трэба было б трымаць многім-многім. Супраць гэтага не папрэш, і ў сэрцы маім няма ні нянавісці, ні ярасці. Толькі стома, якая ўсё расце.Нічога гэтага не было б, калі б ты была поруч. Не было б чалавека, мацнейшага за мяне. Але зараз позна казаць пра гэта, дый апошняе, што засталося – годнасць, – не дазваляе.Бывай. Хай лёс збірае каменні з тваіх шляхоў. Абы толькі табе было светла. Апошні раз цалую на развітанне твае рукі і вочы, любы мой снягір. Той, якога мне якраз і не хапіла”.Перачытаў. Што ж, класічны ліст самазабойцы. Праўда, няясна, што чалавек збіраецца рабіць з сабою, але гэтага і не трэба. Не да сантыментаў. Падумаеш, лірычная сліна, “юнкер Шмидт из пистолета хочет застрелиться”....Лісты трэба пакласці на стол. Чорт, а гэта што за ліст? Ага, пэўна, калі спаў, нехта прынёс яго ў пакой. Ні ён, Андрэй, ні Яніс ніколі не замыкаюць дзвярэй.Андрэй разарваў канверт. Ліст быў ад Якуба Каптура, з Мінска. Надзвычай добры чалавек гэты дзядзька Каптур, і надзвычай добры пісьменнік. У апошні свой прыезд ён, Андрэй, быў у яго дома. Ладна выпілі, учынілі “вечар забытага раманса”. Спявалі такія песні, якіх, пэўна, не помніць ніхто: і беларускія, і рускія, і польскія. Гэта быў добры вечар. Андрэй тады на падпітку абмовіўся Якубу аб сваёй “трагедыі”. “Стары” страшэнна ўсхваляваўся, хоць і хаваў узрушанасць за вечнай сваёй іроніяй. Шкада “старога”. Добры чалавек!